- Пабойся, пане, Бога! - усклікнуў ён. - Гэта ж дзікія прэтэнзіі! Той луг і тая зямля спрадвеку належалі Дзельскаму! Я ж тут нарадзіўся, пане... ведаю...
Капроўскі пасур'ёзнеў і, паклаўшы на талерку відэлец і нож, засунуў рукі ў кішэні.
- Хм! - сказаў ён, - калі не выйграюць, дык прайграюць...
Засмяяўся і, нахіліўшыся да Бахрэвіча, утаропіўшы ў ягоны твар свае праніклівыя вочы, прамовіў раўнадушна:
- Калі б, дарагі пане, мы вялі толькі тыя працэсы, што можам выйграць, мы б з голаду паўміралі...
Нейкая своеасаблівая крывая ўсмешка, што прыадкрыла счарнелыя зубы, надала ягонаму твару цынічны выгляд спрытнюгі. У сямейным гурце, пад уплывам сытнай вячэры, а таксама, можа, і свежага тварыка Карольці, што сядзела насупраць, адчуў ён патрэбу выгаварыцца і адначасова трошкі пахваліцца сваімі ўмельствамі і сваімі ведамі. Не губляючы сур'ёзнасці, што сышла на яго разам з першай згадкай пра інтарэсы, ажывіўся і пачаў апавядаць не пра сябе, праўда, але пра некаторых сваіх калегаў, што на гэтым шляху мелі надзвычай удалыя вынікі. Былі гэта справы розныя і дзіўныя. Адзін уцягнуў засцянковага шляхціча ў працэс з суседам за кавалак зямлі, што меў вартасць сто рублёў, і выцягнуўшы з яго на працягу некалькіх гадоў у дзесяць разоў большую суму, прайграў працэс, і яшчэ, спаганяючы свой ганарар, выставіў на публічны продаж карову і каня кліента. Другі ж знайшоў удаву небагатага землеўладальніка, і праз колькі гадоў рэгулявання розных яе спраў выставіў на продаж за бясцэнак яе невялічкі, але сімпатычны фальварак і сам патаемна яго набыў, так што баба, не паспеўшы нават агледзецца, вылецела з чатырма дзецьмі на гарадскі брук.
Бахрэвіч ляпнуў сябе па калене і, гучна засмяяўшыся, усклікнуў:
- Але ж, бестыя, спрытны! І зараз уласны фальварак мае! Хо, хо! Чаму ж гэта чалавек не нарадзіўся з такім спрытам!
Капроўскі расказваў далей. З-за адсутнасці таго няшчаснага пантаку Бахрэвіч усё наліваў яму ў кілішак дасканалую вішнёўку хатняга вырабу. Павінна была быць яна добрай, бо госць з выглядам знаўцы і аматара цмокаў языком і выпіваў кілішак за кілішкам, апавяданне сваё перапыняючы пахваламі:
- Добрая! Сапраўды добрая! Дасканалая!
Ён ужо добра разагрэўся, размахваў рукамі альбо, сунуўшы іх у кішэні, калыхаўся разам з крэслам, на якім сядзеў, узад і ўперад. Блакітныя шкельцы ў залатой аправе зваліліся з ягонага носа і, гайдаючыся на шнурку, пазвоньвалі аб ланцуг гадзінніка. Вочы яго без шкельцаў аказаліся быстрымі і шэрымі, і нібы ўвесь час чымсьці занепакоенымі. Цяпер блішчалі яны з-за прадмета гаворкі. Шчыра кажучы, быў гэта доўгі маналог, у якім штохвіліны мільгалі большыя і меншыя лічбы ад розных выйграных і прайграных працэсаў. Штохвіліны паўтараліся ў ім і такія словы, як палата, міравыя суды, справы, артыкулы закону, указы сенату і г.д. Нехта з калегаў купіў ужо сабе ў Ангродзе сімпатычную камянічку, нехта нядаўна ажаніўся і абставіў сваю кватэру, як князь, а хтосьці ўжо мае, напэўна, зараз трыццаць тысяч рублёў чыстымі, як бобу. Апошні выстаўляў на аўкцыён маёнткі і браў значныя сумы за адмову ад гандлявання, ён валодаў майстэрствам знаходзіць, калі трэба, усялякіх фальшывых сведкаў, і ўрэшце ад сялянаў нейкай багатай вёскі атрымаў такія паўнамоцтвы, што да гэтага часу ўсё яшчэ тую малочную карову доіць і доіць...
- Вось спрытная шэльма! - усклікнуў зноў Бахрэвіч. - Чаго гэта чалавек з такім спрытам не нарадзіўся!
- Не для пса каўбаса! - з пагардай зірнуўшы на мужа, буркнула Бахрэвічыха.
І слухалі далей. Ад спосабу здабывання грошай прамоўца перайшоў да спосабу іх ужывання. Ён некалькі разоў наведаў вялікія гарады: быў у Варшаве і Пецярбургу, расказваў дзівосы аб тым, як жывуць людзі на свеце: ядуць, п'юць, забаўляюцца. Цэлымі начамі гуляюць у карты, шампанскае ліецца ракой, а якія жанчыны! Ці бачыў Капроўскі ў вялікіх гарадах нешта большае, чым карты, шампанскае, жанчыны? Невядома. Але з выразу пажадлівасці і суму, што адбіўся на ягоным твары, можна было здагадацца, што і гэтыя тры складнікі раскошнага жыцця ён бачыў толькі здалёк, не могучы не толькі спажыць, але нават даткнуцца да іх. Ён глыбока ўздыхнуў.
- Дальбог, - сказаў, - жыццё без грошай такое глупства, што...
Махнуў рукой. Не хапіла яму слоў на заканчэнне меланхалічнай тырады.
Бахрэвіч уздыхнуў таксама.
- Ат! - сказаў, - некаторым людзям Пан Бог дае такі спрыт, што з нічога багацеямі робяцца.
- Спрыт спрытам, - абазваўся Капроўскі, - але і выпадак не апошняя справа. Адным грошы самі ідуць у рукі, іншыя ж, і шукаючы, не знаходзяць. На ўсё трэба шчасце.
Уздыхнуў зноў.
- І пры тым, - скончыў, - страшная канкурэнцыя... Барацьба за існаванне, як кажа Дарвін.
- А хто ён такі? - выцягваючы шыю і настаўляючы вуха, спытаўся Бахрэвіч.
- Дарвін? - гледзячы ў столь і разам са сваім крэслам адхінаючыся назад, перапытаў госць.
- Ага! - з ротам, поўным смажанай бульбы, азвалася Рузя. - Памятаю... панна Шуркоўская, наша гувернантка, чытала нам аповесці Дарвіна...
- Аповесці ён не пісаў, гэта быў вучоны, - растлумачыў Капроўскі.
- Дык ты, Людвісю, вучоныя кніжкі чытаў? - здзівілася Бахрэвічыха.
Госць пагардліва ўсміхнуўся.
- А чаму ж не, цёця? Я ўсё чытаў...
- Бачыш, Мадзюня, - надзвычай салодкім голасам прамовіў Бахрэвіч, - які з кузена вучоны адвакат! Усе законы, пане дабрадзею, як рэпу грызе...
Мадзюня ўстала і, абышоўшы стол, узяла ў абедзве рукі галаву стрыечнага пляменніка і пакінула на яго ілбе пацалунак гучны, як стрэл з пісталету.
- Езус Хрыстус, - пачала яна, - як бы твой бацька, а мой стрыечны брат, вечны адпачынак дай яму, Пане, пацешыўся б, каб зараз мог бы ўбачыць свайго сынка. Бядак марыў аб тым, каб свайго Людвіка ва ўніверсітэт паслаць і на доктара вучыць, а тут і школы нават не было за што скончыць... Вось, з чацвёртага класа выйшаў, а не горшы за іншых...
Яна ўзняла галаву, вочы яе былі поўнымі слёз. Заплаканымі вачыма зірнула на Карольцю, якая таксама кінула на маці вільготны летуценны пагляд. Аднак госцю згадка пра няскончаныя чатыры класы не была прыемнай. Пацалунак аканоміхі выклікаў на яго вуснах выраз гідлівасці, які быў, аднак, хутка прыхаваны, і таму нікім не заўважаны.
- Ах, мая цёця! - сказаў ён. - Глупства - гэтыя школы і ўніверсітэты! Я і без іх усё ведаю, і, далібог, ведаю нават такіх, што выйшлі з другога класа, а грошы ўмеюць рабіць лепш за кожнага з тых спадароў прысяжных, што нібыта і надта вучоныя, але часам такія інтарэсы з рук выпускаюць, якія б чалавек як за сябе закінуў і аблізаўся. Яны кажуць, што гэта непрыстойна, а тое брыдка, а іншае зноў з людской крыўдай і таму не хочуць... але хай ім цёця не верыць... ілгуць! Пабажуся, што ілгуць! Не бяруць такіх інтарэсаў, бо не ведаюць, як за іх узяцца... не ўмеюць... не з іхнім спрытам!..
- Пэўна! Пэўна! - у адзін голас пацвердзілі Бахрэвічы і зноў пачалі слухаць гаворку сваяка так, як яе слухалі раней: ён, павярнуўшы тоўсты карак да госця, з акругленымі вачыма і ліслівай усмешкай, яна - аблакаціўшыся на стол і падпёршы аголенымі рукамі падбародак. Рузя, брунетка з пунсовай жычкай у валасах, слухала таксама, але няўважліва, бо ўсімі сваімі белымі зубкамі малола каўбасы, пячонку і бульбу. Бландзінка Карольця, аздобіўшы валасы блакітнай стужкай, не слухала зусім, а толькі глядзела. Яна амаль нічога не ела. Узіралася ў кузена, як у ікону, і з выразу яе твару было відаць, што да яе не даходзяць ані маральныя, ані псіхалагічныя адценні ягонай гаворкі: з асаблівым замілаваннем аналізавала яна ягоныя рысы і рухі. Апошнія асабліва яе захаплялі. Як толькі Капроўскі, з рукамі ў кішэнях, так адхінаўся назад, што можна было не сумнявацца, што вось-вось пляснецца паміж чатырох ножак свайго крэсла, Карольціны вочы ласкава мружыліся, а на вуснах блукала закаханая ўсмешка. Відаць, гэты рух выдаваўся ёй апошнім крыкам элегантных паводзін і рабіў на яе непаўторнае ўражанне. Яе пастава таксама рабілася ўсё больш прывабнай. Адной з белых ручак яна механічна качала хлебныя шарыкі, другой жа падперла задуманы лоб. Раптам яна ўздрыгнула. Кузен звярнуўся да яе. Нахіліўшыся праз стол, голасам прыязным і спачувальным сказаў: