Выбрать главу

…Аднойчы летнім вечарам, калі ад цёплай ракі паднімаецца пара, мы цягалі з ім сетку, удвух. Ціха заходзілі, ціха тапталі нагамі, падводзячы сетку да берага. Пасля паднімалі яе на сябе, адцэджваючы спалоханых са сну плотак, заграбалі іх у мокрыя торбы на шыях і задаволена, смачна пакрэхтвалі. Найбольшай удачай таго вечара быў вялікі, быццам знарок для нас адкормлены, язюк. Ён толькі што ўшыўся тупым рылам у аер і салодка задрамаў, а тут мы яго зачэрпалі! Паўлюк прагна ашчарэпіў яго ўчэпістымі лапамі і шчасліва смяяўся: «А-та-та!..» Увесь час рыбалкі я любаваўся на тое, як з паднятай сеткі гэтаксама, як з вады, струменілася пара, як вочкі сеткі зацягваліся плеўкай, а потым плеўка лопала, і, услед за дзесяткамі іншых кропель, у ваду ападала яшчэ адна кропелька. Гледзячы на Паўлюка, асабліва калі ён задаволена, быццам ужо смакуючы яго, рагатаў над язюком: «Эх, браце, а мы ж цябе ажэнім з паўлітроўкай!» — мне думалася грэшнай справай, што дзядзька далёкі ад маіх пачуццяў бескарыснага захаплення. Аднак ён раптам, ды ў самую адказную хвіліну, калі трэба было заходзіць-заганяць ад берага, спыніўся, заціх, загледзеўся, а потым сказаў:

— Паглядзі, засынае!..

І праўда, рака засынала.

…Вясной трыццаць восьмага года панскія паліцыянты прынеслі ў нашу вёску яшчэ адзін новы загад: звясці ўсіх галубоў. Таму што ў нас, бачыце, «прыгранічная паласа». Паўлюк, вядома, не паслухаў загаду, — і раз, і другі раз. І толькі пасля таго, як яго аштрафавалі і Ганна пачала з ім няшчадную барацьбу за знішчэнне галубоў, — Паўлюк злавіў тры апошнія пары вертуноў, каб завезці іх да сябра ў далёкую вёску, туды, дзе канчалася «прыгранічная паласа». Аднак ён не здолеў зрабіць гэтага. У вёсцы яшчэ развязаў і зняў хустку, якой быў абвязаны кошык. Чубатыя, пярэстыя прыгажуны, пабліскваючы сінню і чырванню сваіх латаў, аслепленыя сонцам, збянтэжана застылі.

— Перад ліхім канцом вар'яцеюць, крукі!

Гэта Паўлюк — пра паліцыю.

Стары голуб-павадыр падняўся першы. Ён патаптаўся кашлатымі і чырвонымі, быццам з морквы, ножкамі, скокнуў на край кошыка, залопаў крыллямі і ўзняўся. За ім узнялася ўся сям'я. Пакуль яны радасна кружылі пад пярэстым ад хмарак блакітам, Паўлюк, загледзеўшыся ўгару, гудзеў:

— Скулу вам, паночкі, не аддам!

Гэтак вось скупа і рэдка выказваў ён свае пачуцці да прыроды.

І толькі раз мне давядося пачуць, як ён іх абараняў.

Нехта з маладых, асабліва старанных гаспадарыкаў упікнуў Паўлюка тым, што ён замест парсюка корміць цестам сабак.

— Сюды-туды і сем пудоў! — усхваляваны загудзеў Паўлюк. — І сем пудоў, і капейка, і скварка на лета!.. А ці ведаеш ты, што такое любоў, хараство? То ж кветачка цвіце, і то… Ды што табе!.. Свінтух сем год не стрыжаны…

Гэта было міжвольнае прызнанне, ужытае ў парадку самаабароны.

* * *

Толькі паэзія цяжкай гаспадарскай працы была яму, бадай, зусім чужой.

Вось ён вяртаецца з поля, з сярпом ці з касою. Уперадзе, быццам на разведку, бяжыць сабачка, абнюхваючы кожны кусцік шчавука ці асоту і на кожны з іх паднімаючы нагу. За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі. Яна наелася за дзень, а ўсё ж час ад часу хапае сівыя мяцёлкі аўса і на вокрык Паўлюка, а то і сама, вінавата трухціць наперад. Другі сабачка, больш любімы ў той час, ідзе збоку, аціраючыся аб калошу Паўлюковых портак. Спераду, на грудзях Паўлюка, звоніць жмут іржавага ланцуга і матляецца шпень: на ланцугу Паўлюк вядзе цялушку. Шырока расставіўшы вушы, цялушка то дэбае спакойна, то раптам трухціць, каб чамусьці панюхаць сабачку або тузануць за бараду адзін з тых трох снапоў аўса, што на спіне гаспадара. Побач з цялушкай, на вяроўцы, ідзе каза. Ззаду — гуллівы козлік, яшчэ безбароды, з маленькімі гузамі рожак, але таксама, як матка, задзёршы хвосцік.

— Здароў, Рабінзон! — спаткаеш яго, як заўсёды з усмешкай.

— Ячмень, браце, жаў. Цэлы дзень! Ажно ў вачах жоўта.

Разыдзешся з ім, яшчэ і яшчэ раз засмяешся, а потым толькі належна раскусіш, колькі бязлітаснай спёкі, ныцця ў паясніцы і лайдацкай пакуты ўложана ў гэтыя словы.

Таксама, як жоўта ў вачах ад ячменю, зялёна бывала ад касы, шэра ад плуга. «Каб рабіць было добра, дык і воўк рабіў бы», — жартам апраўдваўся Паўлюк.