Выбрать главу

- Глупства душа, глупства голуб! - ускочыўшы з лаўкі, усклікнула Франка. - Але што ў кніжках розныя цікавыя гісторыі апісваюць - гэта праўда.

Яна сама любіла часам пачытаць. У некаторых яе паноў было шмат кніжак, яна іх брала і чытала ўночы, лежачы ў ложку, а ў святочныя дні з кім-небудзь са сваіх гасцей у гардэробнай або ў кухні. Адну з гэтых прачытаных гісторый Франка пачала расказваць Паўлу. Чытала яе і памятае так, нібы гэта было ўчора. Чытала з адным лёкаем, якога ў той час кахала. Раман гэты быў поўны незвычайных і страшных прыгод. У ім дзейнічалі забойцы, прастытуткі, падкідышы, вельмі добрыя княгіні і высакародныя графы. Франка расказвала цікава, суправаджала свае словы жэстамі і мімікай, аддаючы асаблівую перавагу любоўным прыгодам і злачынствам. Ад захаплення ў яе палалі вочы і ўздрыгвалі мускулы твару. Дык вось на што яна скарыстала сваё ўменне чытаць! І хоць Павел далёка не ўсё ў гэтай, на думку Франкі, цікавай гісторыі зразумеў, а ў нечым яна нават спалохала яго, аднак ад думкі навучыцца чытаць не адступіўся. Зіма была суровая, і на рацэ, скаванай ільдом, рыбакам работы было мала. Вольнага часу ў ІІаўла цяпер было даволі, і ён штодзень то пасля полудня, то ўвечары прасіў Франку, каб яна вучыла яго чытаць. Спачатку тая рабіла гэта ахвотна. Ля маленькага акенца, за якім стаяў заснежаны сад і калела акрытая інеем самотная груша, у слабым зімовым святле за сасновым, старанна выцертым Паўлам сталом сядзелі над разгорнутай кніжкай ці букваром муж і жонка. У гэтыя хвіліны высокі і дужы саракагадовы мужчына ператвараўся ў пакорнага, баязлівага хлапчука. Сагнуўшыся ледзь не ўдвая над сталом і амаль дакранаючыся тварам да старонак, ён так напружана ўглядаўся ў літары, на якія кончыкам пальца паказвала Франка, што здавалася, вочы яго вось-вось выскачаць з-пад шырока расплюшчаных павекаў. Твар яго ў гэтыя хвіліны выглядаў зусім інакш: бровы ўзнімаліся высока ўгару, лоб праразалі дзве глыбокія маршчыны, губы выпіналіся. Калі ён пачаў ужо адрозніваць першыя літары алфавіта і манатонна, паволі вымаўляў: «А... Б... Ц...», гукі яго голасу былі падобныя да стогнаў, якія з цяжкасцю вырываліся з грудзей. Нялёгка яму было адрозніваць гэтыя дробныя чорныя знакі, дасюль зусім незнаёмыя яго вачам, і мозг яго вельмі марудна спраўляўся з гэтай чужой для яго работай.

- Гм... га...

Над кожнай новай літарай ён доўга сядзеў моўчкі і моршчыў узмакрэлы лоб. Нялёгка яму было адрозніць яе ад іншых. Нарэшце паціху і нерашуча вымаўляў:

- Л...

Франка нецярпліва круцілася на табурэце, калі муж доўга сядзеў над новай літарай, нарэшце ўскаквала з месца і крычала:

- Вось дурань! Якое гэта «Л»? Вось мужыцкая галава! Ты такі здатны да чытання, як вол да карэты!

Не звяртаючы ўвагі на яе абразлівыя словы, ахоплены гарачаю прагай ведаў, ён пакорна ўзнімаў на яе вочы і казаў:

- Ну, Франка, не злуй! Я ўжо ўспомніў, што гэта «І». Ну, сядзь і пакажы яшчэ крышку... Годзе ўжо злаваць! Ён браў яе за руку, цягнуў да стала і супакойваў:

- Ты ж бачыш, Франка, што я да гэтага яшчэ не прывык. Пачакай крышку... Пачакай, мая любая, пацярпі, пакуль я прывыкну.

Франка зноў садзілася на месца, але ўжо надзьмутая, за кожную памылку крычала на яго ўсё больш. Але Павел цярпліва зносіў усё і толькі паўтараў:

- Пачакай, мілая, пачакай крышку, хай толькі прывыкну.

ІІрывык ён сапраўды хутка і, адолеўшы ўсю азбуку, ужо даволі бегла мармытаў: ба-ба, бэ-бэ. Але аднойчы Франка, слухаючы яго мармытанне, падскочыла, як спружына, з лавы і закрычала:

- Не хочу! Не буду! Даволі! Да д'ябла гэтае чытанне! Хіба я да цябе ў гувернанткі нанялася? Ад нуды я хутка завыю, як той сабака!

Яна кінулася на ложак, заклала за галаву рукі і, пазіраючы ў столь, пачала пазяхаць так працягла і голасна, што пазяханне гэта і сапраўды нагадвала выццё. Павел узняў ад буквара засмучаны твар, моўчкі паглядзеў на Франку, паківаў галавой і, зняважліва махнуўшы рукой, прамовіў:

- Цябе ўсё яшчэ злосць адольвае. Відаць, табе спаць хочацца, калі так рот дзярэш. Ну, і добра. Калі спаць, дык спаць.

