…Апалі дзявочыя грудзі, уваліліся вочы, кукса была вечна абкручаная лапінкай, а левая рука карэлая, парэпаная. Спачатку хоць песні спяваліся. Абы толькі ўспомніла пра долю, — у кожным напеве сірочай тугі і жалю чулася нешта такое, што душыла за горла, займаючы дух, і па-дзіцячы хацелася плакаць: «Мамачка, галубка!..» А потым і гэта зрабілася надта балючым.
На другім годзе пачалася Марыля першым дзіцем. Але і гэта не ратавала яе ад здзеку. На восьмым месяцы сталася тая бяда, што звяла яе ў дамавіну.
Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Сам ён крыў гумно ў суседа, а Іван паехаў у млын. Марыля ўлезла ў яму, наскрэбла першы кошык гразі з бульбяной гніллю і кастрыцай і, падаючы яго наверх свякрові, — раптам войкнула, кінула кошык і села…
Як толькі і прайшла тая ночка!.. Пад раніцу як быццам адлягло. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе…» Стары правіў у хаце хамут. Марыля ляжала на палку, з каптаном пад галавой, і, не сціхаючы, стагнала. Раптам яна прарэзліва войкнула раз і другі… Пачалося. Стары яшчэ ніжэй згорбіўся над хамутом, а пасля такі не вытрымаў, — выйшаў і паклікаў старую. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Стары пастаяў ля плота, уталопіўшыся ў грады, пайшоў пад гумно, вярнуўся пад адрынку, зноў пастаяў пад плотам, тупа гледзячы па бацвінне, — і нідзе не мог знайсці прыпынку.
«Што ж гэта? — падумаў ён. — Спалохаўся, ці што?» — і пайшоў у хату.
— Мамачкі мае, а-а-ах, родненькія-я-а… — стагнала Марыля.
Не гледзячы туды, стары прайшоў і сеў над хамутом.
— А ты, таўкачына, чаго? — закрычала старая, убягаючы з кухні з чыгуном вады ў закасаных руках.
Стары вінавата згорбіўся і замітусіўся: за хамут ды ходу з хаты… Але і ў адрынцы ён не мог узяцца за работу. Слухаў. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. «Відаць, па ўсім?» — падумаў стары. І раптам чуе: дрэп, дрэп, дрэп ад сяней — ідзе яго Катрына.
— Ну, пакінь хамут, Сцяпан: трэба трунку зрабіць, — сказала яна, увайшоўшы ў адрыну. — Божа мой, Божа!.. І што ж гэта робіцца? — і раптам — а-ха-ха-а! — заплакала наўзрыд.
У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Стары зірнуў на яго і моўчкі пасунуўся і хаты. Узяў з каморкі сякеру, пілу, жменю цвікоў і пайшоў у адрыну. Рукі ў яго неяк дзіўна дрыжалі. Прысеў на калодцы і закурыў люльку. Супакоіўшыся трохі, узлез наверх і пачаў са стукам перакідаць дошкі, шукаючы патрэбнага кавалка. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, скінуў яе наніз, паскроб трохі гэблікам, парэзаў і збіў трунку.
На той час вярнуўся з млына Іван. Ён увайшоў у хату, нічога не ведаючы.
— Падла ты, абармот крывалапы! — сустрэла яго маці. — Ці раз ужо я казала табе!.. Дарвешся — як да скаціны, каб цябе на скулы збіла, каб цябе! Цяпер вось маеш! Шморгай носам, каб цябе пятля зашмаргнула!..
Гэтым разам Іван змаўчаў і панура паклыпаў з хаты.
Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю, адарвала лапіну, угарнула ў яе нямыты трупік дзіцяці і палажыла яго ў трунку. Няўмела стукаючы малатком і загінаючы старыя, павыпростваныя цвікі, сама забіла века і, паклікаўшы з сяней Івана, загадала яму несці за ёй трунку.
Марыля заварушылася, павярнула галаву і паглядзела.
— Ах, ма-мач-кі-і… Мама, сынок?..
— Нежывое, дзеткі, нежывое… Ніхто гэтаму не прычына. Вось панясём, пахаваем…
Марыля працягнула рукі, хацела абаперціся і ўстаць, але не здужала. Рыўком толькі падняла проставалосую галаву, апала назад на каптан і, заплюшчыўшы вочы, заплакала.
Старая ўзяла ў сенях рыдлёўку і патрухала на загуменне. Следам за ёй ішоў Іван, несучы пад пахай трунку.
…Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі: капаць другую, ужо большую магілу…
— Маўчы ты мне лепш са сваім «па-харошаму!». Ён яе са свету звёў, а ты… Удушыць яго мала за гэта! Я з яго скуру палосамі драў бы, а ты!.. — крычаў Марылін брат Мікіта.
Яго пухкія маладыя губы дрыжалі са злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына, а вочы блішчалі, як з падпечка. З рота нясло гарэлкай, і, гаворачы, ён пырскаў слінай на свайго швагра, Сымона, які сядзеў побач з ім. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сымона, вачыма, сядзела ў перадку. Яны вярталіся з хаўтураў па Марылі. Вярталіся без пары, бо п'яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Яны ехалі ўжо чацвёрты кіламетр ад Пагор'я, а Мікіта яшчэ ўсё трапятаўся. Толькі ўспомніць мёртвы Марылін твар і грукат жвіру па дошках труны — зноў хацелася біць насатую морду дурнога Івана, забойцы ягонай сястры…