Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца…
Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, а ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю — хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, а ў пятніцу пад вечар — чаго не бывае ў наш час! — сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» і намёку не было. Яшчэ больш — на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя… «от вашего читателя».
Яшчэ праз два тыдні мне пазванілі з нашага камітэта.
Права болю
Ідучы на другое спатканне з братавай справай апоўдні, я думаў, што сёння, вядома ж, прачытаць яе як след не здолею. Так і сказаў супрацоўніку ў цывільным, які зачыніўся са мной у пакоі і, пакуль я чытаў, цярпліва, карэктна глядзеў на мяне з-за другога стала. Ці проста так сабе, ці хутчэй успамінаючы тое, што ён, трэба думаць, сам папярэдне вычытаў у гэтай кіеўскай папцы. Яго прысутнасць я, і заглыблены ў сумна знаёмы тэкст, адчуваў па ягоных вачах — не бачыў іх, а падсвядома адчуваў.
Першы раз, у Кіеве, справу чытаў я трохі больш за дзве гадзіны. Цяпер прайшло тры, калі я адчуў, што годзе, усё, больш не магу… І не здзівіў гэтым свайго наглядчыка: ён і гэта прыняў карэктна.
Выбух, што скалануў маю душу ў канцы мая, дэтаніраваў болем і сумам усе пяць месяцаў. Сёння боль паўтарыўся ці не з большай нават сілай, хоць і без выбуху. Здавалася, што я сваёй настойлівасцю вось і дамогся таго, што сам сябе падняў на новую, вышэйшую паліцу, на якую цяпер паложана папка, і сам сябе гвазнуў адтуль аб падлогу. Потым — бяссонная ноч, блакнот, раз-поразу святло, ад якога не рабілася відней. Падтэкст, адчуты раней, заставаўся. Жахлівы падтэкст таго часу, а ў ім — аднаго чалавечага лёсу. Спробы пранікнуць у той падтэкст зноў натыкаліся на глухату навечнага маўчання, у якое пайшлі ўсе тыя, хто мог бы мне многае праясніць або сказаць хоць нешта, так неабходнае!..
Было і тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але і гэта не адразу.
Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак — 16.ІХ.1937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі і юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, і я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеце «Літаратура і мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы і ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку больш-менш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.ХІІ (стст.) 1900-га, і выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу — у справе паперка — папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.
Ну, а як жа дзень нараджэння?
Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Менску, Горадне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у іх з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі і копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння — 10 (22) ліпеня 1899 года.
Муштук — касцяны, ім ні зарэзацца, ні парэзацца нельга, таму яго ў вязня і не забралі. Выскрабці на ім тую сакраментальную дату пасля таго, як той вязень зусім аслеп ад катаванняў, сам ён не мог. Выходзіць — або ён зрабіў гэта неўзабаве пасля арышту ў белацаркоўскай турме, або і раней, вярнуўшыся ад пракурора Вялікапалавецкага раёна, з гутаркі пра «шкодніцтва на рабоце», бо быў жа яшчэ два з палавінай месяцы дома. А магло быць і так, што па просьбе яго, аслеплага, калі ад пералому да смерці было яшчэ столькі дзён і начэй, гадзін і хвілін для роздуму, успамінаў, адчаю, надзеі… хоць бы на лагер, можа, тады гэтую няхітрую гравіроўку мог зрабіць хто-небудзь з сяброў па камеры…
У Курапатах, у некалькіх правераных захаваннях, сярод мноства астанкаў не знойдзена ніводнага «рэчавага доказу з індывідуальнай адзнакай», на якім стаяла б прозвішча ці хоць імя ахвяры. Толькі на адной расчосцы, таксама касцяной, ёсць надпіс, таксама выскрабены нечым, на польскай мове:
Ciezkie sa chwile wieznia. Minsk, 25.04.40. Mysl o was doprowadza mnie do rozpaczy.