Выбрать главу

- Хадзем у хату, я нешта табе пра Франку раскажу, - зноў зашаптала яна. - Максім сёння з горада прыехаў, казаў, што бачыў яе. Калі пойдзеш у хату, дык скажу, а калі не пойдзеш, дык і заставайся тут, як тое нямое неразумнае быдла... або як дурное дзіця, што не хоча, каб яму дапамаглі.

Недарма прыгадалася Аўдоцці малое дзіця. Колькі разоў, калі яе сын Максім, і два іншыя сыны, і дочкі, а пасля і маладая нявестка ляжалі ў гарачцы на тапчане, стаяла яна над імі з гаршком горкага зелля ў адной руцэ і з лыжкай мёду ў другой і казала:

- Калі нап'ешся зёлак, дам табе мёду, а калі не, дык і ляжы сабе, як тое неразумнае і нямое быдла...

Так і цяпер:

- Калі пойдзеш у хату, дык я табе нешта пра Франку раскажу, а калі не пойдзеш, дык і бывай здароў. Ці я буду тут усю ноч з табой стаяць ды мокнуць пад дажджом, як сабака?

Павел насунуў на вочы шапку.

- Ніякіх вестак пра яе мне не трэба... - злосна прамовіў ён. - Я сам пра яе ўсё ведаю... Яна да сваіх паехала...

Як перад гэтым з ураднікам, сястрой і шваграм, так зараз з Аўдоццяй ён гаварыў неўласцівым для яго тонам: злосна і раздражнёна. Аднак усё ж павярнуўся да дзвярэй, з грукатам расчыніў іх і, перш чым увайсці ў цёмныя сенцы, яшчэ раз акінуў позіркам чорныя палі і дарогу, якую цалкам праглынала цемра.

Апынуўшыся ў цёмнай хаце, Аўдоцця ўжо галасней, але ўсё яшчэ прыглушана прамовіла:

- Ой, і холадна ў цябе ў хаце. Мусі, дні тры ў печы не палена? Ці ты еў сёння што-небудзь, ці не? Мусі, не, бо і агню не раскладаў. Ну, дай сярнічкі, агонь распалю ды вячэру табе згатую. Ой, і стары ты мужык, а дурны! Давай сярнічкі, дзе яны ў цябе?

- Не ведаю. Пашукайце, калі ласка, самі, - сказаў хрыплым голасам Павел і сеў ля акна на лаве.

Аўдоцця паціху, як мыш, мітусілася па цёмнай хаце, мацаючы рукамі на печы, па прыпечку, на стале і лаўках.

- Каб на іх паралюш! Каб іх хвароба пакруціла!

Так праклінала яна запалкі, якія ніяк не магла адшукаць. Нарэшце знайшла іх, і ў руцэ яе бліснуў сіні агеньчык, а пасля доўгі язык полымя лізнуў сухую трэску. Яе таксама Аўдоцця знайшла вобмацкам на падлозе і цяпер трымала, узняўшы ўгару, - чакала, пакуль яна ўся зоймецца полымем. На фоне глыбокай, пустой, астылай печы палаючая, як факел, лучына асвятліла абкручаную чырвонай хусткай галаву і твар, пакрыты дробнымі маршчынамі, але круглы і румяны, як здаровы і толькі крыху прыхоплены марозам асенні яблык. У чорных жывых яе вачах, атуленых мноствам маршчын, агонь запаліў залатыя свечачкі. Аўдоцця павесялела і залапатала:

- Ну вось, зараз табе будзе і агонь, і вячэра, і ў хаце пацяплее. А сала ў цябе ёсць? Хіба зацірку з салам зварыць? Бо як бульбу пачну абіраць, дык ты да поўначы галодны будзеш. А з заціркай работа кароткая! Пасля пасядзім сабе, пагаворым, а калі хочаш, дык і заначую ў цябе, каб не быў адзін, як воўк. Хоць ты і раней быў тут адзін, ды, мабыць, ужо адвык. Хіба я не разумею гэтага? Я ўсё разумею! Калі мой памёр, у мяне пад сэрцам так балела, што, здавалася, калі застануся хоць на хвілінку адна, дык адразу сканаю, будзе мне аман. Ды не было калі заставацца адной... дзеці сканаць не далі... даглядаць іх мусіла... Ды і падгруднік піла. Я і табе падгрудніку прынясу, і калі боль пад сэрца падступіць, пап'еш гэтых зёлак - адразу стане лягчэй. Заначую ў цябе, а заўтра ранічкай у печы выпалю і пабягу дадому... Я яшчэ, дзякуй Богу, дзвюм хатам і дзвюм гаспадаркам дам рады. І сіла ё, і ахвота. Чаму не? Добраму чалавеку ў бядзе дапамагчы - рэч вельмі патрэбная. Гасподзь за гэта грахі мне адпусціць, а ты, Паўлючок, калі аддзячыць захочаш, дык часам крыху рыбы нам прынясеш. Тадэвуш і Гануля ой як за рыбкай прападаюць! Страх як малыя шэльмачкі прападаюць за рыбай, болей, чым за цукрам ды абаранкамі... Ну, а не захочаш прынесці, бог з табой. Абы я цябе ад гэтай паганай хваробы вылечыла! І вылечу! Чаму ж не вылечыць? Не гэткія хваробы я бачыла і лячыла...

