І сапраўды, гэты свет быў для яе зусім новы. Яна толькі некалькі разоў у жыцці пакідала горад і выязджала са сваімі гаспадарамі на дачу, ды і гэтыя некалькі тыдняў круцілася вакол пакояў і нічога апрача двара і бліжэйшых дрэў не бачыла. Цяпер, калі перад яе вачыма раскрыліся шырокія прасторы і краявіды, поўныя нябачаных дасюль падрабязнасцяў, усё будзіла ў ёй жывую цікаўнасць і здзіўленне. Так, не захапленне, а цікаўнасць і здзіўленне.
Захаваўшы ад мінулага, поўнага ўсялякіх прыгод і лёгкадумных пацех, пякучую прагу да ўражанняў, яна была вельмі цікаўнай да ўсяго новага - ці быў гэта сімпатычны ёй чалавек, ці хваля, якую яна бачыла ўпершыню, ці хмара, ці каляровая бліскучая забаўка.
Яна была настолькі наіўная і недасведчаная, што дзівілася ўсяму новаму гучна, непасрэдна, як дзікун або малое дзіця. Кожнаму магла здацца дзікункай гэта рухавая і шумная сярод вясковага спакою кабета, якая выхоўвалася сярод гарадскіх камяніц і не ведала нічога з таго, што нараджалася, спявала, свяціла пад бязмежным адкрытым небам. Паўлу ўсё, што дзівіла яе, было здаўна знаёмае і звыклае. Ён мог, напрыклад, за некалькі дзён наперад прадказаць надвор'е. Выйдзе, бывала, раніцай з хаты, абвядзе позіркам неба, гляне з-пад далоні на сонца, уцягне носам вецер, а пасля ўсім, каго сустрэне, кажа, каб спяшаліся парадкаваць збожжа, сена або гародніну, бо праз два-тры дні пачнуцца дажджы. Або ў дажджлівае надвор'е, калі неба яшчэ абложана цёмнымі хмарамі, а Нёман коціць пад ветрам свае цёмныя і ўспененыя хвалі, Павел прыйдзе дадому і пацешыць сонную Франку, што праз два-тры дні распагодзіцца і пацяплее. І, калі прадказанні яго здзяйсняліся, Франка, устрывожана пазіраючы на яго, пытала:
- Ці ты прарок, што ўсё наперад ведаеш?
Павел задаволена смяяўся.
- Я не прарок, я рыбак, - адказваў. - А які быў бы з мяне рыбак, каб я не ведаў, калі трэба на раку выязджаць, а калі не трэба, калі перашкоды ў рабоце будуць, а калі не будуць.
Ён добра ведаў, з якой хмары дождж палье, якая спакойна праплыве над зямлёй, а якая прынясе навальніцу або знішчыць градам пасевы. Ён ведаў, дзе вада ў Нёмане глыбокая, а дзе мелкая, у якім месцы дно ракі камяністае, а ў якім услана пяском або доўгімі густымі водарасцямі. Ён ведаў, дзе ловяцца лепшыя печкуры і плоткі, дзе жывуць шчупакі, ля якіх берагоў на падводных каменнях і імхах водзяцца ракі, у якую пару года і дня і на якую прынаду рыба ідзе лепш. Па сіле плёскату і шырыні кругоў на паверхні вады ён вызначаў, якая рыба выскачыла на паверхню, а па напрамку, вышыні і хуткасці хваль адгадваў, ці ўдалая будзе сёння лоўля. Усё гэта ён расказваў Францы, і, калі тое, што ён гаварыў, збывалася, Франку ахопліваў забабонны жах.
- Ці не вядзьмар ты часам? - пыталася яна, а Павел усміхаўся.
- Не вядзьмар я, але гэта рака ўсё жыццё была маёй жонкай. Іншай я не меў і не хацеў, пакуль не спаткаў цябе.
Весела было Францы на рацэ з мужам, не сумавала яна і тады, калі заставалася часам у хаце адна. Прыходзіла тады да яе жабрачка Марцэля, якая ў гэтым годзе ў Казлюкоў займала кут, і расказвала розныя цікавыя гісторыі. Калі яна ўпершыню прыйшла неяк перад полуднем у хату Паўла, босая, грузная і гарбатая ад лахманоў, у якія была апранута, Франка яшчэ ляжала ў пасцелі, пазяхаючы і праціраючы вочы. Марцэлю яна бачыла не раз і на прывітанне яе прыязна кіўнула галавой. Шырокі твар Марцэлі, белы, нібы крэйда, быў пакрыты глыбокімі маршчынамі, з-пад бруднай анучы, якая замяняла ёй хустку, звісалі сівыя пасмы валасоў. Нягледзячы на свае не менш як семдзесят гадоў, Марцэля была яшчэ даволі рухавая. Хадзіла яна, праўда, павольна і цяжка, але гаварыла шмат, і малыя вочкі яе з-пад набрынялых павек глядзелі цікаўна і жыва.
Абапершыся на свой кій, Марцэля спынілася ля парога і адразу загаманіла сваім ахрыплым, рыпучым, як піла, голасам:
- А-а! Дык вы яшчэ не ўставалі, міленькая мая? Людзі даўно ўжо адпалуднавалі і зноў у поле пайшлі. Ды ў вас, я бачу, у печы паліцца, страва гатуецца і ў хаце прыбрана! А хто ж гэта вам вады прынёс, калі вы да гэтай пары спалі?
- Муж, - сеўшы на пасцелі і ляніва аглядаючы свае ногі, адказала Франка. - У мястэчка сёння рыбу павёз, а перад гэтым вады прынёс, у печы запаліў і абед паставіў.
- Бач, які добры з яго чалавек! - здзівілася жабрачка і бліжэй падышла да гаспадыні, якая, усунуўшы ногі ў чаравікі і пазяхаючы, завязвала на сабе даматканую спадніцу. Марцэля паклала на кій рукі, скура якіх нагадвала кару дрэва, і, працінаючы гаспадыню вачыма, лісліва працягвала:
- Але ж ты, мая міленькая, прыгожая, ой, прыгожая! Не дзіва, што твой свету за табой не бачыць. Божа мой, Божа! Ножкі ў цябе бялейшыя, чым у іншых твар, а вочкі, нібы пацеркі, блішчаць. А тонкая, нібы паненка ў гарсэце.
- А хіба ты бачыла калі-небудзь гарсэт? - засмяялася Франка, дрыжучы ўсім целам. У хаце было цёпла, але гэтыя дрыжыкі вось ужо некалькі год даймалі яе кожную раніцу, калі яна ўставала з ложка.
Яна пазяхнула і прысела да агню, акрылася хусткай, а жабрачку папрасіла сесці на лаве. Ліслівыя пахвалы жабрачкі, відаць, спадабаліся Францы. Марцэля села ля сцяны насупраць агню, зноў абаперлася на кій і, адкрываючы ў шырокай усмешцы бяззубыя дзёсны, пачала:
- Пытаеш, ці бачыла я гарсэт? Мой Божа! Чаго я толькі на свеце не бачыла! Колькі багацця, колькі пекнаты! Усё бачыла, усё чула, усё ведаю... Усю сваю маладосць у панскіх дварах служыла... А цяпер вось ужо гадоў пятнаццаць як з кіем па шырокім свеце цягаюся.
Франка жыва павярнулася да Марцэлі, вочы яе заблішчалі.
- У панскіх дварах служыла? - усклікнула яна. - А я думала, што ты такая самая простая сялянка, як усе тут.
- Сялянка, яно так, сялянка, - трасучы галавой, адказала Марцэля, - ды не простая! Нарадзілася я ў гэтай вёсцы, але мяне яшчэ малой дзяўчынкай у двор узялі, і там я маладыя свае гады прабыла. А калі ў іх заставацца ўжо нельга было, да іншых паноў на службу пайшла. А вось ужо гадоў пятнаццаць як з жабрачай торбай цягаюся... Таму я адразу і здагадалася, хто ты такая. Іншыя не здагадаліся, а я здагадалася...
- А хто ж я такая? - са смехам запытала Франка.
- Паненка!.. Паненка ты, далікатная, прыгожая, як тая каралеўна... Як толькі ён цябе ў хату Казлюкоў прывёў, я адразу падумала: «Божа ж мой, Божа, такі просты мужык, а захацелася яму каралеўны». Мяне дзіва бярэ, як гэта ты за мужыка замуж пайшла.
Вясёлы твар Франкі раптам спахмурнеў.
- Хіба я ведаю, як гэта сталася? Відаць, такі ўжо мой лёс. Ніколі не думала, што за мужыка пайду і сярод мужыкоў жыць буду. З добрай жа сям'і паходжу... Дзядуля два дамы ўласныя меў, бацька ў канцылярыі служыў, а стрыечны брат адвакат у вялікім горадзе і багаты, багаты!
Франка падсела да жабрачкі і пачала расказваць аб сваёй адукаванай маці, аб багацці стрыечнага брата, аб тым, як весела было ёй у горадзе, якіх мела кавалераў. Марцэля з захапленнем слухала яе, трэсла галавой, войкаючы ад здзіўлення.
Пасля Франка ўскочыла з лаўкі і сказала:
- Ведаеш што, Марцэлька, пастаў самавар, нап'ёмся з табой чаю.
У Паўла і Піліпа, як і ў іншых заможных хатах вёскі, былі бляшаныя самавары, а ў запасе крыху чаю і цукру. Павел нават па просьбе жонкі гэты запас павялічыў. Франка аб ежы амаль не дбала. Ела абы-што і вельмі мала. Здаралася, што праз увесь дзень, асабліва, калі яна была чым-небудзь занята або ўсхвалявана, нічога ў рот не брала. Але без чаю жыць не магла. І за цукеркамі, якія, калі жыла ў горадзе, купляла або ад кавалераў атрымлівала, сумавала вельмі. Іншых падарункаў ёй ніхто не дарыў, а цукеркі прыносілі, і яна іх прымала, бо нават пані ад паноў цукеркі заўсёды прымаюць. Вось і сёння, калі Павел ад'язджаў у мястэчка, яна абняла яго за шыю і папрасіла:
- Прывязі цукерак, мой міленькі, залаты, брыльянтавы! Прывязі!
Франка ніколі не прасіла ў Паўла прывезці ёй прыгожую сукенку або нечага з ежы. Яна прасіла толькі чаю ды цукерак.
Тым часам Марцэля, радасна бліснуўшы вачыма з-пад апухлых павек, жвава, нават без дапамогі кія, узялася ставіць самавар. На дварэ ішоў дождж, а ў хаце дзве кабеты, адна ў лахманах, а другая - акрыўшыся цёплай хусткай, сядзелі ля маленькага акенца і пілі чай з зеленаватых шклянак, мяшаючы яго трэскамі. Марцэля пры гэтым прагна ўмінала жытні хлеб і нечаму вельмі радавалася. Можа, таму, што Франка прыняла яе лепш, чым яна спадзявалася, і гэта было зарукай на добрае будучае. Затое Франка ў размове з ёю рабілася ўсё больш пахмурнай. З дна мінулага, аб якім яна расказвала старой, узнімалася нейкая каламуць і, як віно, дурманіла галаву. На шчаках яе выступіў крывавы румянец, а на вочы набеглі слёзы.