Безумоўную цікавасць для айчыннага чытача ўяўляе і эпісталярый Э.Ажэшкі. Трыста старонак мастацкай прозы (а менавіта так мы схільныя разглядаць лісты пісьменніцы) адрасаваны ў беларускае Флар'янова, наднёманскі маёнтак Тадэвуша Бохвіца. Гаспадар маёнтка, унук вядомага філосафа-мараліста Фларыяна Бохвіца, прыстойны і добра выхаваны, уяўляў з сябе летуценніка той пары, калі пад націскам капіталістычнай эканомікі затрашчалі «вішнёвыя сады». У летнія месяцы ён вымушаны быў засяліць флар'яноўскі двор дачнікамі з розных канцоў Беларусі і Польшчы. Не вельмі прыстасаваны да жыцця, пакінуў галоўнае кіраванне домам у руках жонкі, а сам «ахвотна ўцякаў да сваіх папер».
У Флар'янова завітала ўлетку 1908 года і Эліза Ажэшка, бо гэтая мясціна ў пэўнай меры адпавядала яе запатрабаванням. Сярод шматлікіх у гэтых месцах маёнткаў Флар'янова вылучалася высокім узроўнем духоўнай культуры, моцнымі традыцыямі асветніцтва, трываласцю нацыянальна-вызваленчых і патрыятычных ідэалаў. Не апошнюю ролю ў флар'яноўскай гаспадарцы адыгрываў вялізны маляўнічы сад у суседстве з рэчкай Ведзьмай і купальняй.
Так апошнія два гады жыцця пісьменніцы былі азораны сяброўствам з панам Тадэвушам. Яно было — як ачышчальная навальніца ў скрушлівым адзінокім жыцці стомленай і ўжо хворай Элізы Ажэшкі, якая штодня пісала да яго лісты. Ліставанне пачалося з першага дня іх сустрэчы і пазней склала цэлую кнігу. Прачытаўшы гэтую кнігу, Яраслаў Івашкевіч назваў яе «сенсацыйнай, незвычайнай», тым больш, што адрасат быў гадоў на дваццаць маладзейшы ад аўтаркі лістоў.
Яны з самага пачатку мелі спавядальны тон, набывалі характар дзённіка, сталі «гісторыяй душы». Лістоў пана Тадэвуша не захавалася, аднак не даводзіцца сумнявацца, што літаратурнае партнёрства было няроўным і двухгадовая перапіска патрабавала ад яго вялікіх намаганняў.
Важнай падзеяй для пані Элізы была паездка ў Ракаў да братоў Здзяхоўскіх. На адзін дзень яна затрымалася ў Менску, дзе яе цёпла віталі. Аднак самым моцным уражаннем ад паездкі застаўся ўсё ж Ракаў, які пісьменніца назвала «літоўскімі Афінамі».
З нецярплівасцю чакала Эліза Ажэшка другога флар'яноўскага лета. Дзякуючы ёй у беларускім маёнтку сабраліся славутасці — празаік, аўтар «Мужыкоў» і «Зямлі запаветнай» Уладзіслаў Рэймант, прафесар Варшаўскага універсітэта доктар Генрык Нусбаўм, тэатральны дзеяч і крытык Юзаф Катарбінскі, піяністка пані Асяцімская, будучы вядомы артыст Страхоцкі...
Неўзабаве ўсе запрошаныя знайшлі сабе занятак па душы, быў створаны «флар'яноўскі тэатрык», які амаль кожны вечар чакаў гледачоў. На адным з гэтых літаратурных спектакляў пані Эліза і Катарбінскі прачыталі «Псалом добрай волі» З.Красінскага ў суправаджэнні хору беларускай моладзі.
Цэнтрам усяго флар'яноўскага жыцця былі двое класікаў. Праца земляроба карысталася вялікай пашанай у творчасці Элізы Ажэшкі і Уладзіслава Рэйманта. Яны абодва лічылі, што чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль любіць зямлю, разумее і ўспрымае яе як карміцельку. Настроеныя на гэткі лад, усе госці флар'яноўскага дому былі запрошаны на свята дажынак...
Вяртанне ў Горадню стала для пісьменніцы трагічным. Цяжка перажыла яна расстанне з Флар'яновым, яе лісты прасякнуты горыччу, жалем, нават адчаем: «Цяпер адчуваю сябе слабой супраць тугі, болю і магу безнадзейна марнаваць дарагія дні, напэўна нямногія». Прадчуванне не падманула — 18 траўня 1910 года Э.Ажэшкі не стала.
Нечаканасцю для царскай цэнзуры быў выхад яе апошняй кнігі «Gloria victis» (1910). Перайначыўшы лацінскае выслоўе «Гора пераможаным» на «Слава пераможаным», яна стварыла дакументальны помнік рэальным героям нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага і польскага народаў.
У кнігу ўвайшло пяць навел: «Яны», «Афіцэр», «Гекуба», «Бог ведае хто» і «Gloria victis».
Першая навела «Яны» прысвечана рамантыцы подзвігу і барацьбе паўстанцаў — палескай эпапеі Р.Траўгута з дня сфармавання атрада да моманту яго разгрому ў Горацкіх лясах. Яна служыць экспазіцыяй да далейшага то велічна-ўрачыстага, то вельмі ўсхваляванага апавядання.
Літаратурную крытыку крыху бянтэжыла незвычайнасць, неадпаведнасць мастацкага жанру, калі ў навелістычную аснову раптам уключаюцца старонкі дзённіка або ўласны «паэтычны рэпартаж». У гэтым «разбурэнні» навелістычнага жанру выявілася мастацкая сіла, а не слабасць пісьменніцы. Захаваўшы набыткі, яна ўзбагаціла жанр наватарскімі знаходкамі, выкарыстаўшы прыклады аўтабіяграфічнай дакументалістыкі, дзе філасофія і падзеі эпохі прапушчаны праз сэрца аўтара.
Расейскаму царызму было мала тых здзекаў, што рабіліся Элізе Ажэшцы пры жыцці. Царызм пастараўся адпомсціць ёй нават пасля смерці. У снежні 1911 года ў Віленскай судовай палаце пачаўся суд над яе кнігай пра герояў 1863 года. Кнігу выдаў у Вільні накладам 3000 асобнікаў Вацлаў Макоўскі, таварыш пісьменніцы па сумеснай выдавецкай дзейнасці ў канцы 70-х гадоў. Пакуль царская цэнзура спахапілася, ужо было позна. Паводле загаду Часовага камітэта па справах друку кніга была канфіскавана, але на паліцах кнігарняў заставалася яшчэ 20 кніг. Яны былі імгненна раскуплены, што сведчыла аб поспеху «Gloria victis» сярод чытачоў.
У гэты том увайшлі найбольш значныя аповесці, апавяданні і нарысы Элізы Ажэшкі, творы, у якіх праўдзіва, з вялікай мастацкай сілай адлюстраваны розныя бакі жыцця беларускага народа другой паловы ХІХ стагоддзя.
Але змешчанымі тут творамі не заканчваецца знаёмства беларускага чытача з вялікай літаратурнай спадчынай нашай славутай зямлячкі. Наперадзе яго чакае яшчэ не менш прыемная сустрэча з раманам-эпапеяй Элізы Ажэшкі «Над Нёманам», які рыхтуецца да выдання ў гэтай жа серыі «Беларускага кнігазбору».
Валянціна Гапава
Аповесці
Нізіны
На палі ападаў вясновы вечар, напоўнены пахам свежаўзаранай зямлі. Імжэў дождж. Было пахмурна і ціха. Па дарозе, абсаджанай рэдкімі дрэвамі, ішла босая жанчына ў сярмязе. Яна ішла хутка, не разбіраючы дарогі ў змроку і імгле, не абмінаючы ні лужын, ні глыбокіх каляін, якія з-пад яе босых ног пырскалі вадой і рэдкай сакавіцкай гразёй. Цяжкімі і дужымі былі гэтыя ногі і спрадвеку зжытыя з зямлёй, па якой ішлі. Ім было ўсё роўна, дзе ісці, абы толькі ісці хутка. Як і самой жанчыне было ўсё роўна, што яе акружае, абы толькі хутчэй дайсці туды, куды яна так спяшалася. Яна нічога не баялася: ні цемры, што насоўвалася з кожным крокам, ні цішыні, якая ахапіла наваколле, ні рассыпаных па палях грушаў-дзічак і таполяў, якія нагадвалі зданяў. І гэтаксама як нішто яе не палохала, так нішто і не захапляла: ні нерухомае скляпенне неба, аздобленае белымі і шэрымі аблокамі, ні пахі зямлі, якія прыносіў з загонаў цёплы вецер, ні зоркі, што самотна там-сям міргалі сярод хмар. Бясстрашная і абыякавая да ўсяго, стройная і дужая, гнаная нейкім клопатам, яна ішла і ішла...
У канцы дарогі перад ёй мігнулі два асветленыя акны. Гэта былі будынкі нейкага фальварка, абгароджаныя звычайным драўляным плотам. Паміж доўгай варыўнёй і градамі можна было таксама разгледзець драўляную брамку, якая адчынялася толькі ў адзін бок. Якраз цяпер гэтая брамка рыпнула, з цяжкасцю пасунулася наперад і зарылася ў гразі. Тады рука, што яе адчыняла, пачала яе трэсці. Да грукату і ляскату, што рабіла тузаная туды-сюды брамка, далучыўся нізкі мужчынскі голас, які казаў:
- Каб ты скісла! Каб цябе ваўкі!
Аднак пажаданне, каб ваўкі з'елі браму, засталося няскончаным. Чалавек, што гэта казаў, з цяжкім мяшком на плячах, крэкчучы, праціснуўся праз вузкую дзірку і пайшоў па дарозе ў кірунку, супрацьлеглым таму, адкуль спяшалася кабета. Спачатку здалося, што яны размінуцца, не звяртаючы адно на другога ніякай увагі. Але мужчына, не паварочваючы твару, трошкі прыгорблены пад цяжарам мяшка на плячах, сказаў: