- Бедны ты, бедны!
Павел узяў лусту хлеба і, кінуўшы яе сабаку, задаволена глядзеў, як ён есць, а пасля лагодна, але рашуча загадаў яму выйсці з хаты. Бедная жывёліна! Холадна ёй на дажджы і ветры, але што рабіць? На двары мусіць начаваць, вартаваць ад зладзеяў хату, хлеў, свіран, каб гаспадары спалі спакойна.
- У кожнай жывой істоты свая крыўда, сваё гора. Чаму гэта так? Хто яго ведае?
Падпёршы далонню бараду, Павел доўга думаў над гэтым пытаннем. А па сутнасці, ён думаў пра бяздонную чорную загадку ўсеагульнага цярпення свету, толькі разабрацца ў сваіх думках, выразіць іх словамі не мог.
Усе асеннія ночы на акне Паўла, запацелым ад туману або дажджу, дапазна гарэла лямпа. З дарогі і сцяжынак, якія пераразалі мокрыя цёмныя палі, далёка відаць быў трапяткі маленькі агеньчык. У вёсцы гэты агеньчык бачылі хлопцы і дзяўчаты, ідучы да Казлюкоў на вечарніцы, але не звярталі на яго ўвагі. Лёс Паўла перастаў цікавіць аднавяскоўцаў з таго часу, як ён зноў стаў спакойны і пачаў жыць па-даўняму. Нават Ульяна і Піліп рэдка заглядвалі да яго. Яны былі заняты сваімі справамі, а калі не працавалі, спалі або гутарылі з суседзямі. Але дзяўчаты, якія ішлі са сваімі прасніцамі да Казлюкоў карацейшай дарогай - паўз хату Паўла, і хлопцы, якія хаваліся за рогам хаты або за парканам, каб іх напалохаць, не раз чулі з-за акна, у якім цьмяна свяціўся агеньчык, дзіўныя гукі, хутчэй, манатонны гук, падобны да мармытання. Нарэшце Данілка, які быў смялейшы і цікаўнейшы за іншых, падкраўся аднойчы пад акно, зазірнуў у хату, а пасля паведаміў усім у хаце Казлюкоў, што дзядзька Павел сядзіць і чытае.
- Далібог, чытае! - прысягаў ён, удараючы сябе ў грудзі. - З кніжкі чытае.
Зрэшты, мала хто здзівіўся гэтаму, бо людзі ў вёсцы ўжо ведалі, што жонка навучыла Паўла чытаць.
- Ой, жонка! Каб гэтакіх жонак на свеце не было! - плюнуўшы і пачырванеўшы, сказала Ўльяна.
- Толькі ўсёй і карысці ад гэтай яго жоначкі, што чытаць навучыўся, - зарагатаўшы, сказаў Аляксей. Але па сініх яго вачах было відаць, што ён крыху зайздросціць Паўлу. Ой як бы ганарыўся ён, як верхаводзіў бы ў вёсцы, каб умеў чытаць!
І сапраўды, доўгія зімовыя вечары Павел праводзіў над кнігай. Што ён чытаў і як, гэтага, апрача яго самога, мышэй, якія ўсё смялей і часцей бегалі па хаце, ды старога Курты, які часамі, скруціўшыся брудна-жоўтым клубком ля яго ног, гадзіну-другую адсыпаўся ў цяпле, не ведаў ніхто.
А пачалося гэта так. Неяк снежаньскім надвячоркам Павел вярнуўся дадому стомлены і змерзлы, бо ўвесь дзень разам з Данілкам яны рабілі на рацэ жалезнымі ламамі палонкі і запускалі ў іх сеці. Ужо некалькі такіх палонак было зроблена, але ўсё дарэмна. Павел думаў аб тым, што заўтра яму не будзе з чым ехаць у мястэчка да таго купца, які звычайна купляў у яго гуртам рыбу і ўжо сам адсылаў яе ў бліжэйшы горад. Ды гэта не вельмі засмучала яго.
- Бяда невялікая! Не даў Бог сёння, дасць заўтра! - прамовіў ён, махнуўшы рукой, і сеў на лаву. Есці яму не хацелася, бо Ўльяна прыносіла ім абед на раку. Моцны мароз і сіверны вецер прабраў яго так, што ён і ў хаце не скінуў кажуха і высокіх ботаў, абкручаных яшчэ для цяпла мяхамі з войлаку, набітымі сенам. У гэтай вопратцы ён і адпачываў, седзячы на лаве, і павольным позіркам аглядаў хату, якую рэшткі дзённага святла, змешаныя з бляскам снегу, напаўнялі мяккім ззяннем. Прыгаслым поглядам стомленага і невяселага чалавека Павел зірнуў на сцены, якія ў апошні раз былі пабелены перад яго вяселлем і пачарнелі ўжо ад пылу і дыму. Паглядзеў у адзін кут, у якім за мятлой і двума лазовымі кашамі асабліва сваволілі мышы, пасля ў другі, дзе стаяла парожняя скрынка Франкі. Нарэшце позірк яго спыніўся на чырвонай шафцы, што стаяла ў трэцім куце хаты, і на кніжцы, якая ляжала на ёй. Гэта была кніжка ў парудзелай вокладцы, аздобленай цьмянай пазалотай. Ляжала яна паміж лямпай і самаварам, на тым самым месцы, на якім ён паклаў яе тады, калі Франка ў апошні раз вярнулася з касцёла дадому.
Больш трох месяцаў мінула з таго дня, калі ён, вярнуўшыся з ракі, не застаў яе дома. Ён чакаў яе да позняй ночы і толькі тады, калі ўбачыў адчыненую і парожнюю яе скрынку, здагадаўся, што яна ўцякла. Адыходзячы, яна ўзяла з сабой толькі свае ўласныя, гарадскія сукенкі і бразгаўкі, а таго, што належала яму, нават не кранула пальцам, хоць добра ведала, дзе ляжаць харч, вопратка і грошы. Толькі адной сваёй рэчы не забрала - гэтага малітоўніка... І чаму гэта ён дасюль не ўбачыў яго? Павел штодзень лямпу, а некалькі разоў і самавар з шафкі здымаў, а кніжкі не заўважыў. І хоць мінулую зіму ён пад строгім наглядам Франкі, а калі яна капрызіла, дык самастойна ўвесь буквар па складах прачытаў, аднак не прывык яшчэ да гэтай труднай і дзіўнай рэчы, якой было чытанне, і яно не стала для яго прывычным і неабходным. Аднак у канцы гэтага белага зімовага дня, у цішыні, якую гэтым разам не парушалі нават мышы, пасля працы, якая прынесла яму больш стомленасці, чым карысці, глянуўшы выпадкова на кніжку, Павел устаў і падышоў да шафкі. Нягледзячы на свой высокі рост, у кажуху і войлачных мяхах, уздзетых на боты, ён быў падобны на вялікага і нязграбнага мядзведзя. Ледзяшы, што заблыталіся ў яго кароткіх і густых валасах, якімі аброс схуднелы твар, у цёплай хаце расталі і кроплямі сцякалі на каўнер кажуха. Ён узяў з шафкі кніжку, паднёс яе да акна, дзьмухнуў некалькі разоў на вокладку, а пасля кончыкамі чырвоных пальцаў асцярожна сцёр з яе рэшткі пылу. Сеўшы на лаве, ён разгарнуў кніжку і ўтаропіўся вачыма ў вялікія літары загалоўка, надрукаванага на першай старонцы. У той момант літары нейкімі дзіўнымі знакамі замітусіліся перад яго вачыма. Тры месяцы ён іх не бачыў, адвык. Неўзабаве аднак першая літара здалася яму вельмі знаёмай.
- С... - прамармытаў ён.
А пасля, то з даўжэйшымі, то з карацейшымі паўзамі, пачаў вымаўляць кожную з літар і чытаць па складах.
- С-л-у-ж - служ, ба - ба, служба...
Ён нават закруціўся на лаве ад задавальнення і мармытаў далей:
- Б-о - бо, жа - жа, я-я.
А потым, вымаўляючы паасобна і выразна кожны склад, паўтарыў:
- Служ-ба бо-жа-я.
Яму спатрэбілася амаль паўгадзіны, пакуль усе літары ён склаў у гэтыя два словы, але яны вельмі яму спадабаліся. І ён працягваў далей:
- Або - або.
Такім чынам Павел прачытаў усю першую старонку аж да надрукаванага ў самым нізе года выдання кніжкі, якога ён прачытаць не мог, бо лічбы яшчэ не ведаў.
Па памяці ён лічыў добра, але ні прачытаць, ні тым больш напісаць лічбы не ўмеў. І таму гэтыя чатыры незнаёмыя яму знакі ён прапусціў і, перагарнуўшы старонку, пачаў чытаць на наступнай каляндарныя весткі.
- Г-о-д - год, м-а-е - мае, год мае...
З вялікай цяжкасцю, па цэлай хвіліне ўзіраючыся ў некаторыя літары і сціскаючы пад сталом рукі так, што ажно суставы пальцаў трашчалі, ён прачытаў:
- «Год мае дванаццаць месяцаў, або пяцьдзесят два тыдні».
Павел даўно ведаў пра гэта, тым не менш ён вельмі ўзрадаваўся, што прачытаў гэта ў кніжцы. Нарэшце ён узняў ад кнігі галаву і адчуў, што яму вельмі горача, што ён стаміўся значна больш, чым тады, калі працаваў на замерзлай рацэ. У яго нават лоб спацеў. Ён скінуў кажух і пачуў, як спачатку ў хаце Казлюкоў, а пасля ў іншых хатах заспявалі пеўні. Ужо недалёка поўнач. За ўвесь зімовы вечар ён здолеў прачытаць толькі загаловак кніжкі і заўвагу, што год мае дванаццаць месяцаў, або пяцьдзесят два тыдні. Ён памятаў, што, калі разгарнуў кніжку, на дварэ яшчэ было светла, але зусім не памятаў, як і калі запаліў лямпу. Відаць, зрабіў ён гэта машынальна, калі ўся яго ўвага была сканцэнтравана на нейкім вельмі цяжкім складзе.