Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, і сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, і шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.
У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць і развагі аднаго з тэарэтыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як заламаўся, як ён мог не заламацца, і як гэта, бачце, добра было б, каб і тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.
Назаву два імёны.
У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:
«…Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе і ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін і так. Да таго ж на следстве мяне не білі. А калі б білі (як з другой палавіны 1937 года і пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы і як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».
Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:
«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».
І далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці, — такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:
«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым і падпісаў лішняе…»
Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасці?
Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, і мне яго, роднага, вельмі шкада.
Аднаго з тых, каго было так многа, многа…
Праклён і ўсім катам, і кожнаму ладу, які на гэтым трымаецца!
Сваё
Я абавязаны яму жыццём.
Быў дзень, калі я, настолькі малы, што змог пралезці паміж радкаватымі металічнымі прутамі старога балкона, праціснуўся так і, з другога боку, упёршыся нагамі і ўчапіўшыся рукамі, пачаў пагойдвацца наперад ды назад. Пакуль не стала страшна і не закрычаў!.. Валодзя выбег на мой крык, паспеў схапіць за каўнер паліцечка. Старога, сіняга, якое я даношваў пасля двух старэйшых.
Я той чорны каракулевы каўнерык запомніў на ўсё жыццё. А на балкон той і на брук пад ім глядзеў у сорак дзевятым. І яшчэ раз, праз сорак гадоў, калі мне пазванілі пра муштук, успомніў таксама…
А мог жа я таксама і памерці разам з ім, нашым найстарэйшым. Калі б здзейснілася тое, што бацька вырашыў, калі з жонкай і меншымі ад'язджаў у вёску. Каб Ігнат, уладзіўшыся на прыходзе, забраў на выхаванне, на вучобу Мішу, а Валодзя, калі закончыць свой інстытут і стане працаваць, а я тым часам падрасту, забраў мяне. Коля застанецца пры бацьках, каб вырасці гаспадаром.
Бацька памёр праз два няпоўныя гады. Мяжа паміж Загорам і Адэсай варожа ўмацавалася. І з нашай замежнай вучобай нічога не выйшла.
У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.
Ёсць і такое яшчэ.
У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.
Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і… зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.
У пасляваенным, літаратарскім варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.
Ну, а ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», а «нямецкі шпіён». Ды таму, хто і сам быў два гады ў Германіі…
Як тут не радавацца жыццю?!
Магло ж быць і трохі не так…
1990