Выбрать главу

Не мог больш гаварыць. У горле здушыла, сэрца зайшлося болем, што выліўся слязамі, якія зрасілі ягоныя вочы і пацяклі па шчоках. Каролька, як зачараваная, усё стаяла яму перад вачыма, тут ля гэтага праклятага вісельніка, які вось зараз устаў з крэсла, павольна сабе і з усмешкай, як бы нічога ніякага...

- Але ж, ласкавы спадару, - пачаў, - чаго ж спадарства ад мяне хоча?..

Чаго яны ад яго хацелі? Такая спрытная бестыя, а дадумацца не можа!

- Тысячу д'яблаў! - крыкнуў Бахрэвіч. - Чаго мы ад спадара хочам! Натуральна, што таго, каб спадар узяў шлюб з дзяўчынай, якую збаламуціў і загубіў, як апошні...

Тут ён устрымаўся. Бо меў на языку: як апошні лотр і вісельнік! Але не мог гэтага сказаць, нізашто не мог! Каб Мадзя была на ягоным месцы, ого! Але як ён такому чалавеку... мог такія рэчы... Будзь, што будзе, быў гэта, аднак, такі, такі чалавек...

- Спакайней, мой ласкавы спадару, спакайней... - адсоўваючыся да сцяны і незаўважна загароджваючыся крэслам, пачаў гаспадар, - такі чалавек, як я, не можа так сабе, як з пісталета выстраліць... ажаніцца... Спадарыняй Каралінай захапляўся і сапраўды... трошкі, можа, і задужа... не пярэчу... але ажаніцца зараз не магу... з часам, калі-небудзь... не скажу... можа, і да таго прыйдзе...

У Бахрэвіча з твару ледзь кроў не пырснула. З грудзей ягоных вырваўся нейкі рык, у якім злосць мяшалася з плачам.

- Езус Хрыстус укрыжаваны! Калі-небудзь! Можа! Але ж і цудоўная гэта абяцанка! А што тымчасам будзе з маім дзіцяткам! Я хачу зараз... у гэты момант... да алтара... я спадару пакажу, што гэта значыць... я спадара прымушу...

Збялелы Капроўскі, прыпёршыся плячыма да сцяны, з усіх сіл трымаўся за ручкі крэсла і гатовы быў у кожную хвіліну ўзняць яго дзеля сваёй абароны. Аднак не горбіўся і захоўваў на вуснах напаўгасцінную, напаўіранічную ўсмешку.

- Мой ласкавы спадару... - пачаў казаць, - такога чалавека, як я, цяжка да чаго-небудзь прымусіць... Маю розум, становішча, сувязі... Ад усялякіх бед абараніцца патраплю.

Бахрэвіч раптоўна змоўк, і хвіліну рот яго заставаўся адкрытым. Праўду сказаў шэльма! Хто яго да чаго-небудзь можа прымусіць! Розум, сувязі, становішча... Што ж у параўнанні з ім нейкі бедны вясковы чыноўнік можа значыць?..

Як быццам вычытаўшы гэтую думку пад бледным лбом свайго праціўніка, Капроўскі ўзняў галаву, і задзёрты нос яго набраў выраз уласцівай яму самаўпэўненасці.

- Хай спадар падумае... ці можа быць, каб такі чалавек, як я, так адразу... у гэты ж момант... без роздуму... для нейкай аканомавай дачкі завязаў сабе свет...

О! Ці не палічыў ён патрэбным выказаць гэтыя словы дзеля апошняга прыніжэння свайго супраціўніка, на доказ сваёй вышэйшасці, якой, як пяском, засыпаў яму вочы?

Бахрэвіч страшна засоп, енкнуў, сарваўся з месца і з нейкім здушаным пракляццем, з вачыма, налітымі крывёй, ускінуў угору свой паліраваны кій. Яшчэ секунда, і няроўная барацьба, што выбухнула б у зале, водгаласам сваім прыцягнула б увагу людзей, што былі ў вітальні. Але ў гэтае імгненне з Бахрэвічам зрабілася нешта дзіўнае... «Для нейкай аканомавай дачкі свет сабе завязваць»! Чарадзейнымі былі гэтыя словы, якія напачатку абудзілі ў ім шаленства, а потым як быццам аблілі яго вядром халоднай вады. Што гэта значыла?! Ён чуў гэтыя словы не першы раз у сваім жыцці... толькі з невялікай розніцай... «Вар'ятам бы быў, каб дзеля нейкай сялянкі свет сабе завязаў!»

- Ох!

Ён голасна застагнаў і схаваў у сваіх чырвоных мясістых далонях перакошаны твар. Перад ягонымі вачыма, якія моцна прыціснуў сваімі тоўстымі пальцамі, побач з тварам маладзенькай, маркотнай Каролькі ўзнік іншы твар, зусім іншы, састарэлы, спакутаваны, пакорлівы... Толькі што, толькі што акурат гэты твар прамільгнуў перад яго вачыма... Прамільгнуў, і ён не затрымаў на ім позірку ані на хвіліну. Цяпер стаяла перад ім, як жывая: убіўшы ў яго чорныя, агністыя, стомленыя вочы, і выразна, выразна шэпчучы: «Вар'ятам бы быў, каб дзеля нейкай сялянкі свет сабе завязаў!» Бахрэвіч быў набожным. Адной рукой засланяючы сабе вочы, другой, сціснутай у кулак, ударыў сабе ў грудзі.

- Божа Ўсемагутны! За мае грахі не карай майго дзіцяці!

Прамовіў гэтыя словы ўголас, з сардэчнаю скрухай чалавека, у душы якога прачнулася сумленне, са слязамі бацькоўскай трывогі, жалю, з тварам узбуджаным і перакошаным ад плачу. Гэты выкрык і стук моцнага кулака не ў менш моцныя грудзі суправаджаў сцішаны іранічны смяшок Капроўскага. Адным хуткім позіркам заўважыў ён прыгнечанасць свайго супраціўніка і нават часткова зразумеў яе прычыны: таму пакінуў сваё абарончае становішча паміж крэслам і сцяною, ступіў пару крокаў, узяў у свае малыя белыя далоні ўсё яшчэ сціснуты, чырвоны і цвёрды, як камень, кулак аканома. Бахрэвіч раскрыў рот, утупіў у зямлю вочы, знямеў і знерухомеў. Тады амаль па-сяброўску трасучы ягоным кулаком, прыяцельскім, ліслівым і трошкі з прысвістам галаском Капроўскі пачаў казаць:

- А што гэта за грашкі, каханы спадар Бахрэвіч, якія гэта там грашкі ўспамінаюцца спадару, што так сябе ў грудзі б'еш і Ўсемагутнага Бога на дапамогу заклікаеш? Ха, ха, ха! Можа, і я што ведаю пра тыя твае грашкі маладосці... ха, ха, ха! Шыла ў мяшку не схаваеш! Зараз успомнілася мне нейкая сялянка, якая мне адзін інтарэс пра свайго сыночка даверыла... а салдат Мікалай мне пра яе ўсё расказаў... Ха, ха, ха! Усе ў адзін бок грашым... каханы спадару, усе... На тым свет трымаецца і няма чаго так моцна біць сябе ў грудзі...

Ці слухаў Бахрэвіч тое, што ён казаў? Цяжка было зразумець. Усё стаяў як адурэлы і нямы, з раскрытым ротам, са скрыўленым тварам, з позіркам, убітым у зямлю.

- Сялянка... - шапнуў ён.

Капроўскі выпусціў са сваіх далоняў ягоныя рукі і схаваў абедзве свае рукі ў кішэні.

- Спадару, каханы, - сказаў ён лагодна, - я спадарства прыніжаць не хачу... вельмі спадарства шаную... і мая сяброўская прыхільнасць да вас... мая павага... Панна Караліна цудоўная дзяўчына і надзвычай мне падабалася... Але бачыць спадар... хай спадар толькі задумаецца... без гневу... хай спадар падумае... калі спадар лічыў для сябе немажлівым ажаніцца з сялянкай, то, можа, і я... зважайце, пане-дабрадзею... у такой самай сітуацыі ў адносінах да дачкі спадара аканома.

Што ж яму запярэчыш! Меў слушнасць! Вучоны чалавек, напамяць усе артыкулы закону як рэпу грызе, элегантны кавалер на шляху да фартуны, які пра такіх людзей, як Калінскі і Зямбіцкі мог казаць: «мае кліенты», меў права прэтэндаваць на выдатную партыю, так, на выдатную партыю... Ці ж ён сам не ўзяў Мадзю дзеля таго, што з пэўных пунктаў гледжання была яна для яго выдатнай партыяй!.. Так, ні слова гэтаму не запярэчыш! Меў слушнасць! Але ж зноў так усё скончыцца не можа... Бахрэвіч узняў галаву і, некалькі разоў спрабуючы нешта сказаць, не мог вымавіць ні слова. Праз усё сваё жыццё меў дачыненні з парабкамі, сялянамі і дробнымі чыноўнікамі і ніколі голасу перад імі не траціў. Але з гэтым вось... ніякай ужо рады даць не можа.

- Ведаеце што, спадар? - здушаным голасам сказаў урэшце, - усё гэта брыдота... І я нягоднік, і пан нягоднік, але Мадзя гэта ўжо зусім нешта іншае...

Гаварыць пачынаў з плачам, а скончыў са злосцю і нейкім гонарам:

- Мадзя сюды прыедзе! - і пакруціў кіем у паветры. - Ого! Пачакай! Гэта ўжо зусім іншае!..

Выбег з залы ў вітальню, дзе ягоны выгляд выклікаў вялікае ажыўленне. Кожны з наведнікаў чакаў і спадзяваўся, што пасля аканома прыходзіць акурат ягоная чарга размовы з адвакатам. Але Гарбар, які сядзеў бліжэй за ўсіх да дзвярэй, падскочыў з крэселка, локцямі адпіхнуў жыдоў і шляхціца, улез у дзверы сам і за рукаў сярмягі ўцягнуў за сабой Хрысціну. Юрка са стукам зачыніў за імі дзверы.

Сяляне ў залу ўваходзілі як у касцёл: павольна, асцярожнымі крокамі, з прыгнутымі плячамі і пахіленымі галовамі. Нават Гарбар, што як грыньскі вясковы дэлегат быў тут ужо некалькі разоў, і быў заможнейшы і смялейшы за іншых, стаў як укапаны ля самага парога, сагнуўшыся, з апушчанымі вачыма і шапкай у руках. Затое Хрысціна гэтым разам паказала неспадзяваную смеласць. Не адна толькі думка пра грашовыя страты ці карысць прывяла яе сюды. У сэрцы яе плакала і віравала нешта такое, што зрабіла яе невідушчай на прыгоствы, падобных якім не бачыла ў сваім жыцці ніколі раней. Ужо ад самага парога ўпілася вачыма ў невысокага чалавечка, што стаяў ля стала, хутка і цяжка, грукаючы абуткам, перайшла пакой, проста перад ім упала на зямлю і абняла рукамі ягоныя калені. Капроўскі крыху адхінуўся і, вырываючы ад яе рукі, якія яна пачала цалаваць, нецярплівым голасам буркнуў: