Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, і таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца, — з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш і ў нас, у Менску, бываў. У гутарцы на сыравата-чысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў мы ўспомнілі, між іншым, і пра яшчэ аднаго салаўя, — несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчувалася намі і мудрасць, і краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далёка…
А ў душы ў кожнага з нас было, вядома, і штосьці толькі сваё. Што ў яго — я магу вельмі прыблізна меркаваць. А ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй…
Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культури. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі — патайное месца забойстваў…
Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. І неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён — цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. І ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, і ў камандзіроўцы, калі мы, прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут і з даўнімі сябрамі сустрэліся, і новых набылі…
А наведаць палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.
Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной — галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы і толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня — пайшоў.
У даведніку «Киів» пра «Жовтневий палац культури» напісана, што ў дваццатых — трыццатых гадах ХХ стагоддзя ў ім «розмищувалися різні державні установи». І як даніна сучаснасці (год выдання даведніка — 1981) адзначана, што двойчы там выступаў Леанід Ільіч Брэжнеў, уручаючы гораду і рэспубліцы ўзнагароды.
У нашай украінскай кнізе я прачытаў, што гэты колішні «Институт благородных девиц», збудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, пераабсталяваны быў пад сядзібу Народнага камісарыята ўнутраных спраў УССР пасля таго, як у чэрвені 1934-га ў Кіеў з Харкава перанеслі сталіцу рэспублікі. У гэтым гмаху размясціліся і работнікі наркамата, і тыя, з кім яны «працавалі». У турме гэтай было ціха, як у магіле. Наглядчыкі хадзілі перад камерамі ў валёнках па дыванах, вязняў на допыты выклікалі шэптам.
Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась і яшчэ ў адной кнізе, расейскай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».
Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся і «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, і гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў, — схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.
Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў і травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.
Даўні, класічны колер сцен — светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон і дзвярэй. Тры паверхі і цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.
Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады, ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.
Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. І сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі і не бываў — проста такое адчуванне, чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою… Як быццам усе тыя асоба-троечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам… Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні, — цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Адкуль на паверхах, з дыванамі і валёнкамі, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём… І вось ужо выхад — на задні двор.