Выбрать главу

- Хай мама апамятаецца! Хай мама авантур на дзядзінцы не робіць! Я ўжо пра ўсё здагадалася і кажу вам, што крыўдзіць Карольцю не дазволю! Досыць яе ўжо той пракляты баламут пакрыўдзіў. І мяне гэта кампраметуе... і я, можа, праз гэта замуж не выйду, аднак жа не злую на яе, бо мне яе шкада...

І, расплакаўшыся, схілілася да сястры, абняла яе за плечы і, падняўшы з зямлі, ледзьве жывую павяла да ганка.

- Але ж і дурная ты! - шаптала Рузя, падтрымліваючы яе і цалуючы ў лоб. - Ну і дурная! Каб так цалкам паверыць...

- Рузя! - шапнула Карольця. - Ён мой ідэал... анёл...

- Хай яго д'яблы возьмуць! - буркнула сястра і, прыспешваючы крок, дадала, - уцячом ад мамы... дзверы нашага пакоя замкнём на ключ, каб яна не ўвайшла, і раскажаш мне ўсё...

Залітыя слязамі шчырага спачування, яе вочы засвяціліся цікаўнасцю. Мадзя ж тым часам бегала па фальварку, заглядаючы ў аборы і пуні, і да ўсіх, каго сустракала, крычала:

- Дзе гаспадар? Дзе пан?

У сваім узрушэнні яна зусім забылася, што муж паехаў на сесію аканомаў і павінен вярнуцца толькі вечарам. Парабкі і іхнія жонкі паціскалі плячыма, перашэптваючыся між сабой, што Бахрэвічыха, відаць, зусім ужо з глузду з'ехала. І сапраўды, у вялікім сваім болі, змяшаным з яшчэ большым гневам, мела яна выгляд вар'яткі. Уляцеўшы ў хату, яна невядома што ўчыніла б з Карольцяй, але Рузя замкнулася з сястрой на ключ, і цэлыя дзве гадзіны вяла з маці праз замкнёныя дзверы парламенцкія перамовы. Перамовы гэтыя былі зусім непадобныя да тых, што адбываюцца ў законатворчых арганізацыях розных эўрапейскіх краін. Словы, жэсты і гукі былі там цалкам іншыя: і вынікам Рузінага бясстрашша сталася тое, што праз дзве гадзіны Мадзя перастала калаціць у дзверы, лаяцца і крычаць, а асунуўшыся на зямлю пад парогам, пачала прасіць Рузю, каб паказала ёй Карольцю хоць на хвілінку.

- Можа, яна ўжо нежывая... - галасіла. - Езус Хрыстус, можа, той мярзотнік ужо зусім яе забіў...

- Карольця ледзь жывая! - закрычала ў адказ Рузя. - І калі мама будзе яе мучыць, дык і праўда памрэ...

- Рузя, Рузечка! Пусці ты мяне да яе! Яна нічога з раніцы не ела... Ой, бедная мая, бедная! Трэба ёй трошкі пантаку даць! Адчыніце дзверы, бо як не адчыніце, то, Езус Хрыстус, парабкаў паклічу і скажу, каб узламалі... Што гэта такое, ці ж ты мне забароніш уласнае дзіця ўбачыць і суцешыць?

Цяпер ужо Рузя ведала, што дзверы можна было спакойна адчыніць. Пасля бязмежнага гневу настала, як заўсёды, бязмежная чуласць. Праз адчыненыя дзверы Бахрэвічыха ўбегла ў пакой дачок і абхапіла сваімі дужымі рукамі Карольцю, якая хацела асунуцца перад ёй на калені. Дзяўчына і праўда была ў такім стане, які выклікаў толькі спачуванне. Бахрэвічыха, плачучы і сапучы, з енкам узняла яе з зямлі, прыціснула да сваіх грудзей і пачала пакрываць пацалункамі твар і валасы.

- Бедная ты мая, нешчаслівая, загубленая! Ці ж на тое я цябе ледзь не ў птушыным малаку купала, ці на тое я табе такую адукацыю дала...

У гэты час на дзядзінцы загрукаталі колы.

- Бацька! - закрычала Рузя.

- Пантаку ёй дай! - сказала Бахрэвічыха Рузі. - І пільнуй, каб ніводзін волас з яе галавы не ўпаў, бо, калі, барані Божа, што, то цябе так адлупцую...

У гасцёўню яна ўбегла ў тую хвіліну, калі Бахрэвіч пераступіў яе парог з процілеглага боку. Уваходзіў з салодкай усмешкай на пульхных вуснах. Меў для Мадзі добрую навіну: атрымаў ад радцы абяцанне большай, чым звычайна, аплаты, але ледзь толькі зірнуў на жонку, перапалохаўся і затрымаў свой крок каля парога. Доўга мусіў услухоўвацца ў бурлівую гамонку кабеты, якая сыпала толькі выклічнікамі, галасіла, сапла, абзывала яго балванам, сляпым недалэнгам, глухім і дурным і, перш за ўсё, благім, нядбалым, нягодным бацькам. Доўга ён павінен быў услухоўвацца ў гэтую гаворку, пакуль зразумеў, што сталася. Калі ж зразумеў, закрычаў, схапіўся за галаву, і, узняўшы ўгору круглы паліраваны кій, з якім звычайна ездзіў і хадзіў, а зараз трымаў у руках, кінуўся да пакоя дачок. Але жонка загарадзіла сабой туды дарогу...

