Выбрать главу

— Не бойся, дзяўчынка. Усё будзе добра.

Баліць душа ад гэтых слоў… І сёння, хлопча, таксама…

А тут жа ўсё, сам ведаеш, грымяць ды грымяць, ірвуцца ды рвуцца снарады. Якраз тады, калі я ўзяў яблыка і сказаў тыя словы, — вельмі блізка громам раскалоўся выбух, і ўсе мы на момант сціхлі. Я, як заўсёды, зажмурыўся, нават, здаецца, прысеў. Інстынктыўна. Дзяўчынка кінулася ад мяне з прарэзлівым крыкам:

— Мамуся!..

Калі ж адспявалі — недзе над намі — асколкі, у перапынку паміж выбухамі зноў заварушылася жыццё. Зноў пачуліся словы:

— Касю, не бойся, дурная. Пан Бог і маці яго прасвятая…

О, курчэ пячонэ!.. О, шваб!..

Тады я выйшаў з зямлянкі адзін. Стаў пад дрэвам, гляджу. Дзве дзеўкі вылезлі з таго самага пограба і, пакуль я сабраўся спыніць іх, пабеглі. Я крыкнуў — нават не азірнуліся. А тут — нібы спецыяльна заўважыўшы іх — снарад! Я інстынктыўна ўпаў. Віскат асколкаў, дзявочы лямант. «Ну, ёсць!» — мільганула ў маёй галаве. Ды не — абедзве яны праляцелі назад і нырнулі ў сховішча. Зноў выбух! «Намацвае! Заўважыў!..» І сталася, хлопча…

Ён такі, мусіць, заўважыў. Што ты хочаш — у Гдыні з акон стралялі па нас, з гарышчаў. Мясцовыя немцы. На дрэвах — у полі, у вёсках — сядзелі карэкціроўшчыкі. Ты думаеш, чаму так трапна біла іх артылерыя?..

Пограб, вядома, абрушыла. Два пападанні. Мы ўжо хацелі пайсці адтуль, але Зыгмусь упяўся, калі аціхла: «Не, адкапаем сяброў!» Бо і людзі сабраліся, з нораў другіх павылазілі, па лапаты пайшлі.

Амаль усе ў тым пограбе былі нежывыя. І Кася — таксама… Толькі маці яе ацалела ў кутку. Нейкім цудам, як быццам на гора сваё.

Мы вынеслі малую на траву. Маці яе вывелі пад рукі. Села пры ёй. А грудное — яно ацалела таксама — жанчыны забралі.

Кася, відаць, зноў стаяла каля сцяны… Не, Уладак, я табе не скажу, як яна… Сойцу тады адарвала абедзве нагі, ён яшчэ дыхаў, калі мы яго адкапалі. Яворскага амаль што не было. А малую… Ды не!..

Калі я потым, зусім пад вечар, праходзіў там — маці яшчэ ўсё сядзела. Слата церушыла, навокал грымела, ракеты ўжо сям-там успыхвалі сцішнаватым святлом. Усіх ужо там прыбралі, забітых. А Касю жанчына ўсё не давала забраць. Яе не чапалі і не ўгаворвалі. Толькі малую прыкрылі дзяружкай.

Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву і ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. І на мяне, хоць і не бачыла, мусіць. І зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той Бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…

Антоні змоўк.

А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:

«Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»

1942

Мой зямляк

1

Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты. Вудачкі, вуды, начныя шнуры, венцер, восці, сачок — уся гэтая рыбацкая снасць пушчалася ў ход. Зрэбная торба была заўсёды мокрая і поўная. Калі часам не хапала рыбы — на спод торбы ішла трава, а дробнарыбіца зайздросна прыкрывалася зеленаватымі, лычастымі шчупакамі, паласатымі акунямі, язямі… І заўсёды наверх ганарыста тырчаў хвост найбольшай у той дзень «штукі». Да пояса мокры, цяжкай мядзведжай хадой ён чмакаў па залітым лузе, а следам за ім асцярожна хляпала хітранькая сучка.

— Вудзіць дык вудзіш, а вячэраць хрэн будзеш? — спатыкаў яго нехта з суседзяў.

— Сёння, браце, шчупачка ганяў па лузе, — спакойна адказваў ён. — Ніяк, ліха яму! Трэба будзе яшчэ заўтра падысці. Дваццаць чатыры фунты!

— Ха-ха-ха! — рагатаў сусед. — А ты, брат, і зважыў яго, не злавіўшы?

Верная сучка нездаволена вурчала, як сцянны гадзіннік перад боем, а потым злосна брахала — гаў! гаў!..

— Мушка, цыц! — суцішаў яе гаспадар. Мушка вінавата спушчала мутныя вочы і бахкала мокрым хвастом на яго таксама мокрай зрэбнай калашыне.

А ён зусім спакойна пачынаў пра другое.

Ён ніколі не стараўся ўпэўніць іншых у тым, што кажа праўду. Кожны, хто знаў Паўлюка, ведаў, што дзядзька гэты — манюка.

«Ах ты, Паўлюк, што ж ты маніш!» — сарамацілі ў нашай вёсцы лгуноў.

Аднак Паўлюкова мана была адменнай ад простай маны.

Ніхто не ўмеў так «марозіць». І тады, калі звычайнай балбатнёй пагарджалі, — Паўлюк за сваю бескарысную, мастацкую ману быў вядомы далёка. Былі выпадкі, калі яго ноччу, толькі па голасе, пазнавалі ў пятай — дзесятай вёсцы.

І пэўна: шчупак мог быць і ўсіх толькі дзесяць фунтаў, але, ганяючыся за ім па лузе, залітым ад вяснянай паводкі, Паўлюку чамусьці неадчэпна думалася, што «шчупачок» напэўна дваццаць чатыры фунты, таксама як той, што летась увосень папаўся яму на вуду.