Выбрать главу

Поспех аповесці ў чытача быў абумоўлены гуманістычнай ідэяй — паказаць непаўторную вартасць чалавечай асобы, сцвердзіць героем жыцця простага чалавека з народа, выявіць яго гуманістычную сутнасць — розум, працавітасць, сумленнасць, высокае пачуццё чалавечай годнасці.

Гарачыя сімпатыі пісьменніцы да простага народу вызначылі выбар героя Э.Ажэшкі. Павел Кабыцкі — нёманскі рыбак, надзвычай моцная і духоўна цэласная натура, улюбёны ў водны прастор і свабоду. Талстоўскія пошукі ідэі ўдасканалення чалавека і свету пакінулі моцны адбітак на аповесці пісьменніцы. Аднак не толькі імкненне ідэалізаваць героя, вызваліць яго ад «улады зямлі», а значыць, і ад сацыяльных канфліктаў, прымусіла вырваць Паўла са сферы сацыяльнай. Як і дзесяткі тысяч беларускіх сялян, ён застаўся без зямлі пасля зямельнай рэформы. Яго ўладанні — хата і човен з сеткамі, а знітаванасць з прыродай апраўдана і псіхалагічна, і сацыяльна: «Неба — мая хата, а рака — жонка». Тут ён захаваў высокія этычныя прынцыпы, застаўся філосафам-самавучкай, каб думаць аб «пакутах свету»...

Яго суправаджаюць жыццёвыя няўдачы — жаніцьба з гарадской пакаёўкай, якая праз нейкі час кідае «хама» і пераходзіць да лёкая. Аднак галеча прымушае зноў вярнуцца да Паўла, затым жанчына спакушае сваяка, робіць спробу атруціць мужа, калі ж ён усё даруе, узрушаная яго звышчалавечай дабрынёй і ўласнай злачыннасцю, ідзе на самагубства.

Што гэта, дэтэктыўная займальнасць? Пісьменніца ніколі не была прыхільніцай таннай белетрыстыкі, хоць у мастацкім адборы жыццёвых з'яў у аповесці — не распаўсюджанасць факта, а незвычайнасць, часам нават выключнасць. Такі спосаб тыпізацыі ў шэрагу выпадкаў прыводзіць яе як мастака да рамантычнай трактоўкі, пэўнай ідэалізацыі ў паказе героя. «Драмай незвычайнай сілы» назвала аповесць «Хам» Марыя Канапніцкая, бо якраз тут адбываецца выпрабаванне на чалавечнасць. Прататып Франкі давялося паэтцы пабачыць у рэальных, хоць і выключных умовах (у акне вар'яцкага дома).

Не толькі пачуццё кахання кіруе Паўлам, калі ён звязвае свой лёс з Франкай, якую лёкайства ў паноў, прастытуцыя пазбавілі асноў чалавечай маралі. Ён спадзяецца выратаваць чалавека, вывесці на дарогу сумленнага жыцця. У цэльнай натуры Паўла ёсць тое, што дазваляе яму стаць носьбітам супраціўлення злу, маецца сваё ўласнае разуменне таго, што свет трэба будаваць на высокім маральным грунце. «Калі чалавеку на гэтым свеце кепска, то і сам ён кепскі, а калі добра, то і ён добры», — кажа Павел. Цягай народа да ведаў, да асветы прасякнуты вобраз рыбака, яго прыгнятае непісьменнасць, ён просіць Франку паказаць яму літары па малітоўніку.

Аптымістычным эпілогам, скіраваным у будучыню, заканчваецца аповесць. Прайшлі гады, Франкі даўно няма. Яе сына выхоўвае Павел: зімовымі вечарамі, калі за акном вые завіруха, ён вучыць хлопчыка грамаце — па малітоўніку і буквары, іншых кніжак у вёсцы не было. Улетку «яшчэ і цяпер можна бачыць таго наднёманскага рыбака, як ён плыве па срэбнай рацэ ранкам насустрач ружоваму світанню... З ім часта едзе дзіця, хлопчык гадоў дзесяці, з доўгімі льнянымі валасамі і вялікімі чорнымі вачыма... Адразу відаць, што паміж імі пануе поўная згода, што ім разам добра».

У маральна здаровым асяроддзі фармуецца сын Франкі, яго маленства пазбаўлена ўсяго разбэшчанага, што калечыць чалавечую асобу. Для пісьменніцы важна было знайсці ў сваім героі сапраўды чалавечае, прыгожае, што яднае яго з лёсам народа. У гэтай пастаяннай сувязі асобы і народа — характэрная рыса эпічнай манеры пісьменніцы.

Да аповесцяў беларускай нізкі тэматычна далучаюцца апавяданні «Раманіха», «На следстве», «Рэха». Дзецям, пазбаўленым маленства ў прыгоннай вёсцы, прысвечана адно з лепшых і журботных апавяданняў «Тадэвуш» (1884). Вялікай папулярнасцю карысталася апавяданне «Зімовым вечарам» (1887), перастворанае па-беларуску В.Ластоўскім. Як драматычны твор пад назвай «Рысь», яно з поспехам ставілася ў вандроўным тэатры І.Буйніцкага. Апавяданне нібы працягвала тэму аповесцяў. Яго нескладаны сюжэт: на вясковай вечарыне з'яўляецца ўцякач з катаргі Бонк. Сялянскага сына, народжанага для подзвігу і дабра, грамадства штурхнула на дно жыцця.

Э.Ажэшка сур'ёзна займалася вывучэннем фальклору і этнаграфіі беларусаў. У польскім навукова-этнаграфічным часопісе «Вісла» (рэдактар Ян Карловіч) яна апублікавала паэтычныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» (1888-1892), у якіх глыбока даследавала народны светапогляд, нацыянальны характар і культуру беларусаў.

Нарысы надзвычай багатыя зместам: гэта і псіхалагічны партрэт беларуса, і запісы песень, прымавак, казак і імкненне паказаць, як беларусы стварылі своеасаблівы прававы і этычны кодэкс, сваю філасофію дабра і зла, як узніклі іх язычніцкія ўяўленні пра сілы прыроды. Бясспрэчнымі доказамі розуму і пачуцця прыгожага ў беларусаў служаць лірычная народная песня, балада, паэтычныя назвы раслін, народная медыцына. Пісьменніца палемізавала з афіцыйнай думкай, згодна з якой беларуса выстаўлялі страшэнна абмежаванай істотай: «Гэтай думцы без сумнення супярэчыць таксама і веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той жа самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б свае назвы, а ўжо ў саміх гэтых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная жывапісна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна».

Падарожнічаючы па Гарадзеншчыне, Эліза Ажэшка сабрала 228 назваў раслін — лекавых і прысушлівых, вядомых і малараспаўсюджаных. Усім беларускім назвам траў яна дала лацінскія адпаведнікі пры дапамозе знаёмага батаніка. Наколькі пісьменніца была блізкая да жыцця народа і глыбока яго вывучала, сведчыць хоць бы той факт, што збірала яна свой гербарый пад кіраўніцтвам вясковых жанчын, у прыватнасці лекаркі Люці з Глядовіч. Дарэчы, назваў многіх раслін і траў не было нават у беларускім слоўніку І.Насовіча. Між тым яны шырока вядомыя ў народзе, за імі трывала замацаваліся назвы — загартушка, парушэнец і інш. Такім чынам, крыніцу развіцця і ўзбагачэння беларускай літаратурнай мовы Эліза Ажэшка бачыла ў жывой народнай мове.

Сэнс і значэнне нарысаў можна вызначыць словамі самой Э.Ажэшкі: «Мы павінны сумленна працаваць і, наколькі гэта магчыма, сумесна, каб праўдзіва паказаць і правільна ацаніць гэты асноўны грамадскі клас і гэтыя мільёны чалавечых істот, якія называюцца вясковым людам» («Wisla», t.IV, s.31).

У гарадзенскім доме пісьменніцы ўсё часцей з'яўляўся Францішак Багушэвіч — не проста як добры сябра, але перадусім як «паэт-юрыст» (так называла яго пасля смерці польская крытыка). Можна смела сцвярджаць, што пісьменніца адна з першых ацаніла грамадзянскі подзвіг і значнасць таленту Ф.Багушэвіча, была першым крытыкам і папулярызатарам яго вершаў сярод сялян, а таксама сярод шматлікіх сваіх добрых сяброў і знаёмых. «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч, — паведамляла яна Яну Карловічу, — і чытаў мне казку — доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б, усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку» (ліст ад 22 лютага 1888 года).

Творчыя сувязі Элізы Ажэшкі і Францішка Багушэвіча працягваліся і ў 90-я гады, калі беларускі паэт стаў шырока вядомы як аўтар вершаваных зборнікаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894). Ён разам з польскімі літаратарамі ўдзельнічаў у юбілейнай урачыстасці 9 лютага 1892 года з выпадку 25-годдзя літаратурнай дзейнасці пісьменніцы, якая была сарвана царскімі ўладамі ў Варшаве і шырока адзначалася ў Горадні. Іхняе сяброўства і творчая ўзаемадапамога з'явіліся неацэнным укладам у падмурак нашай культуры.

Пасля выхаду ў канцы 80-х гадоў рамана «Над Нёманам», які быў вяршыняй творчых дасягненняў Элізы Ажэшкі, і беларускіх нарысаў пісьменніца стварыла яшчэ шэраг твораў, залічаных крытыкамі да безумоўных літаратурных здабыткаў. Але не ўсё было раўназначнае ў яе творчай спадчыне. Пачынаючы з 90-х гадоў, калі на арэну гісторыі пачалі выходзіць новыя грамадскія сілы і ўзнікалі новыя літаратурныя плыні, у творчасці пісьменніцы працягвала адчувацца цікавасць да пытанняў духоўнага перараджэння чалавека, паэтызацыя вясковага жыцця і прыроды (раманы «Два полюсы», «Аўстральчык»). Новыя грамадскія падзеі не заўсёды выклікалі ў яе адгалосак, чытач больш прыслухоўваўся да голасу С.Жэромскага, У.Оркана, У.Рэйманта. Але ў гэтым моцным мужчынскім хоры быў чуваць і яе голас.