Выбрать главу

- Вось да чаго я дайшла! Мужычкай стала, жывая ў магілу легла. Няма ўжо для мяне іншага свету, як вёска, і іншага жыцця, як мужыцкае!

Яна заломлівала рукі, выцірала імі мокрыя ад слёз вочы.

- Ну, годзе, годзе! Чаго там! - суцяшала старая. - Калі муж добры, дык не згінеш. А ці мілуе ён цябе, га?

І, нахіліўшыся да вуха Франкі, з гідкай усмешкай запытала яе аб нечым. Франка засмяялася і адвяла вочы.

- Ой, ой! - прашаптала яна - Здаецца, што яму яшчэ і дваццаці гадоў няма!

І яна пачала нешта шаптаць у самае вуха старой, смяяцца, пабліскваючы белымі зубамі.

У гэты вечар Павел, вярнуўшыся з мястэчка, дастаў з кішэні крыху загорнутых у паперу, напалову растопленых карамелек. Яны, відаць, год праляжалі на латку ў жыдоўкі і каштавалі капейкі. Але Франка, не зважаючы на якасць прысмакаў, вырвала іх з рук мужа і пачала прагна грызці. А калі досыць наелася, некалькі карамелек занесла Казлюкам, адну з іх сілком засунула ў рот Данілку, а рэшту аддала дзецям.

Казлюкі ставіліся да Франкі абыякава. Яна не раз здзіўляла іх, але не выклікала да сябе ні варожасці, ні асаблівай прыязні. Шкоды ім ніякай не рабіла, але і карысці ад яе не было. У Піліпа на пароме і ў полі, а ў жонкі пры гаспадарцы і дзецях было столькі работы, што сачыць за жонкай Паўла і думаць аб ёй не было калі. Воля брата была ўзяць яе за жонку, і калі яна будзе добрая - яго шчасце, а калі благая - яго бяда. Аднак абыходзіліся яны з ёю ветліва, запрашалі да сябе ў хату. Неяк у пачатку восені Піліп вынес са свірна Паўла старыя кросны яго першай жонкі, прынёс іх у хату і цэлую гадзіну напраўляў. Ульяна ў нядзелю паехала ў мястэчка і за братавы грошы купіла льну і каляровых нітак, а назаўтра прыладзіла кудзелю на калаўрот і на кросны нацягнула аснову. Яна смяялася да слез і выцірала рукавом вочы, пазіраючы, як нязграбна і няўмела Франка бярэцца за работу. Колькі жыла на свеце, не ведала, каб кабета не ўмела прасці і ткаць. Яна нават не ведала, што такія кабеты існуюць на свеце. Насмяяўшыся, яна пачала цярпліва і старанна вучыць Франку. Тая спачатку з захапленнем узялася за справу і прасці навучылася хутка, але, як толькі дайшло да ткання, спахмурнела і страціла ахвоту да гэтай работы.

- Цяжка! - злосна прабурчала яна.

- Дарма, прывыкнеш! - угаворвала яе Ўльяна. Трэба было няспынна прытрымліваць ніткі пярэдняй часткай кроснаў, націскаць нагамі на падножжа, і гэта вельмі стамляла Франку: праз якую чвэрць гадзіны на лбе яе выступалі буйныя кроплі поту. Відаць, яна, як і прадчувала Ўльяна, прывыкла б з часам да гэтай работы і лёгка спраўлялася б з ёю, але прывыкаць да таго, што ёй было непрыемна, яна не хацела. Калі работа падабаецца - добра, а калі не - ліха з ёю! Пасля некалькіх спроб, у часе якіх Ульяна ўжо не смяялася, а пачала хмурыцца, Франка адскочыла ад кроснаў і, размахваючы рукамі, закрычала:

- Не хачу! Не буду! Рукі мае баляць, ногі самлелі. На якое ліха патрэбна мне гэта работа? Даволі я нагаравалася і напрацавалася, калі гора мяне прымушала, а цяпер хай сабе д'ябал сядзіць за гэтымі кроснамі. А я не буду, не буду!

- Як сабе хочаце, - абыякава сказала Ўльяна і, кіўнушы на развітанне галавой, выйшла з хаты.

У гэты дзень, пад вечар, ідучы па ваду, Ульяна сустрэла брата і, спыніўшыся перад ім з ведрамі, сказала:

- А Франка ткаць не хоча.

- Дык няхай сабе не тчэ, - спакойна адказаў Павел.

Але Аўдоцця, якая, нягледзячы на свае шэсцьдзесят гадоў, каб дапамагчы нявестцы, спускалася з гары па ваду і чула размову брата і сястры, паставіла на зямлю вёдры і паклікала Паўла. Яе чорныя вочкі на румяным твары задаволена блішчалі: яна вельмі любіла ўмешвацца ў чужыя справы.

- Паўлюк! - пачала яна, прыклаўшы палец да прывялых вуснаў. - Слухай, Паўлюк, нешта ты жонцы вельмі вялікую волю даеш. Глядзі, каб праз гэта бяды якой не было.

Аўдоцця ўжо не раз чула ад Марцэлі сёе-тое аб паводзінах Франкі. І тое, што Франка позна ўстае, папівае чай і бясконца есць цукеркі, вельмі дзівіла і абурала старую.

Сур'ёзна пазіраючы на яе, Павел сказаў:

- Не бядуйце, кума, я ведаю, што раблю. Не для таго яе ад пакут ратаваў, каб зноў на пакуту аддаць, але для таго, каб ёй на свеце добра жылося. Калі чалавеку жыць дрэнна, дык і ён сам дрэнны, а калі добра, дык і ён добры. Ды і чаму ж не быць добрым, калі ні для злосці, ні для граху прычыны няма? Вось так!

Павел так верыў у тое, аб чым гаварыў, як і ў тое, што сонца на небе свеціць і цячэ рака, але Аўдоцця філасофіі яго зусім не разумела. Яна трымалася сваіх поглядаў.

- Ой, Паўлюк, глядзі, каб гэтае яе панаванне не вылезла табе бокам. Адкуль ты яе ўзяў? Ад бацькоў, з роднай хаты? Якая яна была датуль, калі ты яе ўзяў? Я ўсё ведаю. Як толькі глянула на яе, адразу здагадалася, хто яна. Іншыя, можа, і не здагадваліся, а я здагадалася.

Яна з трыумфам і спачуваннем паглядзела на Паўла сваімі разумнымі вачыма, а пасля, успяўшыся амаль да самага яго вуха, таямніча зашаптала:

- Глядзі, каб ад гэтага панавання, якое ты ёй даеш, зноў не прычапілася да яе якое ліха.

Але гэтая перасцярога старой, сэнс якой ён добра разумеў, не зрабіла на Паўла ніякага ўражання. Ён усміхнуўся, махнуў рукой і спакойна адказаў:

- Гэтага ўжо напэўна не будзе. Яна паклялася мне. Перад Богам паклялася.

Відаць было, што нішто на свеце не можа пахіснуць яго веры ў клятву.

Ён не мог сабе ўявіць, каб хто-небудзь асмеліўся адступіцца ад сваёй клятвы.

Аўдоцця падхапіла вёдры і даволі жвава пачала спускацца да ракі. Яна адышлася, павярнулася, паглядзела на Паўла, які хутка ішоў угору, і паківала галавой.

- Дурны.! Ой, дурны! - прашаптала яна.

У Казлюкоў усё часцей і часцей пачалі гаварыць пра Франку. Гаварылі пра яе так, як звычайна абмяркоўваюць нешта незвычайнае.

Гарэза Данілка, у якога зімой і ўвосень работы было мала, і ён ведаў усё, што робіцца ў вёсцы, са смехам расказваў, як Павел, маючы жонку, сам паліць у печы, гатуе страву, доіць карову, а Франка або ляжыць у пасцелі, або абнімаецца і цалуецца з мужам, ці дурэе, як малое дзіця. Піліп ажно за жывот хапаўся, пачуўшы гэта, а Ўльяну гэтыя расказы трывожылі.

- Не будзе яму ад яе дабра! - сказала яна аднойчы мужу.

- Каму? - запытаў Піліп.

- Паўлюку.

Калі яна выйшла на двор і пачала склікаць у хату курэй, Франка стаяла ля паркана, які падзяляў агарод на дзве паловы, і ела грушы. Грушы гэтыя раслі на адзіным дрэве, якое стаяла ля самай хаты Паўла. Даўней Павел прадаваў іх у мястэчку або аддаваў сястры, цяпер пакінуў сабе, бо Франка іх вельмі любіла. Ці то выгляд тых груш, якімі ў мінулым годзе ласаваўся яе сынок, ці Данілкавы расказы ўзлавалі Ўльяну, толькі яна спынілася непадалёк ад паркана і сказала Францы:

- Хіба табе не сорамна, што твой сам доіць кароў? Не мужыцкая гэта работа, а жаночая.

І хоць Ульяна гаварыла спакойна і хутчэй жартам, чым злосна, твар Франкі ўспыхнуў яе звычайным, хутка знікаючым гарачым румянцам.

- А табе што да таго? - усклікнула яна. - Не ўтыкай носа туды, куды цябе не просяць. Я вашай хамскай работы ніколі не рабіла і рабіць не буду. Ад'ё!

Яна адбегла ад паркана, а Ўльяна, пачырванеўшы ад абурэння, кінула ёй услед:

- А ты хамамі нас не абзывай! Якое маеш права вытыкаць нам тое хамства, калі сама была горшая за хамку?

Значэнне апошніх слоў Ульяне падказалі здагадкі Аўдоцці і расказы Марцэлі пасля кожнага яе візіту да Франкі.

Гэта была першая сварка паміж Ульянай і Франкай, якая хутка забылася. Ульяна не хацела псаваць адносін з братам, якога любіла і ад якога сёе-тое ім перападала. Ён і абаранкаў дзецям з мястэчка прывозіў, і частку свайго агарода аддаваў пад бульбу або каноплі, і на падаткі ці якую іншую пільную патрэбу грошы пазычаў.