Відаць, паміж горам і хваробай Аўдоцця вялікай розніцы не бачыла, і ёй здавалася, што першае лягчэй вылечыць, чым другое. Яна гаварыла ўсё весялей, а прыгадаўшы «маленькіх шэльмачак» Тадэвуша і Ганулю, весела засмяялася. Прыклаўшы да палаючай трэскі другую, трэцюю і чацвёртую, яна хацела ўжо кінуць іх у печ, але Павел раптам схапіў яе за руку.

- Не запальвайце агню! Богам прашу, не запальвайце! - пачуўся над яе галавой голас, у якім гучала такое глыбокае цярпенне, такое знясіленне, якія Аўдоцця не раз у жыцці чула ў голасе паміраючых. Яе ахапіў жах, і яна хуценька павярнулася да Паўла.

- Чаму? - запытала яна, усё яшчэ трымаючы ў руках палаючыя трэскі і ўглядаючыся ў твар Паўла. - Ой, звар'яцеў, далібог, звар'яцеў! Ну, на каго ты зараз падобны? Каб сам сябе ўгледзеў, дык спалохаўся б.

Лоб Паўла перарэзалі дзве глыбокія зморшчыны, вусны дрыжалі, як у чалавека, які вось-вось заплача, а нерухомыя вочы з-пад узнятых угору броваў пазіралі не на Аўдоццю, а некуды па-за сцены хаты, у далёкі свет.

- Не запальвайце агню! - паўтарыў. - Калі ласка, не запальвайце!

Не то спалохана, не то злосна Аўдоцця зноў запытала:

- Чаму ж гэта?

- Не пытайце, калі ласка, чаму, а толькі не запальвайце... Прашу вас.

А пасля, нібы прымушаючы сябе, дадаў:

- Мне здалося, што гэта яна стаіць ля печы і распальвае агонь.

Ён выхапіў у Аўдоцці запаленыя трэскі, кінўў іх на гліняную падлогу і затаптаў нагамі. У хаце зноў стала цёмна, і ў гэтай цемры невыразна вызначалася перад печчу постаць Аўдоцці. Яна доўга стаяла моўчкі, прыклаўшы да шчакі пальцы. Аўдоцця заўсёды прыкладала да шчакі пальцы, калі была нечым заклапочана або здзіўлена. Відаць, хвароба Паўла была значна цяжэйшая, чым ёй здавалася спачатку, калі яна, нібы нічога сур'ёзнага не сталася, пачала лапатаць і нават смяяцца. Мусіць, і сапраўды сталася з ім бяда. А можа, нехта зрабіў яму гэта, дык трэба будзе заўтра напарыць капытніку, які ад гэтага дапамагае найлепш. Жаданне як найхутчэй даведацца, як усё адбылося і пра што кум зараз думае, так даймала Аўдоццю, што яна ледзь стрымлівала язык, - столькі на ім было розных пытанняў. Яна падышла да Паўла, які сядзеў на лаве, і ціха, як хвораму, сказала.

- А Максім пра яе з горада весткі прывёз.

Паўла, які сядзеў у цёмным кутку, зусім не было відаць. З цемры пачуўся яго голас, поўны непахіснай рашучасці:

- Мне ніякіх вестак пра яе не трэба. Паехала да сваякоў. З майго дазволу паехала...

Аўдоцця села на другой лаве насупраць акна і паволі, разважліва пачала:

- Ці ты, Паўлюк, сам сябе ашукваеш, ці людзей абдурыць хочаш? Навошта гэтая гаворка, калі ўсе ведаюць, што яна не... да сваякоў паехала, а ад цябе ўцякла з лёкаем тых паноў, што жылі тут улетку. Я і сама бачыла, як яна туды бегала, а калі не магла пабегчы, дык гэту шэльму, Марцэлю, да яго пасылала. І лёкая таго я не раз бачыла, калі ён хадзіў над ракой і выглядаў яе. І блізка яго бачыла. У чорным сурдуце, валасы кучаравыя, і нечым такім ад яго смярдзела, ці то ёлкім салам, ці то багуном, што ў лесе расце, ці блашчытнікам, які ўсякую нечысць труціць. Ліха яго ведае, чым смярдзела. Марцэля казала, што гэта парфумы і памады... Ліха яго ведае! А твая і пачала ўлягаць за ім. Казала Марцэлі, што ён не горшы за любога паніча. «Досыць ужо, кажа, я нагледзелася на хамаў, паніча хочу». Надта ж ёй, відаць, гэтыя парфумы спадабаліся. Аднаго разу там на кухні танцы наладзілі, і твая Франка на танцы гэтыя пабегла. А ты тады цэлы дзень на рацэ быў, рыбу лавіў і ў горад вазіў. З тых танцаў яна як звар'яцелая дадому прыйшла, а пасля яшчэ і сама ў хаце танцавала. «Ой, Марцэлька, - гаворыць, - які ён прыгожы, як цудоўна танцуе, а як гаворыць!» А пасля, калі гэтыя паны ў горад пачалі збірацца, яна спачатку засумавала, а пасля зноў павесялела і сказала Марцэлі, што лёкай гэты ўгаворвае яе ў горад вярнуцца ды зноў пайсці служыць, а ён будзе да яе штодзень прыходзіць, вадзіць на шпацыр або на танцы. «Уцяку, - кажа, - далібог, уцяку. Хіба я ў няволю сябе прадала? Ці жывую мяне ў зямлю закапалі? Ці мне свет нямілы? Уцяку!» І ўцякла, каб ёй дабра не было, нягодніцы гэтай! А ты сваякоў нейкіх прыдумаў! Да сваякоў паехала! Да сваякоў паехала! Думаў людзей абдурыць, а сам у дурнях застаўся. Кожнае дзіця ў вёсцы ведае, што гэта за сваякі...