- І не думай! - крыкнула. - Я аблаяла яе і хацела набіць, толькі мне Рузя перашкодзіла... а ты і не думай! Я ёй даравала і злітавалася, што сэрца мне амаль не трэснула... і ты скандалу вырабляць не смей, бо калі зробіш, то я табе таксама зраблю, і такі што... О Езус Хрыстус! Загадай запрэгчы коней і неадкладна выбірайся ў Ангрод... Неадкладна! Да таго нягодніка... Як запрагуць, прыйдзі да мяне перагаварыць... Распараджэнні табе дам, што і як маеш там рабіць... Можа, апамятаецца...

Бахрэвіч далонню стукнуў сабе па лбе.

- Ты, Мадзя... заўсёды маеш розум за нас дваіх! - сказаў. - Бягу, бягу... коней запрагаць! Коней запрагаць!

З гэтымі выкрыкамі ён выбег на дзядзінец і кінуўся ў бок стайні, часам толькі прыпыняючыся на хвіліну, каб, сціскаючыся ад гневу, прамармытаць:

- О! Які лотр, нягоднік, вісельнік!.. Абдурыць дзяўчыну, загубіць яе, а потым не жаніцца... «Не магу з табой ажаніцца», - піша. Пачакай, пакажу я табе, што гэта значыць загубіць дзяўчыну, а потым не ажаніцца з ёю... лотр, нягоднік, вісельнік...

І, бегучы да стайні, грозна размахваў у паветры сваім кіем.

А ў гэты час у доме Мікалая Юрка, цалкам ўжо суцешаны пасля перажытых непрыемнасцяў, весела спажываў радасці вясковага жыцця. Быў ён яшчэ дзіцем, нягледзячы на тую навуку, якую атрымліваў у Капроўскага і якая прыспешвала ягонае даспяванне. Плечы і шчокі балець яму не перасталі, але ён на гэта не зважаў. Зняўшы боты, узлез на гнядую кабылку, якую старэйшы брат толькі што выпраг з плуга, і гайсаў на ёй па дарозе на вялікую пацеху Ўллянцы, якая стаяла тут перад хатай і, адкрыўшы рот, цешылася коннымі практыкаваннямі малодшага брата. Старэйшы ж малаціў у аборы жыта на насенне. Хутка з поля, з боку ледзь бачнага ля лесу фальварка Дзельскіх, пачуўся вясёлы і гучны свіст, а неўзабаве паказалася высокая і тонкая постаць Мікалая, што паблісквала здалёк на сонцы меднымі гузікамі шыняля. Скараючы сабе шлях ад двара Дзельскіх да сваёй хаты, ішоў ён межамі і на ўвесь шырокі прастор насвістваў разгульную салдацкую песню. Радасцю і трыумфам свяціўся ягоны доўгі бледны твар. Набліжаючыся да хаты, заўважыў старэйшага сына, што з цэпам у руках стаяў у дзвярах аборы, Уллянку, што карміла свінню, і Юрку, які вёў за аброць да стайні гнядую кабылку, за якой з падскокам і гучным ржаннем бегла жарабятка.

- Эй, эй! Рабяты! - паклікаў. - Эй, эй, мае вы сіроты! Спачатку Богу, а потым мне, вашаму бацьку, пакланіцеся да зямлі! Не хамы мы ўжо цяпер, а паны, паны сабе на ўсю губу!

Шырокі жэстам намаляваў у паветры паўкруг.

- Гэй, га! - крыкнуў. - Поле наша... і тыя будынкі пад лесам нашы... і частка выгану за будынкамі наша... Гэй, га!..

Нагой аб нагу прыстукнуў, рукі ў бокі ўзяў і з выразам неапісанай любасці на твары аглядаў поле - далёка-далёка, ажно да цёмнай стужкі лесу. Дзеці цудоўна зразумелі значэнне ягоных слоў. Закончыў торг з Дзельскімі, набыў ад іх не толькі гэты ўрадлівы клін зямлі, але яшчэ і фальварковыя будынкі, што стаялі ля самага лесу, і добры кавалак выдатнай пашы. З распрамененымі тварамі падыходзілі да яго дзеці і з вялікай пашанай цалавалі ў руку. Юрка аддаў яму ліст ад Капроўскага, які ён, як звычайна, уздзеўшы на нос вялікія акуляры, доўга чытаў пры акне. Праз паўгадзіны яго зноў ужо не было ў хаце. Энергія былога салдата стомы не ведала. Напачатку пайшоў у Грынькі, дзе доўга размаўляў з Ясюковым дзядзькам Паўлюком, потым напаткаў Ясюка, што вёз з поля фуру гароху, і, затрымаўшы яго на дарозе, успёршыся на воз, нешта шаптаў парабку так ціха, каб іншыя парабкі, што пад'язджалі таксама з фурамі гароху, нічога не маглі пачуць. Урэшце падаўся туды, дзе жанчыны, сярод якіх была і Хрысціна, рвалі буракі. Там затрымаўся даўжэй і вярнуўся дадому амаль на заходзе сонца. З'еўшы вячэру, Мікалай сеў на парозе хаты і прылажыў да вуснай сваю трубу. Працяжныя і сумныя, а часам абрывістыя і кароткія гукі ягонай трубы доўга ў той вечар парушалі цішыню сонных палёў...