- Павел! Павел! Уцякайма хутчэй, а то хата зараз заваліцца!
А Павел сонным і здзіўленым голасам пытаў:
- Чаму?
- А ты паслухай, паслухай! - казала спалохана Франка.
Павел нейкую хвіліну слухаў, пасля паварочваўся на другі бок і казаў:
- Глупства. Не заваліцца! Не ўпершыню гэта.
- Паўлюк, запалі лямпу, - прасіла Франка, - Запалі, мой даражэнькі, залаты, брыльянтавы!
Паўла ні аб чым доўга прасіць не прыходзілася. Ён уставаў і, запальваючы лямпу, пытаў:
- Чаму ж ты не запаліла сама?
- Я і дыхнуць баялася, не толькі ўстаць.
- Дурніца! Перажагнайся ды спі.
І, ледзь прамовіўшы гэта, Павел засынаў зноў, а яна, хоць пры святле лямпы было ўжо не так жудасна, не клалася і, седзячы на ложку, ускалмачаная, усё яшчэ з кроплямі поту на лбе, прыглядалася да заснуўшага побач мужа. Павел засынаў хутка і моцна і, калі ляжаў нерухомы, заплюшчыўшы вочы, выглядаў значна старэйшым, чым тады, калі рухаўся і глядзеў.
Удзень гнуткасць рухаў і ясны блакіт вачэй надаваў яму амаль юнацкі выгляд. Цяпер маршчыны, якія пераразалі лоб, зрабіліся больш акрэсленымі, а сур'ёзная складка вуснаў рабіла твар яго суровым. Сцяўшы зубы, Франка прамовіла:
- Вось балван! Зноў заснуў!
Быў ён зараз непрыгожы. Зусім не такі, як тады, калі яна ўпершыню ўбачыла яго на Нёмане! Тады ён паказаўся ёй гэткім стройным, спрытным, і з такім захапленнем глядзеў на яе! А цяпер...
- Стары! - прашаптала яна.
Вакол хаты гуляў, свісцеў, грымеў і скавытаў вецер. А Франка з раскалмачанымі валасамі ўсё яшчэ сядзела на пасцелі, углядалася ў твар мужа, і злосныя агоньчыкі ўспыхвалі ў яе чорных вачах.
Аднак, калі ён прачынаўся на досвітку і абдымаў яе, Франка тулілася і ласцілася да яго, як кошка, асыпала яго пацалункамі, а пасля са смехам і шчэбетам ускаквала з ложка, распальвала ў печы і гатавала снеданне.
Але ўсё часцей і часцей Павел, не пабудзіўшы жонкі, выходзіў з хаты, каб зазірнуць у сеці, што апусціў учора ў палонку, або, калі лёд ужо крануўся, паглядзець на крыгаход і вызначыць, дзе і калі ў бліжэйшыя дні можна будзе лавіць рыбу. Пажадлівасць не была галоўнай уласцівасцю яго натуры, і хоць яна, позна і ўпершыню абуджаная Франкай, успыхнула бурна, цяпер ужо аслабела пад ацяжэлым спакоем цела і духа і схільнасцю да маўклівага назірання і роздуму. Калі лёд на рацэ крануўся і Павел упершыню выйшаў на бераг паглядзець на крыгаход, ён добрую гадзіну стаяў нерухома, падпёршы рукой падбародак, і любаваўся краявідам, які раскінуўся перад яго вачыма. У цёплым блакіце неба адчувалася набліжэнне вясны. Над лесам самотна стаяла бледнае, але ўжо цёплае сонца. За ракой, сярод цёмнай зеляніны соснаў, дзе-нідзе бялеў яшчэ рыхлы наздраваты снег, а над вяршалінамі дрэў з вясёлым карканнем ляталі вароны. А па Нёмане, які нагадваў неаглядны паток расплаўленага серабра, плылі крыгі, падобныя на пагоркі і дамочкі з крышталю. Дзе-нідзе ля берага, пад тоўстым покрывам лёду, чутно было кіпенне і бурчанне заняволенай вады, але шырокай сярэдзінай Нёмана то гуртам і шпарка, то паасобку і павольна плылі крышталёвыя крыгі, ззяючыя, празрыстыя, пазалочаныя праменнямі сонца або палітыя барвамі вясёлкі. Крыг гэтых было такое мноства, што яны здаваліся фантастычным шматлікім натоўпам, які паспешліва і маўкліва ўцякае з нейкіх невядомых краін. Згрудзіўшыся на дальнім канцы ракі, яны нагадвалі казачны горад з высокімі вежамі і дахамі, а на другім канцы ракі такі самы ледзяны горад разбіваўся на дробныя часткі і ўкрываў сярэбраны шлях Нёмана. А ў паветры стаяла ўрачыстая цішыня, скрозь холад прабівалася кволае і няўстойлівае цяпло, і пахла ўжо адталай зямлёй, якая пачынала вольна дыхаць пад рэшткамі снегу.
Штогод Павел назіраў гэты краявід і штогод вітаў яго прыязнай усмешкай і радасным бляскам вачэй.
Гэта цудоўнае абуджэнне прыроды выклікала ў душы яго не толькі захапленне, але і радасць ад сустрэчы з нечым добра і здаўна знаёмым. Ён любіў прыроду тою магутнай любоўю, якая прымушае дзіця, што не ўмее яшчэ вымавіць імя маці, вуснамі і рукамі цягнуцца да яе грудзей. Ён любіў прыроду, як слімак любіць свой дамок і чарвяк свой родны камячок зямлі. Аднак апрача гэтай вялікай любові да прыроды, Паўла заўсёды агортвала захапленне, калі ён назіраў яе розныя з'явы. Вось і цяпер, убачыўшы крыгі, што плылі па рацэ, ён спыніўся і нават усклікнўў, нібы бачыў іх упершыню ў жыцці. Цэлую гадзіну стаяў ён на беразе і так пільна ўглядаўся ў крыгі, нібы лічыў іх; на тыя, што мелі асабліва дзівосную форму, ён глядзеў даўжэй, чым на іншыя. Заўважыўшы крыгу, падобную да шкляной каплічкі і ззяючую вясёлкавымі фарбамі, ён доўга ківаў галавой:
- Ой якая прыгожая!
Стук сякеры прымусіў яго азірнуцца. Ён убачыў Піліпа, які напраўляў свой паром перад тым, як спусціць яго на ваду. Відаць, аднаму яму нялёгка было спраўляцца з работай, і ён паклікаў Паўла:
- Памажы, калі ласка, швагер!
Павел падняў з зямлі сякеру, падрыхтаваную, відаць, для Данілкі, і не спяшаючыся пачаў убіваць у тоўстыя дошкі вялізныя цвікі. Яны так старанна стукалі сякерамі ў ранішняй цішыні, што Ўльяна з двума вёдрамі, а за ёю і іншыя кабеты з вёдрамі ды збанамі падаліся да ракі, а некалькі мужчын пачалі сцягваць з гары лодкі з чаўнамі, якія хутка ім маглі спатрэбіцца. Адны іх смалілі, а другія збівалі сякерамі рассохлыя дошкі.
Бераг ракі закіпеў жыццём, працай, абазваўся гучнай гамонкай людзей. Перш чым заняцца сваёй справай, кожны хоць хвіліну глядзеў на крыгі, што плылі па рацэ, і, ківаючы галавой, паказвалі пальцамі на самыя вялікія і дзівосныя з іх. Кабеты з віскам ступалі ў ледзяную ваду і паспешліва напаўнялі свае збаны і вёдры. Некалькі хлапцоў пад кіраўніцтвам гарэзлівага Данілкі скочылі на крыгу, што плыла ля самага берага, і з пераможнымі воклічамі, у якіх аднак адчуваўся і затоены страх, спрабавалі коўзацца па ёй. Піліп, адарваўшыся ад работы, пачаў ушчуваць малодшага брата за свавольства і гультайства. А Павел тым часам прадказваў мужчынам, якія працавалі побач, што, мяркуючы па паху зямлі і крыгаходу, вясна сёлета будзе ранняя і цёплая. Гоману людзей на адным беразе ракі адказвала карканне варон на другім. Яны, як апантаныя, чорнымі чародамі ляталі над лесам. А паверсе з канца ў канец вёскі чулася прыглушанае сценамі хлявоў мычанне кароў і бляянне авечак. Спявалі пеўні, брахалі сабакі, нібы спаборнічалі са стукам сякер унізе, і ў гушчары далёкага лесу адгукалася працяглае рэха.
А ў гэты час Франка, абуджданая рыпеннем дзвярэй, адрывала ад падушкі ўскалмачаную галаву і, праціраючы заспаныя вочы, убачыла спачатку сукаваты кій, а пасля, ля самага парога, кучу лахманоў.
- Пахвалёны, - пачуўся рыплівы голас.
Пацягваючыся ляніва ў пасцелі, Франка сказала:
- Зрабі ласку, Марцэля, распалі агонь, а я яшчэ крышачку паляжу.
За міску крупніку, за шклянку чаю, а часам за кавалак сала і жменю мукі жабрачка стала яе прыслужніцай. Была яна таксама і яе сяброўкай, адзінай кабетай у вёсцы, з якой Франка любіла бавіць час і якую нават у думках не называла мужычкай і хамкай. Седзячы на падлозе ля парога або на лаве і папіваючы з зеленаватай шклянкі чай, Марцэля ўжо даўно расказала Францы пра сваё жыццё. Марцэля, у адрозненне ад усіх вясковых кабет, ніколі не была замужам. Усе свае маладыя гады тулілася па панскіх маёнтках, то цяжка працавала, то весела гуляла, у залежнасці ад таго, які лёс выпадзе. Быў час, калі яна жыла, як пані, была шчаслівая, мела прыгожую вопратку, працавала толькі тады, калі мела на гэта ахвоту. Малады пан любіў яе без памяці. Ажаніцца з ёю ён не мог, бо яна была простай сялянкай, але любіў і, магчыма, ніколі не перастаў бы любіць яе, можа, калі-небудзь і ажаніўся б з ёю, каб не страціў маёнтак і не выехаў у далёкую краіну, у вялікі горад. Дзе ўжо было браць яе з сабой, калі сам збяднеў! Паехаў і забыўся на яе. І яна забылася на яго. Усяго пасля таго зазнала - і шчасця і гора, а калі зусім састарэла і стала жабрачкай, усё часцей і часцей пачала прыгадваць тое першае сваё шчасце. То ўздыхаючы, то смеючыся, то сумна ківаючы галавой, яна расказвала Францы пра панскія гулянкі і прысмакі, пра цудоўныя пакоі, пра вясёлых музыкаў. А Франка, ззяючы вачыма, прагна слухала яе і, здавалася, упівалася гэтымі расказамі, якія будзілі ў яе памяці цэлы рой успамінаў. І яна ў сваю чаргу горача, усхвалявана пачынала расказваць Марцэлі пра сваю маладосць, пра свае любоўныя прыгоды і ўражанні. Нагаварыўшыся, яны ўпадалі ў сумны і горкі роздум, і Франка пачынала наракаць на свой лёс: