Выбрать главу

- Х-р-ы-с...

Ужо пры святле лямпы ён цэлыя паўгадзіны біўся над злучэннем паасобных гукаў у склады, аж раптам падскочыў на лаве і на поўны голас усклікнуў:

- Хрысціянства!

Ён так узрадаваўся, што на яго спацелым ілбе разгладзіліся ўсе маршчыны, а вочы, што на хвіліну адарваліся ад кніжкі, зноў засвяціліся чыстым і ясным, як у дзіцяці, блакітам.

Так ён і праводзіў пасля амаль усе зімовыя вечары. Ён прачытаў ужо і пра піліпаўку, пра вялікі пост, і пра тое, калі касцёл забараняе шлюб і вяселле, і пра абавязкі чалавека перад Богам, бліжнімі і самім сабой і пачынаў ужо раздзел пра таінства прычасця, калі ў хату неяк аднаго вечару ўвайшла Аўдоцця. Было гэта ўжо ў канцы студзеня. Павел за гэтыя шэсць тыдняў ужо паспеў прачытаць па складах восем старонак і чытаў ужо даволі бегла. Ён добра памятаў, як Франка, знудзіўшыся, злосна крычала над яго вухам: «Ну, чытай жа, дурань, адразу чытай, а не па складах!» А калі ён ніякім чынам не мог выканаць яе загаду, вырывала ў яго з рук кніжку і з вялікім пачуццём уласнай годнасці паказвала яму, як трэба чытаць. Цяпер ён сам спрабаваў чытаць бегла, і за гэтым нялёгкім заняткам застала яго Аўдоцця. Унукі ў яе хварэлі, двое паправіліся, а трэці памёр, і цяпер яна прыйшла адведаць кума. Павел пагутарыў з ёю пра памёршага ўнука і пра малодшага сына, якога толькі што ўзялі ў салдаты, пачаставаў грушамі і зноў сеў за кніжку. Аўдоцця сядзела не распрануўшыся, з-пад вялікай хусткі, якой была абкручана яе галава, відаць быў толькі яе задзёрты ўгару нос і чорныя бліскучыя вочкі. Яна не толькі не пакрыўдзілася, што Павел чытае ў яе прысутнасці, а слухала яго спачатку з вялікай цікавасцю, а пасля з такой напружанай увагай, з такім засяроджаннем, што, здавалася, уся ператварылася ў слых, скамянела, і агрызак грушы выпаў з яе рук. У доўгай світцы і шэрай вялікай хустцы, якая тоўстымі складкамі акрывала яе галаву і амаль увесь твар, яна была падобна да зробленай з каменю фігуркі. Павел па складах, а калі трапляліся больш кароткія і лёгкія словы, нават бегла чытаў:

- «...Каб учынкі людзей маглі падабацца Богу, яны павінны быць не толькі добрымі, але надчалавечымі, гэта значыць паходзіць з надчалавечай ласкі божай...»

Каменная фігурка, што сядзела на табурэце, ані нічога не разумела. Каб хто яе біў і забіваў, яна нават прыблізна не магла б вытлумачыць, што азначалі «надчалавечыя ўчынкі людзей». Сэрца яе аднак ужо агортвала туга і скруха, зусім так, як у касцёле, калі ксёндз з амбону нешта казаў, а яна, ані не разумеючы яго, уздыхала і гатова была плакаць. Магчыма, словы, якіх яна ніколі не чула ў штодзённым жыцці і якія здаваліся ёй святымі, будзілі на дне яе душы новыя пачуцці, якіх яна дасюль не ведала, і ўплывалі на яе так, як на іншых людзей уплывае музыка. Калі Павел чытаў пасля аб дваякай ласцы божай, «самаахвярнай» і «пераходнай», Аўдоцця голасна ўздыхала, і ўздыхала яна за кожным разам усё больш часта і працягла, а калі Павел вельмі павольна прачытаў па складах: «Звы-чай-най і най-шчадрэй-шай кры-ні-цай ласкі божай з'яў-ля-юцца святыя дары», яна заплакала ўголас. Сагнуўшыся ўдвая і закрыўшы крылом світкі твар, яна пачала галасіць:

- Ой, узяў Гасподзь Бог ад мяне ў царства нябеснае майго чарвячка маленькага, Тадэвушыка родненькага! Памерла дзіцятка, як тая кветка пад снегам, скацілася са свету, як тая ягадка. А тут людзі і Хвядорку забралі, сыночка майго найменшага, хлапца майго наймілейшага.. У салдаты яму ісці загадалі, цяжкое ружжо насіць на плячах, ад хаты роднай далёка жыць...

Аўдоцця галасіла, а Павел, загарнуўшы кніжку, ласкава і спакойна суцяшаў яе. Казаў, што на ўсё воля Бога, што чалавек і чарвяк - гэта адно і тое, бо чарвяка праглыне рыба, а чалавека - зямля, што Хведар праз пяць гадоў вернецца дадому і што пасля смерці Тадэвуша ў яе засталося яшчэ два ўнукі. І Аўдоцця, слухаючы яго, паступова заціхала і зноў рабілася падобнай да каменнай фігуркі. Нарэшце, у апошні раз яна ўцёрла крылом світкі нос, паглядзела на Паўла і таямнічым шэптам запыталася:

- Ну, а пра тую нічога не чуваць?

У яе вачах, яшчэ мокрых ад слёз, ужо свяцілася цікаўнасць. Яна некалькі тыдняў не бачыла Паўла і цяпер хацела даведацца, ці не адбылося чаго новага ў яго адносінах да Франкі.

Павел даволі доўга маўчаў, а пасля павольна і спакойна адказаў:

- Нічога я пра яе не чуў, нічога не ведаю, адзін толькі Бог ведае, што з ёю... дзе яна...

Хвіліну счакаўшы, ён працягваў:

- Вось бедная і няшчасная! Зноў на валачашчае жыццё пайшла, зноў на ўсялякую людскую і сваю злосць пайшла. Згубіць яна душу сваю і пападзе проста ў пекла! А я думаў, што выратаваў яе ад мукі на гэтым і ад вечнай пакуты на тым свеце... Не хацела. Не вытрымала. Сапраўдная п'яніца, хоць і гарэлкі не п'е! Ой, бедная яна, бедная!

Павел махнуў рукой. Ён глядзеў не на Аўдоццю, з якой гутарыў, а некуды ўбок, на сцяну:

- Ніякай злосці і ніякай крыўды я на яе не маю. На сябе аднаго крыўдую. Відаць, інакш трэба было мне з ёю абыходзіцца...

- А яно так! Інакш трэба было, зусім інакш, - горача зашаптала Аўдоцця. - Вялікую волю ты ёй даў. Да працы не прымушаў. У пасцелі, як тая свіння ў логаве, качалася... Цукеркі, як тая пані, смактала ды чай піла...

- Калі б яна вярнулася, - пасля доўгага маўчання прамовіў Павел. - Я бы ўжо з ёю цяпер інакш...

- А чаго ёй вяртацца? Не вернецца... Марцэля прыйшла з горада і казала, што яе ўжо там няма. Мусіць, пацягнулася са сваім лёкаем некуды далей...

Вочы Паўла бліснулі, але ён тут жа апусціў павекі і ўжо ні слова Аўдоцці не сказаў. Яна неўзабаве ўстала з лавы, кіўнула галавой, сказала спачатку: «Бывайце здаровы!», а пасля: «Пахвалёны!» - і пайшла.

Пасля хмарнага і ветранага дня надышла бурная ноч. Вакол хаты гойсаў, стагнаў і грымеў вецер. Павел пагасіў лямпу. Чорная цемра напоўніла хату.

Даўней цемра і галасы ветру ніколі не перашкаджалі яму засынаць імгненна і моцна, а цяпер ён ніяк не мог заснуць. Доўга, разам з ціхім шолахам і піскам мышэй, якія сваволілі сярод кашоў і мётлаў, чуваць было, як варочаўся і цяжка ўздыхаў на пасцелі Павел. А пасля ўздыхі гэтыя заступіў гарачы, умольны шэпт:

- Божа, злітуйся над ёю, грэшнай! Божа, злітуйся над ёю, грэшнай! - паўтараў Павел, удараючы кулаком у грудзі.

ІV

З часу знікнення Франкі мінула ўжо тры зімы, і ўсе ў вёсцы былі ўпэўнены, што Павел даўно на яе забыўся. У апошні час ён нават павесялеў. Праўда, ён не хадзіў на гулянкі, не смяяўся на поўны голас, але людзей ужо не ўнікаў і з кожным, хто пачынаў з ім гаворку, размаўляў ахвотна і ветліва. У зімовыя вечары ён часам прыходзіў да Казлюкоў, браў на калені дзяцей, цалаваў іх і ціха смяяўся з іх свавольстваў і балбатні. Ён вельмі пастарэў, лысіна над ілбом павялічылася, валасы пабялелі, а плечы, якія даўней былі такія прамыя і дужыя, прыгнуліся, і асабліва гэта было відаць, калі ён ішоў, павольна адрываючы ад зямлі ступні. Ды гэта нікога і не дзівіла. Гадоў яму прыбывала, працаваў ён шмат, нават значна больш, чым перад жаніцьбай, і працаваў старанна, не шкадуючы сіл.

У адзін з першых сакавіцкіх дзён Павел з раніцы да вечара парадкаваў свае рыбалоўныя прылады. У гэтым годзе рана прайшоў крыгаход і растаў снег. Рака, шырока разліўшыся, падмывала карэнне соснаў на процілеглым беразе і высокімі, шумнымі і пеністымі хвалямі білася аб высокі бераг, на якім стаяла вёска. Сярэдзінай ракі шэрыя хвалі імкліва неслі вялікія плямы белай пены, а дзе-нідзе і дробныя абломкі лёду, якія, калі выглядала сонца, пакрывалі раку крошкамі золата і вясёлкі. Калі-нікалі з узбярэжнай сцяны асыпаўся пясок і жвір, або з гары, падмыты вадой, з вялікім грукатам і пляскатам падаў цяжкі камень. У паветры ўжо пахла адталай зямлёй, абзываліся павесялелыя птушкі, але надвор'е было яшчэ шэрае, золкае, вільготнае. Парывістымі вятрамі і бурнымі разлівамі ракі прырода нібы змагалася з зімой, імкнучыся скінуць з сябе яе кайданы.