Выбрать главу

Аўдоцця змоўкла і з прагнай цікавасцю чакала, што скажа Павел цяпер, калі пераканаўся, што яна і ўся вёска ведае праўду. Напэўна, пачне праклінаць Франку і наракаць, што ажаніўся з гэткай. А калі пачне праклінаць і наракаць, дык і туга хутчэй з яго выйдзе. Павел доўга маўчаў, але нарэшце ў цемры пачуўся яго прыглушаны, хрыплы голас:

- А прысягала мне! У словах гэтых прагучала бязмежнае здзіўленне.

- Ці ж ты і сапраўды толькі цяпер, ад мяне, даведаўся праўду? - з няменшым здзіўленнем усклікнула Аўдоцця.

Гэтым разам яна дарэмна чакала адказу. Павел маўчаў. Счакаўшы хвіліну, яна пачала расказваць, што яе сын, Максім, вазіў учора на нядзельны кірмаш шаснастку аўса і паўкапы яек, а пад вечар, калі ехаў дадому, сустрэў на вуліцы Франку. Яна ішла пад ручку з нейкім кавалерам, мабыць, з тым самым лёкаем, а чырвоныя стужкі ажно сляпілі вочы, столькі іх на ёй было. Яна ўгледзела Максімку і кіўнула яму галавой. «Як маешся, Максімка? - кажа. - Кланяйся там усім ад мяне і скажы, хай шукаюць цяпер ветру ў полі». Зубы вышчарыла і, падскокваючы, пайшла сабе з кавалерам. Максім толькі плюнуў ёй услед. «Ой, мамачка, - кажа, - так мне хацелася пугай па плячах яе сцёбнуць! Ды баяўся, каб у паліцыю мяне не забралі».

Аўдоцця зноў пачакала, якое ўражанне зробіць на Паўла гэтая вестка. Цяпер ужо напэўна ён пачне праклінаць і апошнімі словамі лаяць Франку. Але Павел доўга маўчаў, а пасля тонам чалавека, які ўсё яшчэ не можа апамятацца ад здзіўлення, сказаў:

- А яна ж прысягала мне!

- Поп сваё, а чорт сваё! - усклікнула Аўдоцця. - Кажы яму, што хочаш, а ён толькі дзівіцца ды дзівіцца! І чаго цябе такое дзіва бярэ?

Не дачакаўшыся адказу на гэта пытанне, яна правіла далей:

- Ты, Паўлюк, вялікім крыжам перажагнайся, плюнь на гэтую шэльму і жыві, як жыў даўней, ціхенька, спакойненька. Чаго табе не хапае? Хата ёсць, рамяство добрае ў руках маеш і грошы сякія-такія, людзі цябе любяць, і бог ласкай сваёй не абыходзіць... Чаго табе сумаваць? Дай Божа, каб усім добрым людзям жылося на свеце так добра, як зажывеш ты, калі не будзеш дурны. Бога слухай, з добрымі людзьмі жыві, еш, пі і на тую бяду, што цябе напаткала, плюнь!

Аўдоцця казала яшчэ Паўлу, што ніводзін чалавек без гора на свеце не пражыве і што бывае гора значна большае, чым у яго. Вось, напрыклад, у Карася ўвесну дзве каровы здохлі, а цяпер усе свінні пачалі хварэць і, напэўна, таксама паздыхаюць... Ці ў Сымона Мікулы - вось гэта гора! Сын яго, Ясюк, разбойнікам стаў, яго ўжо раз у Сібір саслалі, а цяпер другі раз, за тое, што адтуль уцёк, туды сашлюць ды яшчэ бізуноў дадуць. Вось гэта сапраўднае гора. Калі б Аўдоцця, барані бог, мела сына разбойніка, дык, напэўна, не вытрымала б гэтага - павесілася б ці ў Нёман кінулася б ад гора і сораму...

- А ў цябе якое гора? Незнаёмую, невядомую бабу з балота выцягнуў і хацеў яе сумленнай зрабіць. Дурны ты, Паўлюк! Я тады яшчэ ведала, што з гэтага будзе. Чортава дачка да свайго бацькі чорта вярнулася. Вядома, чорт сваіх дзяцей любіць і ад сябе надоўга не адпускае. Хоць і адпусціць калі, дык пасля зноў кіпцюрамі за душу ўхопіць і да сябе цягне, пакуль у пекла не зацягне. Відаць, на тое воля Бога, каб адны людзі яму, а другія чорту служылі. Ты, Паўлюк, Богу служы і на тую чортаву дачку забудзься! Чужая яна табе была і чужая засталася. Хай сабе прападае...

Аўдоцця ўжо і сама не ведала, што яшчэ казаць Паўлу і чым яшчэ яго пацешыць. Яна вычарпала ўсю сваю філасофію, усе спосабы выклікаць яго на гаворку.

- Ну, - прамовіла яна, счакаўшы хвіліну. - Як жа гэта ў вас было, як сталася? Кажы! Калі ўсё раскажаш, адразу лягчэй стане!

Не ведала Аўдоцця, што ёсць на свеце чалавечыя натуры, глыбейшыя за любы калодзеж, і калі аднойчы ўпадзе ў іх кветка кахання, дык ніякія бурныя хвалі не выкінуць яе назад, ніякая крыўда не прымусіць чалавека абразіць гэта каханне скаргай, выказанай уголас. Нож праткне сэрца, але з вуснаў не зляціць слова асуджэння, таму што літасць яго большая за ўсякае цярпенне. І хоць бы ад гэтага асуджэння ў вінаватага і волас не ўпаў з галавы, ён не будзе асуджаць яго. Хоць бы асуджэнне гэта і зняло боль з сэрца, ён яго не вымавіць і ўсяляк, хоць бы нават хлуснёй, прымусіць змоўкнуць іншых. «Як жа гэта? Ганьбіць тую, на грудзях якой мне сніўся залаты сон майго жыцця? - гаворыць ён сабе. - Асуджаць тую, для якой я гатоў быў праз агонь і ваду, па камяністых шляхах, праз полымя пекла прынесці блаславенне? Праклінаць тыя дні, калі нам спявалі дрэвы, шчабяталі птушкі і з усіх вытокаў жыцця білі гаючыя крыніцы? Магчыма, усё гэта быў толькі сон, міраж, які развеяўся, як лёгкі туман, мільгануў маланкай, пасля якой засталася цемра, але нічыёй віны тут няма, а калі ёсць, дык толькі мая, а не той, якую асуджаць я не хачу і не магу».

Існуюць на свеце такія чалавечыя натуры, але Аўдоцця нягледзячы на свой вялікі жыццёвы вопыт, пра іх зусім не ведала. Ды і Павел ніколі не задумваўся над тым, якая ў яго натура. Ён толькі адчуваў, што калі б нават яго на крыжы распіналі, калі б нават святыя сышлі з нябёсаў і прымушалі яго гаварыць, ён і тады не сказаў бы пра Франку нічога дрэннага, не асуджаў бы яе, не шукаў бы помсты.

- Ведаеце, кума, - пачаў ён пасля доўгага маўчання. - Ва ўсім, што сталася, вінаваты толькі я сам. Па-першае, мала я малітвамі ды навучаннямі адганяў ад яе д'ябла. Па-другое, калі я ўжо заўважыў, што яна ветраная, і аб тым лёкаі здагадаўся, не трэба было надоўга адыходзіць ад хаты. Трэба было часцей яе павучаць, вачэй з яе не спускаць, тады б яна не прапала... Выходзіць, праз мяне яна прапала... І не я, а хутчэй яна павінна мяне асуджаць...

Спачатку Аўдоцця слухала Паўла вельмі ўважліва, але чым далей, тым больш расло яе здзіўленне. У яе ажно дух заняло і на хвіліну адняло мову. Нарэшце яна не вытрымала:

- Здурнеў! Зусім здурнеў!

Устаўшы з лаўкі, Аўдоцця не то смехам, не то злосна пачала:

- Сёння, відаць, я з табой да ніякага ладу не дайду! Сёння і гаварыць з табой не варта! Ідзі спаць. Можа, як выспішся, Бог верне табе розум. А я ў цябе заначую, бо хоць ты і здурнеў, мне цябе шкада. Застанешся адзін, дык яшчэ, барані Бог, што-небудзь дрэннае сабе зробіш... Здурнеў, зусім здурнеў!

Яна перажагналася, прамармытала напаўголаса малітву і, паклаўшы пад галаву ватоўку, як была ў спадніцы і цёплай хустцы, легла на лаве ля сцяны.

У цёмнай хаце было ціха. Толькі звонку даляталі крык і плач савы і пугача. Яны крычалі і плакалі ў сасонніку над магіламі, а за акенцам у апусцелым агародзе шапацеў дождж. Здавалася, што ён ходзіць то бліжэй, то далей, то пад самай сцяной, то недзе пад плотам, дзе з сухім трэскам гнулася і ламалася сухое вецце і сцябло. Да гэтых гукаў дамешваўся яшчэ адзін:

- У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь. Ойча наш...

Гэты гарачы, палымяны шэпт даходзіў з-пад сцяны і з канца ў канец ахутваў чарнату хаты. Чуўся ён нядоўга, усяго столькі, колькі патрэбна для таго, каб прачытаць адну малітву.

- Божа, злітуйся над ёй, грэшнай! Божа, будзь літасцівы да яе, грэшнай! - моцна ўдараючы сябе кулаком у грудзі, шаптаў Павел.

Ён паўтарыў гэту просьбу некалькі разоў запар і за кожным разам усё мацней і мацней біў сябе ў грудзі. А пасля заціх, нібы і ў хаце яго не было.

Назаўтра, прачнуўшыся на досвітку, Аўдоцця ўгледзела праз адчыненыя дзверы Паўла, занятага нейкай пільнай работай. Нахіліўшыся над глінянай падлогай, ён нешта жвава мясіў. Аўдоцця ўскочыла з лаўкі, падбегла да яго і ўбачыла, што ён і сапраўды мясіў мокрую гліну з мноствам налоўленых улетку рачных матылёў «яціц» і ляпіў з гэтай сумесі вялікія жоўтыя шары. Аўдоцця добра ведала, навошта яны патрэбны. Кінутыя ў ваду, шары гэтыя рассыпаюць па ёй роі матылёвых трупаў, да якіх збягаюцца цэлыя чароды рыб. Ведаючы гэта, Аўдоцця, аднак, здзівілася.