- Паедзеш рыбу лавіць? - запытала.
- А ўжо ж! Вада сёння добрая, - адказаў Павел.
Аўдоцця пайшла распальваць у печы. Павел гэтым разам ёй зусім не пярэчыў. Зляпіўшы яшчэ некалькі гліняных шароў, ён падсеў да стала і адрэзаў ад бохана ладны кавалак хлеба. Выглядаў ён так, як заўсёды, толькі шчокі яго крыху запалі, але гэта ніколькі не дзівіла Аўдоццю, якая ведала, што ён ужо некалькі дзён не еў цёплай стравы ды яшчэ так сумаваў.
Павел з'еў міску крупніку, які яна згатавала, і, закінуўшы за плечы мех з глінянымі шарамі, узяў пук доўгіх вудзільнаў. Аўдоцці ён дагэтуль не сказаў ніводнага слова і, здавалася, зусім не чуў яе балбатні, поўнай спагады, жартаў і смеху. І толькі надзеўшы шапку і закінуўшы за плечы мех, ён падышоў да яе.
- Дзякую, кума, за дружбу, за ўсё дзякую! Хай вам Бог за гэта заплоціць.
Ён сказаў гэта павольна, прыцішаным голасам і, па-сяброўску кіўнуўшы галавой, працягнуў ёй жоўтую ад гліны руку. Аўдоццю гэта расчуліла. Яе чорныя круглыя вочкі павільгатнелі і заморгалі.
- Няма за што! Няма за што! Ну, і дзякуй Богу, што ты зноў паразумнеў.
Калі Павел выйшаў, яна таксама выбегла з хаты і нейкую хвіліну глядзела, як ён ішоў сцяжынкай да ракі. Босыя ногі Аўдоцці ўгразлі па шчыкалаткі, а рука, цёмная, як тая гразь, і зморшчаная, са скрыўленымі ад работы пальцамі, спяшаючыся жагнала адыходзячага Паўла. Аўдоцця была старэйшая за Паўла на дваццаць гадоў, не раз насіла яго малога на руках, а калі вырас, заўсёды называла яго добрым і разумным чалавекам і некалькі разоў хрысціла разам з ім вясковых дзяцей. Ніколі не задумвалася пра свае пачуцці, яна не здагадвалася і не ведала аб тым, што ўсім сваім сэрцам любіць Паўла, таксама як і Павел, зазнаўшы мукі растаптанага кахання, не мог вытлумачыць ні сабе, ні іншым свайго цярпення. Гэтыя пачуцці жывуць і ў асяроддзі простых людзей чалавечага грамадства, але гэтыя людзі не выказваюць іх уголас і не ўмеюць выказацца, таму ў вышэйшых колах грамадства лічаць, што гэтых пачуццяў у іх няма.
Аднак што б ні адчуваў Павел, жыў ён па-ранейшаму і выглядаў як даўней, толькі крыху схуднеў, і ад гэтага яго прадаўгаваты, аброслы сівым шчаціннем твар здаваўся яшчэ даўжэйшым. Тая прамяністасць, якая нейкі час ціхай радасцю свяцілася ў яго вачах і разгладзіла маршчыны на лбе, знікла. Цяпер ён ужо не выглядаў маладзейшым на дзесяць гадоў, наадварот, здавалася, што ён з кожным месяцам старэў. Ён неяк пацяжэў, хадзіў павальней, ніколі ні з кім не размаўляў. Але па-ранейшаму не горбіўся, цела яго не губляла спрытнасці, неабходнай для яго нялёгкай работы. Працаваў Павел таксама як і раней, нават больш: усе дні ён праводзіў на рацэ, а ў неспрыяльнае, непадыходзячае для рыбалоўства надвор'е працаваў у полі і дома. Сваёй зямлі ў Паўла не было, але ў першы дзень, калі моцны вецер і бурныя хвалі на Нёмане не перашкаджалі лавіць рыбу, ён пайшоў да Піліпа і запытаў, ці ўсё яго поле ўзарана. Піліп якраз быў заклапочаны тым, што дасюль яшчэ не паспеў узараць пару моргаў пад веснавы пасеў. У гэты час у яго было шмат работы каля парома, а Данілка да плуга яшчэ не зусім здатны. Павел моўчкі запрог Піліпава каня і пайшоў з ім у поле. Араць ён умеў, але, праводзячы сваё жыццё на рацэ, працаваць у полі не любіў. Аднак цяпер гэта было лепш, чым сядзець склаўшы рукі. Ён і малаціць дапамог Піліпу, і паркан паправіў. А Ўльяна мыла і рамантавала вопратку брата і пякла яму хлеб.