Ён пагасіў лямпу і праз некалькі хвілін ужо моцна спаў. Але Францы было не да сну. У доўгія зімовыя вечары яе палохала зацятая цішыня і галасы ночы, якія час ад часу парушалі яе спакой, ахоплівалі яе трывогай і жахам. Хоць бы грукат якіх колаў, хоць бы адзін свісток начнога вартаўніка, хоць бы стук крокаў па замерзлым тратуары,хоць бы самы слабы водбліск вулічнага ліхтара, хоць бы далёкае рэха музыкі начной гулянкі! Дзе там! Тут не было нічога з таго, што некалі супакойвала і весяліла яе, калі не давалі заснуць мары, узбуджэнне або хвароба. Тут, у вёсцы, у ціхія марозныя ночы панавала такая глыбокая цішыня і цемра, што Францы здавалася, нібы яна ляжыць глыбока пад зямлёй. Часамі гэту цішыню і цемру парушаў гучны стук, падобны да стрэлу або да ўдару каменем аб сцяну хаты. Франка тады садзілася на пасцелі і ўсхвалявана слухала, а калі стук паўтараўся, пачынала штурхаць мужа. Пабудзіўшы Паўла, яна спалохана шаптала, што ў хату ломяцца разбойнікі. Павел у гэта не верыў, бо колькі ён жыў на свеце, у іх вёсцы разбойнікаў ніколі не бывала. Нейкую хвіліну ён прыслухоўваўся да цішыні, а калі зноў паўтараўся стук, са смехам казаў жонцы, што гэта ад марозу трашчаць сцены. З часам яна пераканалася, што гэта праўда, але асвойтацца з гэтымі начнымі галасамі ніяк не магла.

Мароз, як ледзяны волат, злосны і сумны, блукаў па вёсцы. То блізка, то далека ён грукаў у адну, другую сцяну хаты, трашчаў ля малых акенцаў, хадзіў па агароджах саду. Здалёк было чуваць, як ён блукаў вакол хаты Казлюкоў.

Праўда, ледзяны волат блукаў цёмнымі начамі па вёсцы не так часта, але і адлігі нямымі не былі. Яны ўздыхалі, шапталі, усхліпвалі. Уздыхаў вецер, а пад капяжамі хаты таялі ледзяшы і з ціхім плюскатам плакалі пад сцяной. Старая груша шамацела, і ледзь чутны шолах яе разбягаўся па счарнелым снезе і па сухіх галінах дрэў. У гэтыя ночы Францы здавалася, што яна чуе то ціхую гаворку разбойнікаў, што затаіліся ля хаты, то ўздыханне непрыкаяных душаў, якія блукалі па зямлі. На памяць ёй прыходзіў тады вясковы могільнік і розныя гісторыі аб прывідах і духах, якіх яна ведала мноства. У цёмнай хаце чуўся яе гарачы спалоханы шэпт:

- У імя Айца і Сына і Святога Духа... Ісусе, прасвятая Марыя і ўсе святыя, ратуйце нас!

Пры дзённым святле і ў добрым гуморы Франка часта са смехам казала: «Бог, душа - глупства ўсё гэта!», а ўначы яна верыла, што з таго свету прыходзяць душы нябожчыкаў, і клікала на дапамогу не толькі Бога, але і ўсіх святых, імёны якіх ведала з малітоўніка.

А найгорш было тады, калі над заснуўшай вёскай гойсалі зімовыя вятры. З шырокіх палёў, з глыбокай катлавіны Нёмана, з-пад цёмнага неба прыляталі яны і накідваліся на нізкія, заснуўшыя пад снежнай коўдрай хаты, спраўлялі шалёныя оргіі вакол цёмных, засыпаных гурбамі сцен. Паветра тады кіпела, бурліла і напаўнялася віскам усіх галасоў свету. Здавалася, што агромністыя снарады ляцяць навыперадкі са страшэнным гулам, сутыкаюцца ў шалёным разгоне, і грымоты з няспынным грукатам ляцяць з канца ў канец зямлі. У посвісце ветру чуліся прарэзлівае выццё зграі шалёных сабак, крыкі катаваных, плач і стогны безнадзейнай роспачы, працяглыя скаргі, якія губляліся ў грозным шуме, лапатанні незлічоных крылаў, у трэску і грукаце падаючых гмахаў. Увесь гэты пякельны шум і шаленства ў цемры ночы не будзілі аднак людзей, што спалі пад нізкімі, заснежанымі стрэхамі. Спакойна і бесклапотна спалі яны ў суровых, але змалку знаёмых абдымках маці-прыроды, і толькі адна істота сядзела на пасцелі, углядаючыся ў цемру, напружваючы слых, затрымліваючы дыханне. Яна была ўпэўнена, што вось-вось з трэскам расчыняцца насцеж дзверы і вокны і ў хату ўляціць натоўп злых духаў, або шалёная гэта віхура аберне хату і пахавае пад ёю Франку. І яна зноў штурхала пад бок мужа: