- Па-ром! Па-ром!
Вокліч заціх, бо паром, замацаваны паміж дзвюма вялікімі лодкамі, заспяшаўся да пясчанага берага, на якім цьмяна абазначыліся абрысы параконнай брычкі. Пад цёмнымі, нізкімі хмарамі на шэрай вадзе, якая павольна і цяжка несла паром, людзі, што кіравалі ім, здаваліся прывідамі. Рытмічна, бясшумна Піліп і Данілка вялі паром, то выгінаючыся назад, то зноў выпростваючы свае высокія постаці. Змрок зацямніў іх твары і вопратку, і яны здаваліся чорнымі рысамі, што зрасліся з такім самым чорным паромам, а доўгія шасты чорнымі касымі лініямі цягнуліся ад іх рук да вады. І толькі тады, калі паром пераплыў раку, на другім яе беразе адгукнуліся невыразныя, прыглушаныя адлегласцю галасы.
І тады Павел, стоячы перад сваёй хатай, прашаптаў:
- Божа ж мой, Божа!
Цяжка сказаць, ці чуў ён крыкі, ці мог які-небудзь гук дайсці ў гэтыя хвіліны да яго свядомасці і вярнуць да рэальнасці душу, апушчаную ў нейкую глыбокую бездань. Ён павольна ссунуў назад шапку, і цяпер было відаць, што ён глядзеў на дарогу, якая бегла між палёў удалячынь, аж пад цёмны схіл хмар.
Ад ракі паволі падымалася ўгору параконная брычка. У гэтую хвіліну з-за вугла сваёй хаты выйшаў Піліп. Ён, відаць, вельмі спяшаўся і, каб скараціць шлях, не стаў абыходзіць агароджу, што падзяляла іх сады, а лёгка пераскочыў праз яе і шырокім крокам пайшоў да Паўла.
- Швагер, ты не сярдуй на нас, калі ласка, - сказуў ён. - Мы зараз урадніка праз раку перавозілі і ўсё яму расказалі.
З вялікім намаганнем выціскаючы з сябе словы, Павел спытаў:
- А што ж такое вы яму расказалі?
Піліп апусціў вочы і правёў далонню па валасах.
- Што Франка некуды падзелася і ўжо тыдзень, як яе няма ў хаце, - сказаў ён паціху.
Павел узняў галаву і з-пад казырка шапкі злосна бліснуў вачыма:
- Чорт вас цягнуў за язык!
- Я бы, можа, і не сказаў... Што мне да таго? - апраўдваўся Піліп. - Але Данілка пачаў: так і так, маўляў, пан ураднік... Збегла, як той казаў...
Параконная брычка ўжо выехала з-за Казлюковай хаты і спынілася ля зачыненых варот Паўлава двара. Чалавек, які сядзеў у ёй, у шынялі з бліскучымі гузікамі, паклікаў Паўла і голасам, у якім чутна была насмешка, запытаўся:
- Кабыцкі! Гэй, Кабыцкі! Кажуць, жонка ў цябе прапала, ці што? А можа, яе разбойнікі дзе забілі? Ці ўтапілася? Чаму ж ты ў паліцыю не паведаміў? Пашукалі б як след, дык можа і знайшлі б. Ці табе яе не шкада, га? Такая прыгожая кабетка прапала, а ён хоць бы што! Не сорамна табе... Ха-ха-ха!
Ураднік смяяўся, а трое людзей, якія стаялі ля хаты, з цікавасцю чакалі адказу Паўла. Магчыма, яны спадзяваліся, што ІІавел пачне клясці жонку ці прасіць урадніка, каб той адшукаў яе, хоць бы з-пад зямлі дастаў і прывёў да яго на пакаранне. Але Павел стаяў ля брычкі і маўчаў датуль, пакуль ураднік не перастаў смяяцца. А пасля спакойна і паважна прамовіў:
- Яна не ўцякла, не ўтапілася, ніякія разбойнікі яе не забілі. Яна да сваякоў паехала.
- Эгэ! - падаў голас ад варот Данілка. - Да сваякоў паехала... Толькі немаведама, калі вернецца.
Піліп цыкнуў на брата, каб той маўчаў, а Павел, пазіраючы на ўрадніка, казаў далей:
- У паліцыю я не паведамляў і паведамляць не буду, бо тут ніякай паліцыі не трэба. Я сам для яе паліцыя.
Ён узняў галаву, і ў голасе яго пачуўся гнеў.
- Бач, які горды! - кпліва прабурчаў ураднік і недаверліва запытаў:
- Дык ты ёй, выходзіць, дазволіў паехаць?
- Дазволіў! - не вагаючыся ні хвіліны, адказаў Павел.
Данілка пырснуў, прыкрываючы далонямі рот.
- Ну, калі так, дык мне тут няма чаго рабіць. Паехалі!
