Выбрать главу

Ульяна, Піліп, Аўдоцця і нават гарэза Данілка згодна заківалі галовамі. Слова «сірата» трапіла ім у самае сэрца.

Аднак вопратку, атрыманую ад Ульяны, за якую Павел прывёз з мястэчка прыгожае рудое цяля, Франка надзела толькі праз два тыдні пасля вяселля. Дагэтуль яна ўсё адкладвала гэтае пераапрананне і хадзіла па гразнай вясковай вуліцы і па полі ў прунэлевых чаравіках і гарадской сукенцы з фальбонкамі. Аднак цяпер не было ўжо іншага выйсця: чаравікі яе і сарочкі падзёрліся ўшчэнт, а сукенкі знішчыць да рэшты яна не хацела. Грошай, за якія яна раней купляла сабе вопратку, цяпер не атрымлівала, а што Павел будзе для яе купляць, ёй і ў галаву не прыходзіла, бо яна не прывыкла, каб хто-небудзь ёй у чым дапамагаў, і ніякіх рахункаў у адносінах з людзьмі не вяла. Наадварот, яна сама аддавала людзям, якія ёй падабаліся, усё, што мела. І цяпер таксама, хоць і ведала, што Павел зарабляе добра, а старая Марцэля нашаптала ёй, што ў хаце пад печкай схаваны гаршчок са срэбнымі рублямі, які закапаў яшчэ ягоны бацька, - Франка не разлічвала на грошы мужа і, паклаўшы ў скрынку сваю гарадскую сукенку, каб ездзіць у ёй толькі ў касцёл, апранулася нарэшце па-вясковаму. Надзеўшы грубыя скураныя чаравікі, даматканую спадніцу ў рознакаляровыя палосы, накінуўшы на зрэбную сарочку паркалёвую квяцістую хустку, Франка агледзела сябе і пачала галасіць:

- Вось я і мужычкай стала! Цяпер бы і родны бацька мяне не пазнаў, а маці, каб убачыла мяне, перавярнулася б у магіле! Вось і няма мяне! Пахавалі мяне, закапалі навекі, і не будзе больш для мяне іншага жыцця, апрача мужыцкага, якога я ніколі не ведала і не хацела ведаць!

Закрыўшы далонямі твар, яна плакала на ўсю хату. Гэты выбух роспачы пасля яе бурнай весялосці так здзівіў Паўла, што нейкую хвіліну ён стаяў на месцы, разявіўшы рот. Пасля ўсміхнуўся і махнуў рукой.

- Дзіця, дый годзе! - сказаў ён. - Невядома часам, чаго смяецца, і невядома, чаго плача! Набілі тваю галаву глупствам, а ты верыш і паўтараеш. Розуму ніхто не навучыў, а глупству рознаму навучылі. Даруй ім, Божа!.. А ты паходзіш крыху ў гэтым адзенні, прызвычаішся і зразумееш, што паміж панамі ці паміж мужыкамі жыве чалавек, а цэлая сарочка заўсёды лепшая за дзіравую.

Ён устаў, сеў побач з Франкай, абняў яе і прытуліў да сябе:

- Ну, годзе, Франка, годзе... Сціхні, супакойся... Няма чаго бедаваць!

Франка раптам перастала плакаць, прыпала да яго ўсім сваім целам і, абхапіўшы рукамі за шыю, пачала прагна цалаваць. Павел падхапіў яе на рукі, як пёрка, і падняў пад самую столь. Яго блакітныя вочы, заўсёды такія спакойныя і ясныя, успыхнулі. Шчаслівы смех Франкі і звонкія пацалункі напоўнілі хату.

Праз гадзіну яны разам сышлі на бераг Нёмана, селі ў човен і паплылі, а неўзабаве можна было бачыць, як на тым беразе ракі яны закідвалі ў ваду свае вуды.

У вёсцы даўно ўжо заўважылі, што Павел з таго часу, як ажаніўся, меней бывае на рацэ і радзей ездзіць у мястэчка і панскія двары прадаваць рыбу. Зрэшты, нікога гэта асабліва не дзівіла, бо ўсе ведалі, што, жывучы самотна і сціпла і маючы нядрэнны заробак, ён мог назапасіць крыху грошай, ды і гэты бацькаў гаршчок, закапаны пад печчу, ні для кога не быў таямніцай. Не маючы патрэбы, Павел яго дагэтуль не адкапваў. Сястру ён і без гэтага па-людску і па-бацькоўску замуж аддаў, а пасля жыў адзін, як воўк, і абыходзіўся малым. Гаршчок гэты, магчыма, хаваў на чорны дзень ці на пабудову некалі новай хаты, або пасля смерці збіраўся ахвяраваць на касцёл. Досыць таго, што бедным ён не быў, грошы ў запасе меў, дык чаго б яму, напрацаваўшыся і нагараваўшыся праз усё жыццё, і не адпачыць крыху пад старасць, узяўшы маладую жонку?

Слухаючы гэта, хлопцы з маладосці Франкі пасміхаліся:

- Ат, якая яна маладая, - казалі яны. - Павел маладзей за яе выглядае.

І сапраўды, усе бачылі, што ранейшы спакой Паўла цяпер перайшоў у няспынную гарачую радасдь. Праўда, як і раней, ён быў паважны, але з людзьмі цяпер гаварыў ахвотней і больш, а ў вачах і ўсмешцы яго заўсёды свяцілася ціхая весялосць, і таму ён выглядаў цяпер маладзейшым. Сустрэўшы яго неяк з вёдрамі на беразе ракі, старая Аўдоцця, падпёршы падбародак рукой, з цікаўнасцю спытала:

- Ну што, куме, добра табе цяпер? Ці рады, што ажаніўся, га?

Румяную, хоць ужо і старую, чарнавокую Аўдоццю ўсе ў вёсцы любілі і паважалі. Была яна, праўда, цікаўная, гаваркая, любіла ўлезці часам у чужыя справы, але вясёлая, спагадлівая, вопытная і вельмі часта патрэбная людзям. Сама яна жыла ў сына, паважанага і заможнага гаспадара. Паўла любіла і назаляла некалі сваім сватаўством. Павел таксама яе паважаў і некалькі разоў хрысціў з ёю суседскіх дзяцей.

Цяпер ён паставіў вёдры, выпрастаўся і з усмешкай адказаў:

- Добра! Ой як добра! Чаго хацеў, тое і маю, дык чаму ж мне не будзе добра?

- Дык ты, відаць, таму і не жаніўся, што хацеў мець такую, як гэта? - запытала Аўдоцця.

- Але, відаць, таму...

- Дык чаму ж ты раней маўчаў... Можа б, я табе даўно знайшла такую, - засмяялася Аўдоцця.

- Дык хіба ж я ведаў, чаго я хачу і якую хачу. А цяпер, калі знайшоў, дык і даведаўся...

- Ну, добра, дай Бог, каб заўсёды так было! - добразычліва пажадала Аўдоцця, але Павел перапыніў яе. Раней ён ніколі нікога не перапыняў, ды і да гаворкі быў неахвочы. А цяпер сэрца яго было перапоўнена радасцю, і словы нібыта самі вырываліся:

- Ведаеце, кума, усё добра: ёсць да каго ў хаце слова сказаць, ёсць з кім павесяліцца. Ды і сябра на ўсё жыццё маеш... Але найбольш я дзякую Богу за тое, што душу людскую выратаваў...

І таксама, як і Аўдоцця, падпёршы рукой падбародак, ён задуменна дадаў:

- Душу людскую ад пакут на гэтым свеце і ад пагібелі на тым выратаваць... Хіба гэта малая справа? О, божа, якая вялікая!

- Яно так, - падтрымала Аўдоцця, хоць відаць было па ёй, што не зусім разумела, аб чым ён гаворыць. - Добра, добра! Дай божа, каб было так заўсёды! - паўтарыла яна, заўважыўшы, што твар Паўла пасвятлеў.

- Ну, ну, - дзівілася яна. - Цябе, Паўлюк, нібы другі раз маці на свет нарадзіла!

Увечары Аўдоцця са смехалі расказвала аднавяскоўцам, які гэты Паўлюк шчаслівы, як задаволены жонкай, як памаладзеў.

Зрэшты, аднавяскоўцы ІІаўла, якіх спачатку вельмі цікавіла з'яўленне сярод іх зусім чужой, непадобнай да іншых, кабеты, неўзабаве пераканаліся, што ў хаце Паўла нічога надзвычайнага не адбываецца. Там было ціха, як і даўней, толькі на панадворку ў Казлюкоў часта чуўся голас і звонкі смех Франкі. Яна гаманіла з Ульянай і весела жартавала з Данілкам. На вясковай вуліцы бачылі яе рэдка, да суседзяў яна не хадзіла зусім і шмат часу праводзіла з мужам на рацэ. Цяпер яна ані не баялася вады, наадварот, з уласцівым для яе захапленнем, любіла плыць у чаўне і лавіць рыбу. І калі Павел марудзіў, збіраючыся на раку, яна хапала яго за рукі і выцягвала з хаты, прапануючы бегчы на раку навыперадкі. І заўсёды на бераг прыбягала першая. Павел быў дужы, крочыў шырока, але яна, як пёрка, лёгкая, бегала так хутка, што здавалася, ляцела, не дакранаючыся да зямлі. Яна шырока, як крылы, раскідала рукі і крычала прарэзліва і звонка, як птушка. Веславаць яна навучылася хутка, але доўга веславаць не магла, бо не хапала сілы. І ўсё ж яны часта выплывалі на раку двума чаўнамі, якія злучаліся прывязанымі да іх сецямі. Чаўны, як неразлучныя блізняты, не спяшаючыся, плылі па ціхай рацэ, сеці паміж імі, апушчаныя ў ваду, цяжэлі ад рыбы, а Франка, паволі заграбаючы вяслом ваду, з цікаўнасцю аглядала раку і берагі і прыходзіла да думкі, што рыбачыць удваіх з мужам значна лягчэй і прыемней, чым ставіць самавар, прыбіраць пакоі, прасаваць чужыя сукенкі ў цесных і душных кухнях. А паколькі ўсё, што яна адчувала, апрача яе волі і свядомасці, вылівалася наверх, яна бясконца расказвала Паўлу аб сваіх новых і радасных уражаннях.

- Вось адпачываю сабе! - казала яна. - Жыву, як каралева, і ні аб чым мне не баліць галава. Нібы мяне маці другі раз на свет нарадзіла! Нібы мяне бог перасяліў у нейкі іншы свет!