Але і на рацэ, і на шырокіх палях прырода абыякава здзяйсняе свой адвечны круг змен, і праца людзей сустракаецца з пастаўленымі ёю неадольнымі перашкодамі. Надыходзіла тая пара, калі рака адштурхвала ад сябе рыбакоў, а палі не патрабавалі яшчэ сялянскіх рук. Тады Павел выходзіў на тую дарогу, з якой некалькі дзён пасля знікнення Франкі не спускаў вачэй, ішоў па ёй далёка і доўга. Ідучы, ён часта ўзнімаў галаву і з-пад казырка шапкі напружана аглядаў сцяжынкі і палі аж да самага гарызонта. Ён нібы нечага шукаў вачыма на шырокай раўніне, у раскіданых на ёй дзе-нідзе пералесках, па ледзь прыкметных стужках сцежак і межах. Часам ён спяшаўся, вышэй узнімаў галаву і напружваў позірк. На ўзлессі, якое чарнела на фоне агульнай шэрасці палёў, або на ўскрайку адной са сцяжын ён, калі заўважаў раптам якую-небудзь рухомую кропку, утароплена глядзеў удалячынь, не адрываючы ад яе неспакойнага позірку, а потым шырокім крокам ішоў ёй насустрач. Неўзабаве ён пераконваўся, што гэта аднаконны воз, на якім адзін з яго суседзяў вяртаецца з мястэчка, або жабрак з кіем ці кабета, абкручаная вялікай хусткай і згорбленая пад цяжарам меха з бульбай. У пустым і мокрым полі, у шэрым асеннім тумане, скрозь шум сцюдзёнага ветру чулася як кароткае прывітанне:
- Пахвалёны...
- На векі вякоў, - спакойна адказваў Павел і, ветліва кіўнуўшы галавой, ішоў далей, ішоў доўга, аж дацямна.
Аднаго разу, калі ён поцемкам вяртаўся ў вёску, з цяжкіх лістападаўскіх хмар паліў часты дождж. Вецер гнеўна шумеў і скручваў яго ў халодныя і вострыя бічы, якія глуха ўдараліся аб зямлю і секлі плечы і твар. Увайшоўшы ў хату, Павел запаліў лямпу і дастаў з гарачай яшчэ печы гаршчок са стравай, якую зварыў сабе раніцой на цэлы дзень. З яго мокрай світкі струменьчыкамі сцякала вада. Не скідаючы світкі, ён сеў на лаве і пачаў чэрпаць драўлянай лыжкай з гаршка. Еў ён павольна, аб нечым глыбока задумаўшыся, увесь час глядзеў у акно, завешанае чорным радном цемры. Глядзеў так пільна, нібы ўпершыню ў сваім жыцці бачыў гэткую цемру. Калі вецер пачынаў скуголіць жаласней, а дождж мацней барабаніць у акно, рука Паўла з драўлянай лыжкай затрымлівалася ў паветры. Можна было падумаць, што гэтыя змрочныя галасы асенняй ночы, пад якія ён прывык усё жыццё спакойна працаваць і засынаць, цяпер палохалі яго. Пад'еўшы, ён аднёс на месца гаршчок і рэшткі хлеба і зноў у глыбокім задуменні глядзеў на чорнае акно, і прыслухоўваўся да гукаў ночы.
- Божа, злітуйся! Божа, злітуйся! - прашаптаў Павел і, узяўшы са стала лямпу, асцярожна паставіў яе на акенца.
Ці не дзеля таго ён стаўляў яе на акенца, каб была яна маяком для некага, хто спяшаўся сюды, у яго хату, і для каго ён так горача прасіў божай літасці? Ці не думаў ён у гэтыя хвіліны аб кволай жанчыне, якая, магчыма, спяшаецца сюды ў змроку лістападаўскай ночы, у вецер і дождж?
Сеўшы ля акна, ён пачаў пры святле лямпы папраўляць невад, які быў папсаваны ў часе апошняй рыбалкі. Сталёвы пруток жвава мільгаў у яго пальцах, калі ён старанна і спрытна парваныя вочкі сеці замяняў новымі. З вялікага клубка, што ляжаў ля ног, ён адмотваў шнур, працягваў яго скрозь вочкі, сцягваў іх, і здавалася, што целам і душой быў захоплены гэтай работай. Але часам бывае так, што душа чалавека няспынна чуе нейкі шэпт, які не сціхае ні ў часе яды, ні ў часе працы, ні ў цішыні, ні ў шуме. Не, гэты шэпт не перашкаджае жыць чалавеку яго звычайным жыццём, не замінае ўсім органам цела выконваць уласцівыя ім дзеянні, але з'яўляецца нібы другім жыццём, яшчэ адным патаемна дзейнічаючым органам існавання. Павел спакойна павячэраў, а пасля так захапіўся сваім заняткам, што гучнае яго сапенне напоўніла ўсю хату. Але раптам ён узняў галаву і пачаў пільна да нечага прыслухоўвацца. Гэта забрахаў жоўты калматы Курта на двары Казлюкоў. На каго ён можа брахаць у гэты позні час? Ці не пачуюцца разам з яго брэхам крокі кабеты, нясмелай, стомленай, азяблай? Не, Курта яшчэ некалькі разоў гаўкнуў сваім старэчым хрыплым голасам і заціх. Ніякіх крокаў не было чутно. У пальцах Паўла зноў замільгаў пруток. За яго плячыма, у куце хаты, заскрэбліся мышы. Ён азірнуўся і ўбачыў малое спрытнае мышаня, якое з хуткасцю маланкі прабегла пад сцяной. Павел добразычліва ўсміхнуўся і паківаў галавой:
- Вось дурніца, чаго яна баіцца? Прыйшла б да мяне, дык я ёй бы хлеба накрышыў.
У сенцах раптам зарыпелі дзверы. Павел прыслухаўся. Можа, нехта ўвайшоў у сенцы, стаіць ля парога і не адважваецца ўвайсці ў хату, стаіць у цемры і дрыжыць ад прамоклай адзежы і страху? Паклаўшы сеці з прутком на лаву, Павел устаў і з лямпай у руцэ выйшаў у сенцы. Малая лямпа асвятліла сенцы, лесвіцу, што стаяла ля сцяны, скрыню, у якой ён захоўваў у вадзе рыбу, вядро з вадой, бочачку з кіслай капустай. Нікога ў сенцах не было. Павел падышоў да прыадчыненых дзвярэй. Відаць, калі зайшоў у хату, ён не зашчапіў іх як след, і вецер адчыніў іх. А можа, не вецер? Можа, гэта нехта хацеў увайсці ў хату, але, не ведаючы, як яго сустрэнуць, не ўвайшоў і стаіць цяпер ля сцяны пад дажджом? Павел паставіў лямпу ў сенцах на земляную падлогу, выйшаў з хаты і павольна, агледзеў, абышоў яе наўкол. Прайшоў нават па садзе і двары, выйшаў за вароты і паглядзеў у цемру, якая хавала ад вачэй палі і дарогі. Нідзе нікога. Толькі стары Курта, нават у цемры пазнаўшы яго, пераскочыў нізкі паркан і халодным языком лізнуў яго руку. Павел пагладзіў яго калматую галаву і разам з ім вярнуўся ў хату. Лямпу ён зноў паставіў на акенца і хацеў ужо ўзяцца за работу, калі зноў нешта халоднае і калматае абцёрлася аб яго руку. Курта, узняўшы галаву, глядзеў на яго разумнымі, сумнымі, умольнымі вачыма галоднай, азяблай жывёліны.