Выбрать главу

А Піліп памятаў не толькі пра гэтыя дробныя паслугі швагра, але і пра бацькоўскі гаршчок, закапаны пад Паўлавай печчу. Даведаўшыся пра сварку Ўльяны з Франкай, ён накрычаў на жонку так, як ніколі дасюль не крычаў, і загадаў памірыцца з братавай. Ульяне лёгка ўдалося гэта зрабіць, бо варта было загаварыць з Франкай, як тая адказала ёй весела, без усялякай крыўды, а ўвечары прыбегла да Казлюкоў і, застаўшы там некалькі суседак, нагаварыла ім такіх цудаў, што тыя ажно раты паразяўлялі ад здзіўлення і да самай раніцы гатовы былі слухаць яе балбатню, як самую цудоўную казку.

Усю зіму Франка такім чынам забаўляла суседзяў, якія па вечарах збіраліся ў хаце Казлюкоў. Цікавае гэта было відовішча. У хату, асветленую палаючым на камінку агнём ды лямпай, што стаяла на стале, сыходзіліся мужчыны ў світках або кажухах і кабеты ў сініх суконных каптанах. Мужчыны вязалі сеці, стругалі зубы для бараны, напраўлялі бочачкі і вёдры або проста палілі свае люлькі ці цыгаркі. Жанчыны пралі на калаўротах або гушкалі і кармілі грудзьмі малых. Усе сядзелі на лаўках і тапчанах уздоўж сцен або перад агнём. Францы было нязручна сядзець на вузкай і цвёрдай лаве, і яна, прыхіліўшыся плячыма да сцяны, выцягвала ногі на табурэтку і займала позу асобы, якая бесклапотна выцягнулася на шэзлонгу. Панчохі ў будныя дні яна не насіла, і з-пад саматканай спадніцы выглядвалі яе голыя ногі ў грубых чаравіках. На ёй, як і на іншых кабетах, быў сіні каптан, а на галаве паркалёвая хустка. Але адзенне гэта выглядала на ёй маскарадным убраннем. Чорныя, як вароніна крыло, кучаравыя валасы, выбіваліся з-пад квяцістай хусткі, ападалі на лоб і шыю, упрыгожаную нізкаю пацерак, якіх тут ніхто не насіў. У вушах таксама свяціліся танныя завушніцы. Маленькія і, у параўнанні з рукамі ўсіх прысутных, белыя рукі яе былі ўвесь час у няспынным і неспакойным руху, а худы і прывялы твар, звычайна жаўтавата-бледны, палаў ліхаманкавым румянцам, які тут бачылі хіба толькі ў людзей, што ляжалі ў гарачцы. Ды і байкі Франкі здаваліся прысутным нейкімі ліхаманкавымі снамі, аднак былі яны такія цікавыя, што ў тую зіму на вечарніцах у Казлюкоў не заставалася часу для звычайных песень і казак. Гэтыя змалку вядомыя людзям казкі не ішлі ні ў якое параўнанне з апавяданнямі пра тэатральныя прадстаўленні, якія Франка глядзела ў духаце і цеснаце галёркі, пра маскарады з пачварнымі або смешнымі маскамі, пра балы, якія наладжвалі яе даўнія гаспадары, пра вясёлыя гулянкі ў загарадных парках, з каруселямі, гушкалкамі, чортавымі коламі. Расказвала Франка і пра ўсялякія страшныя злачынствы, самагубствы, любоўныя гісторыі, сваркі і розныя смешныя і жахлівыя падзеі, якія яна памятала і прагна ўбірала ў сябе амаль змалку.

Сярод яе слухачоў былі такія, асабліва жанчыны, якія, апрача сваёй роднай і некалькі падобных да яе суседніх вёсак, ніякіх іншых месцаў ніколі не бачылі. Некаторыя, праўда, у горад, дзе жыла Франка, ездзілі не раз, але апрача базараў і касцёлаў нідзе не бывалі. Іншыя, як, напрыклад, прыгожы і смелы Аляксей Мікула, які перарабіў пад фрак сваю світку, лічылі сябе людзьмі бывалымі і, слухаючы Франку, сцвярджальна ківалі галовамі, але яны не менш, чым іншыя, захапляліся яе апавяданнямі. У нізкай і душнай хаце, у цеснаце, людзі слухалі Франку. Адны - разявіўшы ад здзіўлення рот, другія - насмешліва ці задуменна ўсміхаючыся. Час ад часу ў хаце чуліся воклічы здзіўлення, абурэння, жаху або весялосці. Божа ж мой, Божа, колькі ўсялякага багацця на свеце, як таго смецця ў хаце, калі не падмятаць яе тыдзень. Вось як гуляюць і грашаць людзі па гарадах! Хіба яны ніколі нічога не робяць, што ўсё гэта ім да галавы лезе? І як яны Бога не баяцца, як не саромеюцца? Чалавек у вёсцы можа сто гадоў пражыць у працы ды клопатах і яму ніколі не прыйдзе ў галаву, што на свеце ёсць такія цуды, багацце, пекната і такія грахі.

Ой і грахі! Яны больш за ўсё абуралі і бянтэжылі людзей. І не таму, што чалавек у вёсцы ніколі Бога не зневажаў, асабліва п'яны, сякі-такі грэх на душу не ўзяў. Але гэткае марнаванне дароў божых, распуста, сваркі, забойствы, пра якія расказвае Франка, - гэта ўжо сапраўднае пекла! Часамі ў руках кабет спыняліся верацёны, а мужчыны апускалі сякеры і гэблікі, і ў звонкі і прарэзлівы голас Франкі, нібы парыў ветру, урываліся глухія ўздыхі. Аўдоцця, шырока вылупіўшы свае чорныя разумныя вочкі, праводзіла па твары зморшчанай, але яшчэ моцнай рукой і шаптала сіпатым ад хвалявання голасам, у якім адчувалася збянтэжанасць:

- У імя Айца і Сына і Святога Духа...

Адна толькі Марцэля, якая сядзела ля ног Франкі, адчувала сябе цудоўна. Асветленая чырвоным святлом, якое падала ад печы, яе цяжкая квадратная постаць нагадвала кучу лахманоў, з якой высоўвалася абкручаная анучай галава з разяўленым у шырокай усмешцы бяззубым ротам. У хітрых выцвілых вачах на ўзараным маршчынамі твары ўспыхвалі мігатлівыя агеньчыкі, набрынялыя павекі сцвярджальна моргалі, хрыпаты, падобны да рыпення пілы, голас час ад часу абвяшчаў:

- Але! Гэта ж праўда! Усё - праўда!

Толькі адна яна з прысутных бачыла, чула, зведала ўсё тое, аб чым казала Франка. Яны абедзве былі істотамі іншага роду і свету, закінутымі сюды, у свет грубых, цёмных, наіўных людзей.

Толькі старэйшая з іх была ўжо зусім лядашчая, жыла з ласкі гэтых людзей і не адважвалася расказваць ім аб сваіх прыгодах, а малодшая, фанабэрыстая і заўсёды неўтаймаваная, рабіла гэта з адчуваннем сваёй перавагі над прысутнымі. Яна не магла б назваць гэтае пачуццё, не ведала такіх слоў, як «разумовая перавага», але пачуццё гэта яе вельмі цешыла і павялічвала яе пагарду да «мужыкоў», сярод якіх жыла. Вярнуўшыся з вечарніцы дадому, яна заходзілася ад смеху.

- Вось дурныя хамы! Вось быдла! Я ім пляту пра самыя звычайныя рэчы, а яны раты разяўляюць і дзівяцца, нібы ім самога пана бога або д'ябла паказваюць. Я сярод іх як каралева сярод пастухоў. Але нічога, затое весела! Часамі мне здаецца, што я гляджу ў тэатры камедыю або сама граю тую камедыю. Вось цёмны народ! Вось быдла! Самы апошні дурань у горадзе разумнейшы за іх. Ім толькі свінней пасвіць!

Расказы Франкі ў хаце сястры і вясёлыя кпіны над мужыцкай цемрай і дурнотай Павел слухаў у панурым маўчанні. Ён чуў ад людзей, што недзе на свеце ёсць жыццё багатае, раскошнае, але лічыў яго для сябе недасягальным і непажаданым і ніколі не думаў пра яго. Беднасці ён не ведаў, але і раскошы ніколі не зазнаў. Жытні хлеб ніколі не здаваўся яму горкім, а да прысмакаў яго не цягнула. І калі Франка пачынала апавядаць яму пра цудоўныя, залітыя яркімі агнямі залы, пра смачныя абеды, дарагія ўбранні, Павел слухаў яе абыякава і, махнуўшы рукой, прыгадваў старую сялянскую прыказку:

- Звычайная рэч! Бог з людзьмі робіць ігрыска, аднаго ўзнясе высока, а другога кіне нізка.

Іншая рэч, калі Франка расказвала яму пра гулянкі, злачынствы, сваркі, пра ўсё тое, што ён азначыў адным словам: грэх. Слухаць гэта Паўлу было так прыкра, што ён круціўся на лаве і крактаў як ад болю або, абапёршыся локцямі на калені і засланіўшы далонямі твар, у глыбокім роздуме ківаўся з боку ў бок і часамі праз зубы цадзіў:

- Паганае жыццё, грэшнае! Каб яно скрозь зямлю правалілася!..

Часамі, калі ён слухаў Франку, у яго ўяўленні паўставалі дзівосныя карціны. Калі яна ўспамінала, як весела гуляюць людзі на загарадных каруселях, танцуюць да раніцы і якія на тых гулянках узнікаюць бойкі, п'янства, хваробы, раманы, перад вачыма Паўла паўставала раптам чыстая і ціхая блакітная вада, такая, якая бывае ў Нёмане ў яснае надвор'е, а над ёю або ружовая паласа світанку, або пушыстыя, падобныя на статак авечак, аблокі, або чародкі ластавак, якія бясконца кружацца над гарлачыкамі. А часамі яму раптам чулася буркаванне галубоў над самым вухам, або як аднастайна і лагодна спявалі хвалі. Тады ён узнімаў галаву, і маршчыны на яго сумным і стомленым твары рабіліся глыбейшымі. І калі Франка, вярнуўшыся разам з ім у хату, пачынала смяяцца з мужыцкай дурноты, ён не спрачаўся з ёю, не сварыўся, а толькі прасіў замаўчаць.