Выбрать главу

- Ну, годзе ўжо! - казаў. - Лепш бы ты зусім забылася пра тое, што было раней, пакуль ты не ўвайшла ў маю хату. Ой, ніхто не навучыў цябе розуму, а глупствам розным так набілі тваю галаву, што ты яго дасюль ніяк забыцца не можаш. Можа, Бог дасць, калі-небудзь забудзеш!

Калі Франка пачынала істэрычна рагатаць, ён супакойваў яе зусім так, як тады, калі яна плакала: садзіў яе побач з сабой, абдымаў і лагодна, па- бацькоўску казаў:

- Ну, годзе ўжо, годзе, дзіцятка!

Ён не спрачаўся, не злаваў, нічым яе не дапякаў, але не выносіў частых вечарніц, дзе Франка адчувала сябе каралеўнай. Асабліва з таго часу, калі яму раптам здалося, што яна заляцаецца да Аляксея Мікулы, самага прыгожага і смелага мужчыны ў вёсцы. Аляксей, хоць і быў некалькі гадоў жанаты і з жонкаю жыў добра, любіў яшчэ часам пацягацца за дзяўчатамі і маладымі кабетамі, вядома, не ўсур'ёз, а проста каб даказаць, які ён зух. Да Франкі, між іншым, ён і не думаў заляцацца, наадварот, часта жартаваў з яе, казаў ёй у вочы, што яна ўжо старая і што перад ім ёй няма чаго выхваляцца сваёй гарадской мудрасцю, таму што ён ведае горад яшчэ больш за яе. Але Францы Аляксей здаваўся адзіным чалавекам у вёсцы, які нагадваў ёй даўніх знаёмых і прыяцеляў. Па сваёй звычцы гаварыць усё, што ёй прыходзіла ў галаву, адкрыта, яна казала, што ёй падабаецца яго гордая пастава і сінія вочы. А аднаго разу, калі Аляксей з яе жартаваў, яна кінула яму ў твар жменю сушаных вішняў, другім жа разам ускочыла раптам з месца, села побач з ім і, ззяючы белымі зубамі і ўстрэсваючы чорнымі кучаравінкамі, якія выбіваліся з-пад яе хусцінкі, зазірнула яму ў твар. У гэты вечар, выходзячы з хаты Казлюкоў, Павел так моцна схапіў Франку за руку, што яна ажно ўскрыкнула ад болю і пачала прасіць, каб пусціў яе, але ён яшчэ мацней сціснуў яе далонь і, не звяртаючы ўвагі на яе скаргі і спробу вырвацца, пацягнуў дадому. Увайшоўшы ў хату, ён зачыніў дзверы, запаліў лямпу і, моцна сціснуўшы ўжо абедзве яе далоні, запытаў:

- Ты прысягала?

Франка ніколі не думала, што вочы Паўла могуць палымнець такім агнём, а прыглушаны голас гучаць так грозна. Забыўшыся на боль у далонях, яна моўчкі, з цікаўнасцю ўглядалася ў яго.

- Прысягала? - запытаў ён зноў.

- Ну, і што з таго? - паспрабавала быць дзёрзкай Франка.

- Адказвай... Хутчэй, хутчэй... Адказвай! Прысягала? - Дзве сінія жылы набраклі на яго звычайна такім пагодлівым ілбе, а вочы пацямнелі і нечым чорным пазіралі з глыбіні. Але Франка не спалохалася. Яна адчула раптам, як у ёй ажывае страсць да яго, якая ў апошні час пачала астываць. Павел падабаўся ёй, вельмі падабаўся ў гэтым зусім незвычайным выглядзе. Было ў ім нешта новае, цікавае: нейкая сіла, якая яе пакарала, палкасць, якая агнём прабягала па жылах. З воклічам любві, са словамі пяшчоты яна кінулася Паўлу на шыю і прыпала вуснамі да яго вуснаў. А ён, як і тады, у цёмным сасонніку ля магільнага крыжа, схапіў яе ў абдымкі і прыпаў да яе, як п'яніца да чаркі. І толькі пасля доўгай хвіліны маўчання запытаў:

- А граху ў цябе ў думках не было? У Аляксея не закахалася, га?

- Хай гэтага хама чэрці возьмуць! Патрэбны ён мне, як леташні снег! Толькі цябе аднаго я кахаю, ты мой міленькі, даражэнькі, залаты, сярэбраны, брыльянтавы!

Павел супакоіўся: ён ведаў, што яна ніколі не хлусіць, не хавае сваіх пачуццяў і думак. Гэтым разам Франка таксама не хлусіла. Да Аляксея, які быў прыгажэйшы і больш свецкі за іншых мужчын, яна пачынала заляцацца па сваёй старой звычцы, ад жадання пакараць. Калі нават яе цягнула да яго, дык цяпер, пасля адноўленай страсці да Паўла, цяга гэта адразу згасла. На вечарніцы пасля таго Франка нейкі час зусім не хадзіла і некалькі разоў сама падмяла хату і зварыла абед. Толькі хадзіць па ваду і даіць карову яна ніяк не хацела. Ды Павел і не настойваў, а на адмову яе паблажліва казаў:

- Ну, ну, глупства! Хай будзе па-твойму, абы табе добра было і абы ты сама была добрая.

Аднойчы ён звярнуўся да Франкі з просьбай, якая вельмі яе ўразіла. Было гэта ў нядзелю, калі тая вярнулася з касцёла. У касцёл, які знаходзіўся ў суседнім мястэчку, Франка ездзіла вельмі часта то з мужам, то з Піліпам і Ўльянай, то лісліва напрошвалася на воз якога суседа. Хоць мястэчка гэта было малое, але ўсё ж не вёска, і яе вельмі цягнула туды. У часе набажэнства можна было паглядзець на людзей, якія сабраліся ў касцёле, пасля пахадзіць па лаўках, паглядзець на тавары, пасмяяцца з чаго-небудзь, пачуць што цікавае або смешнае. Збіраючыся ў мястэчка, яна апраналася па-гарадскому, брала ў рукі малітоўнік, пухлы ад святых абразкоў і віншавальных паштовак, атрыманых некалі на імяніны. Гарадская вопратка нікога тут не дзівіла, а на малітоўнік многія пазіралі з цікавасцю і павагай. Нават Ульяна рабілася больш ветлівай да братавай, якая побач з ёю сядзела на возе, а позірк Піліпа, затрымліваючыся часам на чорнай вокладцы кніжкі, рабіўся больш задумлівы і паважны. Угледзеўшы яго першы раз у руках Франкі, Аўдоцця пляснула ў далоні і ўсклікнула:

- Вось шчаслівая! Вялікую ласку аказаў табе Бог, што па кніжцы хваліць яго можаш!

І нават Аляксей, калі аднойчы разам са сваёй жонкай вёз Франку ў касцёл, убачыўшы малітоўнік, прыціх, перастаў жартаваць з Франкі і, у знак павагі да яе, падклаў больш сена ў тое месца на возе, на якім яна мелася сесці. Аднак нікога гэта кніжачка не вабіла і не цікавіла так, як Паўла. Беручы яе ў рукі, ён заўсёды дзьмухаў на яе з усіх бакоў, кончыкамі пальцаў выціраў з яе рэшткі пылу, а пасля, сеўшы на лаве, паволі, асцярожна разгортваў у розных месцах яе, водзячы позіркам па друкаваных радках, то шчасліва ўсміхаючыся, то моўчкі ківаючы галавой. Ён гатоў быў гадзінамі ўглядацца ў старонкі малітоўніка, а пасля, глыбока ўздыхнуўшы, асцярожна клаў кніжку на самае пачэснае месца ў хаце - на чырвоную альховую шафку паміж лямпай і ззяючым бляшаным самаварам.

Аднаго разу, калі Франка вярнулася з касцёла і, як заўсёды нядбайна кінуўшы на стол малітоўнік, пачала са шчэбетам і смехам кружыцца па хаце, Павел, не адрываючы ад кніжкі позірку, прамовіў:

- Франка... Ведаеш, Франка, я даўно ўжо хачу аб нечым цябе папрасіць.

Франка была ў цудоўным настроі, бо сёння раніцай, калі яна круцілася на рынку, нейкі пан у прыгожым футры, відаць, пісар з суседняга маёнтка, паказваючы на яе другому, сказаў: «Вось прыгожая, шэльма!» А гэты другі, пажылы, - напэўна, аканом, кіўнуў галавой: «А нічога сабе круцёлка!» Кароткая гэта размова вельмі ўзрадавала Франку. У дадатак, на дванаццаць грошай, якія засталіся ад куплі круп і солі, яна купіла сабе карамелек і цяпер, скруціўшыся, што котка на лаве, грызла іх, як вавёрка. На словы Паўла яна адказала ветліва і пяшчотна:

- Для цябе, Паўлючок, я гатова ўсё на свеце зрабіць!

- Ну, калі ты такая добрая, дык зрабі ласку і навучы мяне чытаць.

Пачуўшы гэта, Франка спачатку аслупянела ад здзіўлення, а пасля зрабілася вельмі паважнай. Вось што значыць паходзіць з добрага роду! Калі б яна паходзіла з мужыкоў, хіба ўмела б яна чытаць! Добра. Чаму не? Навучыць яна Паўла чытаць. Вялікая гэта рэч! У дамах сваіх даўнейшых паноў яна бачыла такіх гувернантак, у якіх у галовах было меней розуму, чым ў яе мезенцу, аднак жа яны вучылі. Толькі для гэтага трэба мець буквар. Буквар Павел меўся папрасіць у аднаго знаёмага чалавека і, пачырванеўшы ад хваляваннпя, пачаў настойваць, каб Франка тым часам паказвала яму літары па малітоўніку.

- Пакажы, Франка. Пакажы хоць па малітоўніку! Я так доўга чакаў гэтага шчасця.

Яна зноў здзівілася. Якое ж гэта шчасце - умець чытаць? Але Павел сказаў ёй, што нікому ў жыцці так не зайздросціў, як тым, хто можа ў касцёле па кніжцы маліцца, а ў хаце, калі ёсць час, розныя цікавыя гісторыі чытаць. Бадзяцца па свеце ён ніколі не любіў, а таму амаль нічога не ведае, што робіцца там, за гарамі, за лясамі, а ведаць хочацца. У кніжках пра ўсё гэта напісана. Калі яны з нябожчыкам бацькам працавалі яшчэ ў панскіх маёнтках, ён бачыў шмат кніжак і людзей, якія чыталі іх уголас. У адным маёнтку ўпраўляючы чытаў часам уголас сваёй жонцы. А аканомка, калі была ў добрым гуморы, дык у нядзелю ці свята якое клікала да сябе ў пакой і ўголас з розных кніжак чытала. Ён чуў, як чыталі ўголас паненкі, залазіў пад ганак, на якім яны сядзелі, і слухаў. Ён часта марыў, як бы гэта самому навучыцца чытаць, але не было каму навучыць яго. У іх весцы толькі два чалавекі ўмеюць чытаць, але няма ў іх ні часу, ні ахвоты вучыць іншых. Затое цяпер разам з жонкай прыйшло ў яго хату гэта шчасце! Яна навучыць яго як след маліцца, выведзе з цемры да святла. А можа, ён, калі навучыцца чытаць, будзе лепшым, бо Павел чуў, што ў кніжках пішуць, якім чынам душа чалавечая можа ачысціцца ад граху і стаць белай, як голуб.