Зімой, у душнай накуранай хаце, пры газніцы, мужчыны прасілі:
— Ану, Паўлюк, змарозь што-небудь яшчэ, бо нешта ўсе, як мокрыя, маўчаць.
— Адамовіч сабачку дастаў, — пачынаў Паўлюк, крыху паправіўшы калматую, як воз канюшыны, авечую шапку.
Адамовіч — хутаранін, за пятнаццаць кіламетраў ад нашай вёскі, аднак ніхто з мужчын не дзівіцца таму, што Паўлюк знае ўжо і таго «сабачку».
— Хацеў я ў хату зайсці, дык ён, зараза, стаў на парозе, разгірачыўшыся, ды толькі — ур-р-р…
Мужчын пачынае разварушваць: павінен быць сапраўды цікавы «сабачка», калі нават Паўлюка не паслухаў. Бо заўсёды амаль хапала таго, каб Паўлюк пагудзеў яму, пагладзіў па лабаціне, прыцмокнуў — і зноў новы «сабачка» пакорна чыкаў услед мядзведжым лапцям чарадзея. А гэты, бачыш, — ур-р-р…
— А ноччу, — гудзіць далей Паўлюк, — сядзе сярод двара, натапырыцца і слухае. Пасля гэта — чык-чык-чык — хутар вакол абяжыць, праверыць усюды. І зноў сеў. І так, браце, усю ноч. «Эх, — кажа стары Адамовіч, — каб ён тады ў мяне быў, не звялі б цыганы маю Сіўку». Дваццаць восем пудоў зімкі аддаў за яго…
— Ну ж мы і рагаталі! — кажа нехта з мужчын, хочучы спыніць расказчыка на найвышэйшым напружанні маны.
Гэта — словы самога Паўлюка: калі яму часам і самому ўжо стане моташна ад лішне смелай маны, ён папраўляе на вочы шапку і канчае не зусім удалую казку так: «Ну ж мы і рагаталі».
Мужчыны смяюцца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць, хоць бы што. Праўда, дваццаць восем пудоў азімай пшаніцы — гэта амаль каровіна цана, аднак цяжка іначай акрэсліць незвычайную вартасць «сабачкі». Сам Паўлюк, каб і меў тых дваццаць восем пудоў, можа, і не даў бы іх за сабаку, аднак свае два-тры, а то і ўвесь пяток сабачак ён харчуе зімой аўсяным цестам, спаборнічаючы са сваёй Гануляй, якая корміць тады парсюка.
— Цікава толькі, — казаў нехта з мужчын, — як таго сабачку не заб'юць.
Дзядзька Васіль, дзюбаносы, як галка, і з такімі ж, як у галкі, жывенькімі, хітрымі вочкамі, уперад заходзіцца ціхім нутраным смехам, а потым кажа:
— У яго там пасярод двара замест буды тая самая конская печань ляжыць, дык ён пад печань — хоп! І ўсё.
Узнімаецца рогат.
І сам Паўлюк, папраўляючы шапку, спачатку ўхмыляецца, а потым — хэ-хэ-хэ — смяецца здаравеннымі грудзьмі.
А справа з печанню заключалася ў тым, што ў Румыніі, бачыце, ды ў тым палку царскай артылерыі, дзе Паўлюк служыў у сусветную вайну чубатым, галасістым бамбардзірам, былі зусім незвычайныя жарабцы. Калі аднойчы Паўлюковага «жарэбчыка» парвала снарадам, Паўлюк ад наступнага снарада надзейна схаваўся пад ягонай печанню. Пабіла пасля амаль усіх жарэбчыкаў у батарэі, і прыйшлося папаўняць яе румынскімі коньмі. Румынскі конь — «як сабачка», а расейскі хамут, прынамсі, у той батарэі, такі, што Паўлюк праходзіў у яго, прыгнуўшыся не больш, як у дзвярах свае хаты. Навялі румынскіх канюкоў, думалі, думалі, што рабіць, а потым гэта — па два ў хамут, па два ў хамут!..
Сабак Паўлюк мяняў не горш, як цыган коней. Кожны чарговы сабачка, трапіўшы да яго, перш за ўсё пазбываўся роднага імені і хутка звыкаўся з тым, што ён ужо не Курта, а Жэўжык ці Жук. Калі ён, высалапіўшы язык, цяхкаў услед за зайцам і не даганяў яго, тады пазбываўся хваста і іншых, лішніх на погляд гаспадара, дробязей. Калі ж і пасля такой палёгкі яму не ўдавалася накрыць «зайчыка», — ён некуды знікаў, а на месца яго неўзабаве паступаў іншы. Варта было навічку быць цікавым і шустрым, — і Паўлюк, ведучы яго дахаты, не тузаў, крый бог, за аборачку, а ўслед за цюцькам цяжка цёпкаў подбегам. Сучкі знікалі тады, калі яны не давалі пажаданага прыплоду. Затое ўдалы вывадак акружаўся проста-такі бацькоўскім клопатам. Сука ела цеста, а цёпленькія, з прэсным пахам, смактуны — малако, на роўных правах з Паўлюковымі дзецьмі. Крывалапы пузачык хлябтаў, а здаравенны Паўлюк кленчыў ці станавіўся ззаду яго ракам і тузаў цюціка за хвост. Давячыся малаком, шчанюк цяўкаў, і, на першыя адзнакі злосці, Паўлюк смяяўся, як малы. Цюцькі вучыліся хапаць за калошы, брахаць на чужых, не чапаць курэй, а ганяцца за свіннямі, станавіцца дыбка, даваць лапу, казыраць да адвіслага вуха і іншае рабіць, не менш патрэбнае. Адзін ці два выдатнікі гэтай вучобы пакідаліся сабе, а рэшта спушчалася ў людзі. Каля плота была вялікая сямейная буда. Калі не сука з сям'ёй, дык проста дзяжурны сабачка званіў кальцом ланцуга на дроце ўздоўж двара. Побач з будой Паўлюк гаспадарліва падсцілаў салому. Вясной ён выклікаў сваю Ганну з-за красён на двор і, паказаўшы на ладны вазок гною, хітра пасміхаючыся, казаў: «А што, глядзі!» Таксама як кожны ўпаляваны зайчык, гэты воз павінен быў давесці, што Паўлюк недарма марнуе на сабак аўсяную муку і высеўкі. Ганна злосна плявала, а ён, дабрадушна пасміхаючыся, вёз гэты новы гатунак угнаення на свой вузкі, гарбаты загон. Услед за ім фанабэрыста, пераможна задраўшы хвасты, беглі адзін-два сабачкі.