Выбрать главу

3

Наступны раз частаваў паляваннем я. Было гэта ажно тры гады пасля, увосень сорак трэцяга.

У той час мяне ўжо лічылі нядрэнным камандзірам падрыўной групы. І вось захацелася Паўлюку пайсці са мной на двухногіх ваўкоў.

Браць дзядзьку на адзін падрыў, на два-тры дні, камандзір атрада не дазволіў. Паўлюк быў добрым сувязным, работнікам больш патрэбным пакуль што на месцы, чым у атрадзе, і рызыкаваць яго непадазронасцю дзеля ягонай цікавасці толькі — справа зусім несур'ёзная. Аднак Паўлюк не адставаў.

Нарэшце, нібы выкарыстоўваючы апошні доказ, ён упікнуў мяне даўнейшым доўгам. І праўда, за мной быў ладны даўжок — скрынка патронаў, наган і сёе-тое больш.

Яшчэ ў першыя, змрочныя дні адступлення, калі мы, мясцовая моладзь, апушчалі ў сажалкі і рачныя віры старанна спавітыя кулямёты, вінтоўкі, наганы, — не драмаў і Паўлюк: ён зняў з пакінутай машыны «скрыначку» патронаў і закапаў яе на полі, пра запас.

Што больш — я не ведаў, бо толькі гэта зусім выпадкова прыкмеціў.

Дрэнна, не па-суседску зрабіў я, не пайшоўшы з атрада па гэтую «скрыначку» сам, а паслаўшы сяброў па групе. Быў у нас такі Міхась, што вельмі любіў адводзіць убок ды шаптаць на вуха. Адвёў ён мядзведзя за вугал і шэпча: «У вас, дзядзька, вось так ды гэтак, нам Мікола казаў…» Міколу, вядома, прыдумаў. «А ліха яму, — загудзеў Паўлюк, — такі не змаўчаў! То ж мы з ім разам закопвалі. Я, дурань, адну толькі вінтовачку і ўзяў, а ён жа, хлопцы, кулямётаў, патронаў, гранат!» — «Які Мікола, дзядзька, скажыце…» — натапырыўся Міхась. «Як які? То ж ты кажаш, што вы ад яго!» Што зробіш, прыйшлося хлопцам адказацца ад Міколы. Калі ж Паўлюк дастаў з-пад застрэшша новую «вінтовачку», — ім прыйшлося паверыць яму і падумаць, што я салгаў. Наступны раз паслалі самога мяне. Перш-наперш я, вядома, прызнаўся. «Вось з гэтага трэ было і пачаць, — гудзеў Паўлюк, — а то скалацілі мне, жэўжыкі, ноч. Ну, пайшлі!» Узялі «рыдлёвачку», пайшлі. «А ты, браце, таксама вуж, — гудзеў Паўлюк, ідучы, — і як ты прыкмеціў тады?» Адкапалі мы «скрыначку» — цяжкая. Прыйшлося запрэгчы Мышатку. Другім разам я пачаў адразу з ласкі і атрымаў зусім новы «наганчык», старанна ўквэцаны і спавіты бадай што цэлымі порткамі. Трэцім разам я атрымаў тры гранаты і «жменьку» наганных патронаў. Затым было яшчэ разоў са два «па жменьцы», пакуль Паўлюк не сказаў: «Закрываецца крамка, няма, браце, усё».

Пра гэты вось «даўжок» ён і напомніў мне, зноў просячыся на «жалезку».

— Мне, браце, толькі зірнуць, як ён стане на дыбы!.. — сціпла тлумачыў Паўлюк.

І што ж, прыйшлося нарэшце ўзяць.

— Падумаеш, — параіліся мы, — ходзіць жа дзядзька і так, па заданню, ці проста валочыцца цэлымі днямі. Так ужо конча будзе некаму падумаць, што ён з намі пайшоў. Толькі, хлопцы, каб адна наша група ведала — больш ніхто.

Паўлюк чакаў за вёскай, на ўмоўленым месцы. Калі ён выйшаў на свіст з-за куста, на ім мы ўбачылі… вінтоўку-«дзесятачку», наган, за «ласяком»[4] — гранату.

— Э, брат, дык ты маніў, што нічога сабе не пакінуў!

— Што ж, — загудзеў ён у адказ, — без снасці, браце, і вошы не заб'еш.

У дарозе, вылучыўшы момант, калі мы з ім засталіся ззаду, Паўлюк таямніча шапнуў:

— Семачак хочаш?

Я зразумеў справу проста.

— Давай паплюемся, — сказаў я. Наставіў кішэню, і ён мне ўсыпаў… гарцавую «жменьку» наганных «патрончыкаў».

— Зойдзеш калі, яшчэ, можа, знойдуцца шчопці-другія, — шчасліва гудзеў ён у цемры.

Днявалі мы на хутары. Наступная ночка падтасавалася якраз для нашага промысла — цёмная, з дожджыкам. У Засуллі мы ўзялі правадніком Ігната, сувязнога.

— Паўлюк, ці не ты? — прыгледзеўся ў цемры дзядзька Ігнат, калі я вывеў яго на загуменне.

— Я, браце, як маешся?

— Што ж вы, — здзівіліся мы, — знаёмыя, за трыццаць вёрст?

— Мой Цюлік быў адгэтуль… Той, што качкі лавіў. Не забыўся?

…Лёня, Косця і Кныш засталіся ў засадзе. Дзядзька Ігнат, я і Паўлюк падаліся на справу ўтрох. Крокаў больш сотні ад рэек, дакуль быў высечан фашыстамі лес, за прыгоркамі між карчоў мы прыселі, параіліся. Дзядзьку Ігнату я даручыў канец шнура, строга наказаўшы не дакранацца да яго, а самі з Паўлюком папаўзлі. Паўзучы, я разматваў шнур. Час ад часу мы спыняліся, каб прыслухацца: ці не шаркаюць па жвіры, усцяж рэек, падкаваныя боты патруля… А потым паўзлі далей. Спачатку — быў грудок, і пад намі шуршала мокрая ад дажджу шорсткая лясная трава.

вернуться

4

Рэмень з ласінай скуры.