Выбрать главу

- Ёсць хто-небудзь?

- Ай, ай! Поўна! - ускрыкнуў Юрка, прыемна здзіўлены лагоднасцю свайго гаспадара.

- І хто там ёсць?

- Янкель прывёў нейкага шляхціца з паперамі.

Капроўскі ўсміхнуўся. Ужо калі Янкель каго прывёў, то тым чалавекам нельга гардзіць.

- Паўлюк Гарбар з Грынек і тая баба з Вулькі, Хрысціна, ці як яе там, даўно ўжо прыйшлі і чакаюць...

І гэта добра, нават выдатна, што гэтыя сяляне прыйшлі самі. Гэта азначала, што сёння яны хочуць абысціся без пасрэдніцтва Мікалая, і тое, што прынесеныя грошы ўручаць яму непасрэдна. Значыць, не трэба будзе палову аддаваць салдату. Го, го! Салдат разумны, але хамы гэтым разам яго абдурылі. Самі грошы прынеслі!.. Толькі адна бяда: ён зусім забыўся, што гэта за баба з Вулькі і які мог быць інтарэс, за які прысылала і прыносіла яму грошы. Тут Юрка, адскочыўшы на некалькі крокаў ад ложка, крыху памаўчаўшы, з нейкай мешанінай трывогі і фамільярнасці прамовіў:

- Той... проша пана, прыйшоў... з Лясной - Бахрэвіч!

- Даскакаўся!

Шчокі і рукі пачалі ў яго дрыжаць.

Пачаў апранацца, але рабіў гэта вельмі павольна, пагружаны ў глыбокі роздум. І дзіўна! Апранаўся так старанна і з такім густам, як быццам меўся выбрацца на нейкі баль. Толькі фрак з белымі пальчаткамі не апрануў, але затое доўга грэбаўся ў стосах свайго адзення: выбраў найлепшую бялізну, самую новую тужурку, найлепшай парфумай абліў кашулю спераду, а манжэты зашпіліў шклянымі запінкамі з падробленымі рубінамі.

- Ці прыбраў залю? - спытаўся ў Юркі.

- Заля - як шкло! - адказаў хлопец. - Старая Юстына ўсё ўчора вычысціла і вымыла...

Гэта была жонка вартаўніка, якая падчас адсутнасці Юркі апекавалася жыллём кватаранта, і якраз учора, калі ні слугі і ні гаспадара не было дома, некалькі гадзінаў мыла і прыбірала гэтае жыллё. У чыстую і прыбраную гасцёўню, што мела тут назву залы, Бахрэвіч увайшоў шпарка і размашыста, як чалавек, які ледзьве стрымліваў свой гнеў. Праз пару крокаў ад парога спыніўся і пільней, чым звычайна, пачаў узірацца ў агульны выгляд залы. Нічога прыгажэйшага ў сваім жыцці ён не бачыў. Салон кіраўніка краснасельскага маёнтка і ягоная гасцёўня былі вельмі прыгожымі, але ці ж параўнаеш іх з гэтай залай адваката! Фі! Люстэрка ў пазалочанай раме, такі вялікі дыван, такія прыгожыя карціны на сценах, а на стале столькі пазалочаных цацак! Фі! Падлога блішчыць, паліраваная, ці што? А горы кніжак! Якім чынам гэты чалавек мог прачытаць усе гэтыя кнігі? А спісаных папер цэлыя стосы! Пэўне, гэта самыя важныя дакументы! Як жа людзі, аднак, высока яго цэняць, калі столькі папераў даверылі яму! Фі! От спрытная бестыя, вісельнік!..

Пашана і абурэнне, нясмеласць і шкадаванне ўтваралі ў душы Бахрэвіча заблытаны хаос пачуццяў і думак. Спачатку меў жаданне шырокімі крокамі прайсці залу і сваім кіем пальнуць з усяе сілы ў замкнутыя дзверы спальні, але, затрымаўшыся на момант, павольна і асцярожна ўсеўся на беражок канапкі, што стаяла ля сцяны. Цацка гэта была, а не канапка! Мадзя разам з іншымі рэчамі прынесла ў ягоны дом і канапу, якая і дагэтуль стаяла ў іхняй гасцёўні, заваленая падушкамі, вырабленымі «а ля ракака». Але што за параўнанне! Была гэта ляжанка, вялікая, шырокая і цвёрдая. На гэтай жа, маленькай і мяккай, ён ледзьве асмеліўся прысесці. Яму здавалася, што можа зламацца пад цяжарам яго добра развітых касцей і мускулаў. Не здагадваўся зусім пра тое, што гэтая цацка ўжо мела зламаныя ўнутры спружыны, а адну з адсутных ножак замяняла ёй падпёртае да сцяны палена. Думкі ў галаве ягонай блыталіся, мяшаліся выразы і сказы:

«Пан сабе на ўсю моц... зладзюга! Разумнік... галган! Выдатная партыя... вісельнік! Ну, скажу ўжо яму, ажно мароз у яго па скуры пойдзе! Як жа гэта з такім панічом і разумнікам сварку распачынаць! Мадзя б сумела... ого! Чаму ж Мадзя сама на гэтую экзекуцыю не прыехала... яна ж то... ага!»

Тут дзверы спальні адчыніліся: прыбраны, напарфумаваны Капроўскі, бліскаючы каштоўнасцямі, з самай сардэчнай усмешкай на адутлаватым, нервовым твары, увесь пахілены наперад ад вялікай ветлівасці, пачаў вітаць свайго неспадзяванага госця. З элегантнасцю падбег да госця і схапіў у свае малыя белыя рукі яго чырвоныя і мясістыя далоні, патрос імі пару разоў і, падсоўваючы крэсла на колах да канапы, загаварыў:

- Не спадзяваўся ўбачыць пана дабрадзея ў сваім доме... пэўне, за нейкім інтарэсікам у наш гарадок... А можа быць, я чым-небудзь магу паслужыць, у чым дапамагчы... Чакалі, відаць, пакуль я прачнуся... Сто разоў перапрашаю... От ужо гэтая гасціннасць вясковая і гарадская... Спадарства дабрадзейства таксама мяне там у Лясной частавалі, а я... як на тое акурат сёння, больш чым калі, заспаўся... Ды гэта не без прычыны! Кліент мой, Калінскі, спадар, пэўне, ведае яго, бо з вашых краёў, заняў мне ўчора ўвесь дзень сваім інтарэсам, які, зрэшты, я выйграў яму... Дык цэлую ноч вымушаны быў правесці за чытаннем актаў, што пераслаў мне кліент Зямбіцкі, сусед Калінскага... Вялікі інтарэс... справа ідзе амаль пра ўвесь маёнтак Зямбіцкага... Кліент мой, Калінскі, паехаў усцешаны, запрасіў мяне да сябе ўвосень на паляванне. «Прадстаўлю спадара сваім дачушкам, казаў, таксама суседзям, якія ўсе з гэтага часу будуць старацца атрымаць ад спадара параду і дапамогу...»

Нешта падобнае Капроўскі плёў доўга, хутка і не спыняючыся, з усмешкамі, што паказвалі час ад часу з-пад завялых вуснаў пачарнелыя зубы, з мігатлівым бляскам блакітных шкельцаў акуляраў і залатых пярсцёнкаў, з нядбалай элегантнасцю пакалыхваючыся ў крэсле. Бахрэвіч сядзеў на беражку канапы як скамянелы, выпрамлены, усё больш і больш чырванеючы, нерухомым позіркам утаропіўшыся ў гасціннага, элегантнага і красамоўнага гаспадара. Колькі разоў румянец узлятаў з яго загарэлых шчок ажно да белага лба, а нерухомыя зрэнкі загараліся злосцю і нецярплівасцю. Але таксама колькі разоў яго пульхныя вусны складваліся ў чырвоны бутончык і міжволі, пэўне, выдавалі свісцячы гук: «Фі!»

«Ягоны кліент Калінскі чалавек з дастаткам... Фі! Запрасіў яго на паляванне і будзе прадстаўляць дачушкам! Ягоны кліент Зямбіцкі яшчэ багацейшы за Калінскага... на Дзельскай жанаты... Фі! З якімі людзьмі бестыя водзіцца! Вісельнік! Разумнік! Фі!»

Раптам унутры яму нешта кальнула: «Дам я яму дачушак Калінскага... а маё дзіцятка, то што?» Як чым ашпараны, падскочыў і, перапыняючы няспынную гутарку гаспадара, загаварыў:

- Але ж я да спадара з прэтэнзіяй... з вялікай прэтэнзіяй і жалем... Збаламуціў мне спадар дзяўчыну, а зараз кінуць яе хочаш... я гэтага не дазволю... я бацька... Я прыехаў нагадаць пра крыўду, нанесеную маёй сям'і... Я спадара змушу... каб спадар...