Брычка, грукаючы, пакацілася па вясковай вуліцы, а Павел, злосна бліснуўшы вачыма, звярнуўся да Казлюкоў:
- А вы трымайце языкі за зубамі! - сярдзіта махнуў ён рукой. - Бо хоць я чалавек спакойны, а гнеў свой паказаць магу... Што вам да таго, куды яна пайшла і калі вернецца, хутка ці не? Калі яна каго і пакрыўдзіла, дык мяне, а не вас... Але і мне яна нічога дрэннага не зрабіла... Да сваякоў з дазволу майго паехала. Ведайце гэта. Не балбачыце языкамі, і каб я больш ніколі не чуў пра яе благога слова!
- Ой, Паўлючок! - жаласна ўсклікнула Ўльяна. - Мусіць, ты нас ужо зусім не любіш, калі так крыўдзіш... А ўсё праз гэтую шэльму, - ціха дадала яна.
Жаласны голас сястры, якую Павел, як родны бацька, выгадаваў і замуж аддаў, крыху супакоіў яго.
- Не крыўджу я вас, - адказаў ён. - Толькі прашу і загадваю, каб не рабілі таго, што мне не міла. Я вам ніколі гэтага не рабіў, дык і вы мне не рабіце... А Франка да сваякоў з майго дазволу паехала. І калі яна вернецца, мне гэта добра вядома. Запомніце гэта.
Ён адышоў ад іх, пераступіў цераз паркан, стаў ля сваёй хаты, абапёршыся плячыма аб сцяну, і, як вельмі стомлены чалавек, часта і цяжка задыхаў. Ссунуўшы назад шапку, ён доўга глядзеў на дарогу, якая ледзь прыкметнай бялявай стужкай пераразала цёмнае поле. Казлюкі пайшлі ў хату, два акенцы якой засвяціліся залатымі агеньчыкамі. Паўлава хата стаяла цёмная, маўклівая. Змрок з кожнай хвілінай гусцеў і агортваў усё навокал ад неба да зямлі, і толькі перад самым надыходам ночы наляцеў аднекуль вецер, зашамацеў сухімі сцябламі гароху і паляцеў у сасоннік, на могільнік. Сосны загайдалі галінамі і працягла зашумелі. Дробны дождж зацярушыў з хмар, якія чорным суцэльным полагам нізка навіслі над зямлёй. Набліжалася доўгая, цёмная, асенняя ноч. Бавіць яе вясёлымі вечарніцамі ў вёсцы пачыналі пазней, напярэдадні зімы. А цяпер, апрача сабак, якія часамі сноўдалі пад сценамі і платамі, ніводная жывая душа не паказвалася на вуліцы. Ва ўсіх хатах ярка гарэў агонь і чулася вясёлая сямейная гамонка.
У сасонніку над магіламі жаласна закрычала сава, і ў гэтую хвіліну ціха зарыпелі вароты. Нехта, спяшаючыся, пайшоў па двары, і перад Паўлам вырасла постаць жанчыны.
- Паўлюк, - прашаптала яна.
- Хто тут? Чаго трэба? - нібы прачнуўшыся, запытаў Павел.
Аднак жанчына адказала не адразу. Яна была невялікага росту і, каб зазірнуць яму ў твар, мусіла адкінуць назад галаву.
- І чаго гэта, Паўлюк, ты тарчыш уночы перад хатай, нібы вартаўнік? - пачала яна. - Чаго ты, як той слуп, стаіш у цемры, на поле вочы вылупіўшы? Гэта ж ноч на дварэ. Ідзі ў хату, чуеш? Ну, ідзі, ідзі, а то людзі падумаюць, што з глузду з'ехаў або яшчэ што благое з табой здарылася.
Невядома чаму, усё гэта яна гаварыла шэптам, бо нічога таямнічага ў словах яе не было, ды і паблізу не было ніводнай жывой душы, якая магла б яе пачуць. Такім шэптам звычайна гавораць людзі, якія ходзяць ля цяжка хворых або ля нябожчыкаў. У шэпце гэтым адчуваўся неспакойны клопат і жах перад таямнічай і грознай з'явай хваробы ці смерці.
- Чуеш, Паўлюк? - шаптала яна. - Ідзі ў хату. Што ты тут выстаіш? Вось і дождж пайшоў. Ну, ідзі ўжо, ідзі! Чуеш?
Яна пачала абедзвюма рукамі падпіхаць яго да дзвярэй хаты.
Але гэта настойлівасць абурыла Паўла.
- Чаго ты ад мяне хочаш, Аўдоцця? Чаго прычапілася да мяне, як смала? - злосна прабурчаў ён. - Адчапіся! Калі захачу, дык і ўсю ноч так прастаю, і не твой гэта клопат.
- А вось і не прастаіш! Не дам я табе загінуць! Ці мала я на сваім жыцці хворых бачыла і ад смерці ратавала? І цябе выратую!
Відаць, стан, у якім знаходзіўся зараз Павел, Аўдоцця лічыла цяжкой хваробай. Яшчэ раніцай, сустрэўшы яго ля ракі, яна ўтаропілася ў яго сваімі жывымі вочкамі, паківала галавой і паціху прамовіла:
- Нешта ты, Паўлюк, блага выглядаеш - нібы табе да смерці ўсяго тыдзень застаўся.
І, калі ўжо несла ўгару поўнае вядро вады для нявесткі, вырашыла, што ўвечары абавязкова наведае Паўла.