- З кім бацечка размаўляе... ля клумбы... Езус Хрыстус... З Хрысюняй сваёй... вечарочкам... мілы бацечка... воўк да лесу цягне... лапцюжны шляхціц да хамкі...
- Мадзя! Сэрца маё... дзеці глядзяць...
- Мама! Проша аддаць кіёчак! Гэта Людвікаў кіёчак... мама паломіць кузенаў кіёчак...
- Мятлу! Езус Хрыстус, прынясіце мне мятлу, то аддам кіёчак... Вечарком... па клумбах з Хрысюняй...
- Мадзя! Сэрца маё... ты ж ведаеш, што гэта ўсё прайшло!..
- Пакажу я табе прайшло, аж табе зоркі ў вачах засвецяць...
- Мама! Не выпадае так з бацькам біцца...
- Мама нас кампраметуе... мы праз гэта ніколі замуж не павыходзім...
- Мятлу! Езус Хрыстус! Мятлу! Прэч, блазнота, не перашкаджайце...
- Мама! Проша аддаць кіёчак... Мы не дазволім...
- Не перашкаджайце, бо дам...
І гэтая абяцанка не была дарэмнай. Кіёчак упаў на зямлю, Бахрэвічаў каўнер здабыў свабоду, затое два кулакі ўпалі на плечы дзяўчат, і яны, выбухнуўшы плачам, пакінулі поле змагання і з насоўкамі каля воч адвярнуліся да зялёнай печы. Бахрэвіч адным скачком апынуўся каля дзвярэй, і ў той жа час за вокнамі пачуўся ляскат брычкі.
- Людвік прыехаў! - крыкнуў Бахрэвіч, і на твары яго адбілася невымоўная радасць. Як заяц цераз мяжу, ён пераскочыў цераз парог і знік у сенях. Бахрэвічыха гучна адсаплася, паправіла на галаве каптурык, абцягнула сукенку і паставіла ў кут кіёчак з пазалочанай булдавешкай. Паненкі дзьмухалі ў насоўкі і выціралі свае вочы ад слёз. Вусны іх, толькі што скрыўленыя, расцягнуліся ад задавальнення; яны прыгладзілі далонямі валасы, даткнуліся бантаў, што аздаблялі станікі і, насоўкамі, як веерамі, ахалоджваючы твары, пачалі хадзіць наўкруг стала, адна за другой, з дыстанцыяй, - гэта значыць павольна і паважна, з горда ўзнятай галавой і нядбайным пакалыхваннем рук туды і назад. Калі казаць увогуле, то яны рабілі прыемнае ўражанне. Зграбныя постаці, круглыя і шыракаскулыя тварыкі, як у бацькі і маці, але белыя і свежыя, кірпатыя носікі і малыя вочкі, ружовыя шчочкі і густыя валасы. Апрануты яны былі вельмі модна, а мода якраз у гэтым годзе змушала жаночыя строі як мага больш падкрэсліваць пышнасць грудзей і клубоў. Таму іхнія сукенкі з самай таннай тканіны былі надзьмутыя і выпуклыя ажно залішне. Брунетка Рузя ўпрыгожыла свае валасы пунсовай стужкай, а бландзінка Карольця - блакітнай. Усё было на іх і ў іх старанна дапасаваным і вытанчаным: ад свежых тварыкаў, якія, відаць, ніколі не апальвала спёка і не марозіў вецер, да чаравічкаў, што зграбна абціскалі моцныя і плоскія ступні. Рукі, што так грацыёзна памахвалі насоўкамі, таксама былі шырокія і грубыя і здаваліся на першы погляд не абы-якой сілы, але затое былі яны пакрытыя белай скурай, гладкай, як атлас. Вось так апранутыя і з такім вось выглядам, з высока ўзнятымі галоўкамі, хадзілі яны адна за другой наўкруг стала. Нельга сказаць, што іхнія крокі нагадвалі шум пралятаючага зефіру, але гэты тупат заглушаўся звонам, а хутчэй ляскатам талерак, якія расстаўляла на стале яшчэ разгарачаная і задыханая, але ўжо трошкі супакоеная Мадзя. Дзяўчаты два разы абышлі наўкруг стала, пакуль з трэскам не адчыніліся дзверы з сеняў і ў пакой не ўвайшоў Людвік Капроўскі. За ім, як цень, абвялы і нясмелы, усунуўся і, паглядам ацэньваючы сітуацыю, затрымаўся ля сцяны гаспадар дому.
Калі б у гасцёўні Бахрэвічаў было цёмна, то постаць госця асвятліла б яе. Гэта быў чалавек не такі ўжо і маладзенькі, бо меў на выгляд пад трыццаць гадоў, але надзвычай элегантны, смелы, можна сказаць, вытанчаны, хударлявы, невысокі, з ног да галавы акрыты тонкім і добра скроеным сукном. Блішчаў ён шырокай, цвёрдай і беласнежнай манішкай кашулі, залатым ланцужком ад гадзінніка, залатой аправай блакітных шкельцаў, умешчаных на не зусім ужо каб і грэцкім носе, рудымі бакенбардамі, што аздаблялі бледны, адутлаваты твар з нізкім паморшчаным лбом, з вачыма, што кідалі з-за шкельцаў акуляраў вострыя і праніклівыя позіркі.
- Вітаем! Вітаем пана адваката-дабрадзея! - выпрастаўшыся і працягнуўшы тлустую і чырвоную руку, надзвычай прыязна ўсміхаючыся, загаварыла Мадзя Бахрэвіч. Паненкі зашчабяталі:
- Добры вечар, кузен! Дзе гэта, кузен, так доўга сядзеў?
- Я ўжо думала, што кузен так закахаўся ў кагосьці, што і пра нас забыўся.
Ходзячы каля стала, яны кідалі гэтыя словы госцю цераз плячо. Потым захіхікалі і на знак паразумення штурхнулі адна другую локцем.
Людвік Капроўскі з размашыстай і шумнай элегантнасцю падступіўся напачатку да гаспадыні дому і, злёгку пацалаваўшы ёй ручку, падбег да паненак. Яны ўсё яшчэ хадзілі вакол стала, толькі ўзяліся пад рукі... Ён пачаў хадзіць перад імі, з рухамі і ўсмешкаю бывалага сэрцаеда. Усчаўся зноў вялікі шум, але на гэты раз вясёлы. Паненкі дапытваліся ў кузена: ці кахае ён там каго ў Ангродзе, ці тут у іхняй парафіі? На што ён, не даючы выразнага адказу, даваў зразумець, аднак, што кагосьці вельмі кахае, і панну Разалію пацвельваў нейкім панам Каролем, суседам.
- Хай яго ліха возьме! - буркнула паненка. - Было б кім галаву сабе забіваць!
- Чаму ж не? Прыстойны кавалер...
- Ой, кавалер! Каршун нейкі! - адказалі абедзве ў адзін голас.
- Як? Як паненкі яго называюць? - з вясёлымі іскрынкамі прытоенага смеху ў вачах пытаўся Капроўскі.
- От, шляхцюра, недалэнга, і ўсё! Нізашто на свеце не выйшла б за такога...
- Я таксама. Нам абедзвюм тутэйшыя кавалеры не да густу. Нам падабаецца толькі гарадская моладзь... Што за параўнанне!
Капроўскі паклонам і ўдзячнай усмешкай падзякаваў за гарадскую моладзь, да якой і сам належаў. У гэты час Бахрэвічыха, якая перад гэтым знікла была з гасцёўні, унесла і паставіла на стале дзве талеркі, дзе на адной яшчэ сквірчэлі падсмажаныя каўбасы, а на другой дымілася баранова пячонка. Бахрэвіч запрашаў госця на гарэлачку, Бахрэвічыха, рэжучы пячонку, штурхнула старэйшую дачку Карольцю локцем:
- Скокні на кухню, прынясі смажаную бульбу...
Паненка нічога не адказала, але, зрабіўшы сур'ёзны выгляд, адвярнулася і, скубучы бант ля станіка, павольна адышла да печы. Тут ужо, выпіўшы гарэлачкі, падышлі да стала абодва мужчыны. На пытанне, што пан будзе есці, пан адвакат паведаміў, што каўбас не есць, але ад пячонкі не адмовіцца... Бахрэвічыха злёгку ўдарыла ў плечы малодшую дачку Рузю.
- Бульбу смажаную да пячонкі... скокні ў кухню...
Паненка нічога не адказала, але стала сур'ёзнай, адвярнулася і павольна адышла да акна. Бахрэвічыха счырванела, сыкнула, але стрымалася. Не просячы больш нічыёй дапамогі, скокнула сама. Ад таго скоку затросся стол, зазвінелі талеркі і ўздрыгнуў Бахрэвіч. Аднак не прайшло і дзвюх хвілін, як поўная смажанай бульбы салатніца стаяла на стале, і ўся кампанія, не выключаючы гаспадыні, села за вячэру.
Падчас вячэры ішлі ажыўленыя і разнастайныя размовы. Перш за ўсё Мадзя загаварыла пра пантак. Перапрашала госця, што няма віна, і расказала, як Стафан забыўся прывезці з Рудні пантаку, хоць яму пра гэта настойліва гаварыла. Здагадлівы чалавек па бляску вачэй госця і дрыжанні мускулаў пад рудымі бакенбардамі мог бы без цяжкасці прачытаць: «Гэтая баба ўяўляе сабе, што я піў бы такое паскудства, як пантак! Ці яна пра іншае віно ніколі не чула?» Уголас, аднак, ён сказаў:
- Але хай жа дарагая цёця не робіць са мной ніякіх цырымоній... Ці ж я чужы чалавек!
- Гэта праўда, Людвісю, гэта праўда... твой бацька быў маім стрыечным братам... але зараз... ты пан адвакат... вялікая фігура...
Кажучы гэта, яна ўсміхалася з неапісанай ветлівасцю і прыемнасцю, а калі з твару сваяка пераносіла пагляд на твар Карольці, здавалася, што промнямі сваіх вачэй прагне злучыць і звязаць гэтую пару. У гэты момант яна выглядала лагоднай і нават добрай. Узрадаваны гэтымі яе паводзінамі, пасмялелы Бахрэвіч напачатку паціху, а потым ўсё жывей і жывей пачаў размаўляць з госцем. З гэтай размовы выявілася, што пан адвакат з Ангрода гасцяваў у сваякоў ужо некалькі дзён, штодзень выязджаючы ў ваколіцы дзеля ўпарадкавання інтарэсаў. Інтарэсам, які парадкаваўся сёння, была размова з сялянамі адной з суседніх вёсак на тэму працэсу, які гэтыя сяляне вялі з адным з найбагацейшых землеўладальнікаў за тры валокі лугу і дзве валокі ворнай зямлі, што межавалі з іхнімі надзеламі. Капроўскі вёў гэты працэс і галоўнаю мэтай ягонага прыезду сюды было здабыць ад сялянаў на кошты інтарэсу пэўную грашовую суму. Бахрэвіч на ўсе вочы ўглядаўся ў яго, слухаючы гэтыя прызнанні.