- Раз толькі, паночку! Далібог, раз толькі прасіла... - зашэмраў у чорнай цемры пакорлівы ціхуткі голас, але Бахрэвіч нецярпліва махнуў рукой.
- Забралі, дык і забралі! Не такія, як ён, ідуць... Паны і графы ў войска ідуць... дурніца ты! Што я табе на гэта парадзіць магу?.. От, дарэмна толькі ходзіш тут, на мяне і сябе бяду наклікаеш... Сядзела б лепей у хаце. Ну што, як табе зараз? Ясюк лепшы за Максіма? Бачыш, які я добры, не звер які... Як дазнаўся, што Максім вас крыўдзіў, дык адразу змясціў вас у Ясюковай хаце. З Ясюкамі лепш табе жыць, га? Ардынарыю Антоська бярэ такую самую, што і Ясюк, хоць маладзейшы і слабейшы. Хлеба вам хапае, га?
Зноў абцёр насоўкаю лоб і чакаў адказу. Аднак не дачакаўся. Ягоную гаворку жанчына выслухала цярпліва, не перапыняючы яе нават уздыхам, але калі змоўк, замест таго, каб адказаць на пытанні, пачала:
- Забралі, дык забралі. Ведаю я, што не такія, як ён, у войска ідуць... На тое яны ўжо нараджаюцца, каб ісці... паплакала, паплакала, дый плакаць перастала. Граматны, думаю сабе, і такі маленькі, такі прыгожы... дасць сабе рады, людзі любіць яго будуць, апека Божая над ім, сіратой...
Сцішаны голас яе перарваўся на хвілю, чуваць былі ў ім слёзы.
- Ну, дык чаго ж зараз хочаш? - з нецярплівасцю, усё часцей пазіраючы на вокны, спытаўся Бахрэвіч.
У чорнай цемры штосьці хруснула, як быццам дзве рукі заламаліся ў роспачы.
- Пане, дарагі, мілы! Яго шлюць зараз, шлюць далёка, далёка, на край свету... Пісаў ён мне, рыбка мая міленькая: «Мамачка, не вытрываю... грудзі мне баляць і ў жываце сілы ніякай няма... дарогі такой далёкай не вытрываю, тамтэйшага холаду і чужых людзей не вытрываю... Мамачка, каб мяне тут пакінулі, то хоць бы часам мог людзей нашых пабачыць і твае старыя вочы пацалаваць... Але не мне, не мне ўжо паміж вамі быць, паеду, дый памру на канцы свету... прыйдзі ты яшчэ да мяне, мамачка, хоць разочак, хай я хоць развітаюся з табой!»
Заплакала яна ўжо па-сапраўднаму, але, трывожачыся, што не паспее ўсё сказаць, здушыла слёзы і шаптала далей:
- Пайшла я ў Ангрод*... свету божага за слязамі не бачыла, але ішла... прыйшла да казармаў. «Піліпка!» - клічу. Выскачыў ён на ганак... кінуўся мне ў ногі і калені цалуе... «Мамачка, мы ўжо з табой апошні раз бачымся на гэтым свеце».
* Ангрод - пад гэтай назвай Э.Ажэшка мае на ўвазе горад Горадню.
- Глупства! - усклікнуў Бахрэвіч. - Ці ж ён адзін ў далёкі край ідзе... І іншыя ідуць і варочаюцца...
- Ой, доля мая! - енкнула кабета. - Ідуць, ды не такія недалэнгі, як ён... бледненькі быў і слабенькі ад нараджэння... потым да яго тая ліхаманка прычапілася...
- Ано! То чаму ж Антоську лепш не аддала? Той здаровы і моцны.
- Альбо я каго аддавала, паночку, ой доля мая! Піліпку пазвалі... пайшоў. Старэйшы. Дваццаць і адзін гадок на мінулага, значыць, святога Юзафа скончыў, а Антоську дзевятнаццаты з восені пайшоў... Каб жа ён здаровы быў... але ж такі ніякенькі... Пачалі, паночку, яго вучыць, дый не скончылі... Забыліся пра беднага сірату... Парабка сапсулі, а ксяндза не зрабілі...
Бахрэвіч нецярпліва адмахнуўся.
- От! Яшчэ мне тут выгаворваць будзе! Дужага мужчыну ёй пакінулі, а недалэнгу забралі. Дык чаго ж болей хочаш? Што я табе параджу? Ідзі прэч і не цягайся тут дарэмна, бо як раззлуюся, то зусім цябе з Антоськам з маёнтка выпраўлю...
Павярнуўся, каб адысці, але з цемры на залатую паласу святла высунуліся наперад дзве рукі, якія ўхапілі ягоныя рукі, а потым галава ў чырвонай хустцы схілілася нізка і пачала абсыпаць пацалункамі тыя рукі.
- Пане! Найдаражэйшы! - шаптала кабета, цалуючы ягоныя рукі. - Злітуйся... ты мудрэйшы за мяне і за ўсіх нас, бедных людзей. Дай раду! Куды мне ісці, каго прасіць, каб не слалі яго далёка, каб пакінулі яго тут... Можа б, вы самі паехалі ў горад... у вас там знаёмыя розныя... можа б, што для яго выстараліся... Гэта ж тваё роднае дзіцятка... Гэта ж я праз цябе ўсё жыццё нешчаслівай была... Ні мяне дружкі на дзяжу садзілі, ні мне да шлюбу спявалі, ніхто мне гараваць не памагаў, ніхто галоўку маю не пашкадаваў...
Раптам перастала. Узняла галаву. Чорныя, запалыя, сплаканыя вочы бліснулі і ўпёрліся ў твар мужчыны.
- Паночак! Стафанка! Я на цябе не гнеўная... Не праклінала я цябе і праклінаць не стану...
Голас яе зноў патануў у слязах.
- Любіла я цябе, ой, любіла, як сваю ўласную душу... Пашкадуй ты мяне хоць крышку і Піліпку майго ўратаваць памажы...
Бахрэвіч адчуваў сябе, відаць, заклапочаным і расчуленым. Ён пераступаў з нагі на нагу, гучна соп і ўвесь час мармытаў:
- Ну, і чаго ўжо? Чаго? Досыць ужо! Ну, досыць! Памагу, параджуся... можа...
У гэты момант на ганку пачуўся крык, грубы і адначасова прарэзлівы. Вельмі нізкія тоны спалучаліся ў ім адначасова з тонамі надзвычай высокімі, і выкрыквалі адно толькі слова, адно толькі імя:
- Стафан! Ста-а-а-фан! Ста-а-а-афа-а-а-ан!
Стафан Бахрэвіч здрыгануўся з галавы да ног і паспешлівым, усхваляваным шэптам кінуў Хрысціне некалькі слоў:
- Вымятайся! Хутчэй! Каб і духу твайго не было!
Пабегла, але, на жаль, устрывожаная ўцёкамі, не зважала на гульню святла і ценяў, што стваралі пасярод панадворка асветленыя вокны. Не толькі яе дух, але і сама яна, высокая і хударлявая, прыгорбленая страхам, гучна чвякаючы босымі нагамі па гразі, паказалася ў адной з палос святла, прамінула яе і знікла ў цяні.
Але яе заўважыла і пазнала кабета, якая стаяла на ганку і з шырокіх грудзей якой вылятаў гэты покліч. Усёй таўшчэзнай сваёй паставай яна пахілілася наперад, выцягнула шыю; у святле, што падала з найбліжэйшага акна, паказалася яе галава з гладка зачасанымі валасамі, круглым, тлустым, чырвоным тварам і пукатымі блакітнымі вачыма, што набылі цяпер такі выраз, як быццам яна раптоўна ўбачыла вампіра ці васіліска.
- А-а-а-а!
Яна знікла з ганка, у сярэдзіне дома знік таксама і Бахрэвіч; за двума асветленымі вокнамі закіпела, як у катле.
За тымі вокнамі быў досыць вялікі квадратны пакой, са звычайнай столлю з бэлькамі, з простай, пафарбаванай чырвонай падлогай, са старасвецкай мэбляй, аббітай квяцістым паркалем, з мноствам святых абразоў і свецкіх партрэтаў у блішчастых рамках на сценах, абклееных самымі таннымі шпалерамі, з мноствам, на камодзе і на століках, прэтэнцыёзных і надта ж брыдкіх цацак, як, да прыкладу: букетаў з ніцяных і папяровых кветак, кошычкаў з пацерак, кілішкаў і чарнільніц з каляровага шкла, гіпсавых лялек, сабачак і анёлкаў з цукру і г.д. На вокнах не было ні зялёных раслін, ні кветак, замест гэтага на сетачных, ручнога вырабу фіранках віселі розныя дзіўныя кошычкі, вазонікі, букецікі, таксама ручной работы, - з нітак, пацерак, паперы, паркалю і г.д. Пасярод стала, накрытага да вячэры, гарэла досыць масіўная лямпа, прыцемненая празрыстай засняй, якую таксама нейкія жаночыя пальчыкі вырабілі з паперы, вельмі старанна і па-майстэрску выкалаўшы на ёй шпількай разнастайныя ўзоры. Пакой дапаўняла ў адным з кутоў шырока пасаджаная печ з зялёнай цэглы, а ў другім куце стаяла вельмі старэнькае і занядбанае фартэпіяна, з аблезлай палітурай і пажоўклымі ад старасці клавішамі.
У гэтым вось пакоі, у яркім, хоць і прыцемненым святле лямпы, крычучы і жэстыкулюючы, бегалі адна за адной чатыры асобы ў нейкай дзіўнай і вартай жалю барацьбе. Мужчына там быў адзін, Стафан Бахрэвіч. Жанчын жа было трое. Самая старэйшая, тоўстая, з вялікімі грудзьмі ў ваўнянай сукенцы, у прасторнай кофце, трымала ў тлустай чырвонай руцэ элегантны, з пазалочанай булдавешкай кіёчак, і круціла ім высока над сваёй галавой і над галовамі дзвюх маладых прыгожа прыбраных дзяўчат, што падымаючыся на дыбачкі і цягнучы рукі ўверх, рабілі роспачныя спробы ўхапіць і адабраць золатагаловы кіёчак. Такія ж і з такой самай мэтай намаганні спрабаваў чыніць і Бахрэвіч, але не мог, бо жонка ягоная, Мадзя з дому Капроўскіх, адной рукой баронячы прыладу сваёй помсты, другой трымала каўнер ягонага сурдута так моцна, што ён нізка згінаў свае шырокія плечы і шырока вылупліваў напаўпрытомныя блакітныя вочы. Кабета круцілася, сапла і размахвала кіёчкам; дзяўчаты цягнуліся за ім, падскоквалі і пішчалі; мужчына вырываўся, падымаў рукі, каб вызваліць каўнер свайго сурдута, і соп усё гучней. Пры гэтым яны падобна таму, як рухаюцца ў космасе сістэмы планет, бегалі падчас свайго зацятага змагання вакол накрытага да вячэры стала. Ніхто з іх не маўчаў, усе гаварылі адначасова. Гаворка гэтая была задыханая, перарывістая, але ўсё ж можна было пачуць асобныя сказы і словы, як, напрыклад, гэтыя: