Выбрать главу

Сонечка стаіць на пасцелі ў кароткай чысценькай кашульцы. Яшчэ ўсё сонная, ды ўжо з усмешкай на прыплюшчаных карых вачах, яна працягвае да Галі тонкія загарэлыя ручкі. Мама надзявае на іх маленькі крэмавы станік, потым зашпільвае яго, спрытна перабіраючы пальцамі белыя гузікі. А тонкія цёплыя ручкі малой ужо абвіліся за Галіну шыю. Чорнавалосая галоўка сама схілілася на маміна плячо. Ой, як прыпала б яна да падушкі!.. Ды нічога, Сонечка ўстане таксама ахвотна. Яна ведае, што цяпер жніво, што ёй і сёння трэба замяніць Антося, пакуль ён паспіць. На двары ўжо стаіць, чакаючы сваю пастушку, ласкавая, спакойная Падласка. У жоўтым чысценькім збанку стаіць на стале каля кубка цёплы сырадой.

— Ты, мамка, спала са мной?

— З табою. То ж мы разам з табою заснулі.

— Сёння, мамка, нядзеля?

— Нядзеля. Сукенку ты надзенеш новую, дачушка. Гэтую.

— А ты, мамка, пойдзеш у поле. Жыта дажалі, дык трэба ўжо авёс. І авёс, пшаніцу. Антось таксама пойдзе.

— Ён паспіць. Ён малаціў усю ноч.

— Антось наш вялікі. Ён у нас, мамка, харошы.

— Харошы, дочка, харошы.

— І я харошая, мамка. Я цябе слухаю.

— Ты — таксама, дачушка. Ты лепшая за нас усіх.

Галя падцягвае малой таксама, як і станік, свежыя, гладкія трусікі, а потым туліць да грудзей усю яе — такую родную, цёплую. «Сонейка маё! Чаму ж я не нарадзіла цябе ад таго, хто быў мой?!.»

А за акном — чуваць — гудзе, ракоча нястомны рабацяга-трактар… Хто там сядзіць за рулём? Хто там змяніў Сярожу?

— А я ўчора думала-думала, думала-думала, — шчабеча Сонечка, — і ўспомніла: спекулянт! А што гэта, мамка? Што?

— Вырасцеш, дочка, яшчэ трохі і тады зразумееш, тады я скажу. Ты — харошая, ты больш не будзеш пытацца?

— Не буду. Я Падласку паганю.

…Галя ідзе па расе каля пшаніцы, туды, дзе дарога ў поле.

«Не, ён — не толькі спекулянт, — у думках гаворыць яна, нібы яшчэ ўсё размаўляючы з дачкой. — Ён — баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек. Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..»

Яна ўспамінае яго бараду. Кудлатую, рыжую, з пчоламі. Назаўтра пасля таго, як забралі Каштанку, ён доўга скроб тупою брытвай гэтую бараду, — крахтаў, стагнаў перад аблезлым трохкутнікам люстэрка, а ўсё ж такі скроб. І кожны тыдзень галіўся, да самага прыходу нашай арміі, штоночы чакаючы тых, што абяцалі прыехаць праверыць. Яны, вядома, не прыехалі, а ён, вядома, не змяніўся. Пайшоў на фронт. Ну, прастрэлілі трохі руку… Куды ён толькі ні тыцкаўся з гэтай рукой, каб давесці, што ён за савецкую ўладу! Куды ён толькі не ездзіў на свае гешэфты!.. Стоўбцы, Баранавічы, Менск… І вось сядзіць. Даездзіўся, дабурчэўся…

Можа, нядобра гэта, што яна не шкадуе яго? То ж бацька дзецям, пражылі столькі год… Ды не, не шкадуе, ні разу нават, здаецца, і не падумала. А трактар гудзе…

Хутка знікне імгла, і за пшаніцай, за лёнам адкрыецца чорны прастор свежай, духмянай раллі, стане відаць, колькі за ноч узняў зямлі яе Сярожа. А можа, гэта ён яшчэ сядзіць за рулём? Не, не ён. Нават трактар ракоча не там, — не даходзіць у сэрцы яго несціханы, бязлітасны, добры, любімы гул. Не, не ён.

Нехта ідзе па дарозе… Божа мой — ён!..

Галя хацела рвануцца, пабегчы туды, але спынілася — глядзіць… Сярожа ідзе без шапкі, у сінім расхрыстаным на грудзях камбінезоне — такі самы, якім яна нібыта бачыла яго праз акно.

«Не, ён не ўбачыць мяне!.. Не, не цяпер!..» Яна сышла са сцежкі ў пшаніцу. Сяргей ідзе і не бачыць над калоссем яе галавы ў белай хустцы, пад колер імглы. Ды ён сюды і не глядзіць… Толькі на яго, услед яму глядзяць Галіны карыя, сумныя вочы…

«Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! Вярніся, заспявай мне вясёлую песню пра чорную галку, якая яшчэ ўсё твая, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду з табой усюды, куды скажаш!..»

А пшаніца, якая пшаніца навокал! Густая, чыстая, высокая. Так і трэба!

Галя яшчэ не думае пра гэта: толькі адчувае. Мазольная спрытная рука жняі пайшла па каласах, і пяшчотныя дотыкі іх разбудзілі ў душы пачуцці светлай, харошай палёгкі…

«Іван Сцяпанавіч! Дзядзька Іван! Памажыце мне, дзядзька!»

Галіны вусны шэпчуць гэта, як даўно завучаныя словы. І дзядзька Іван, разумны Іван Сцяпанавіч, той самы Іван Чарнагрэбень, падпольшчык і гарманіст у мінулым, цяпер старшыня іх калгаса, глядзіць на Галю з-пад густых, ужо як быццам з сівізной брывей.

«Што ты хочаш, Галіна?»

«Дзядзька Іван, я не хачу там жыць, вазьміце вы мяне назад у нашу вёску. Зрабіце мне хатку, і мы з Антосем адробім, за ўсенька адробім. Здыміце з мяне яго прозвішча, дзядзька Іван. То ж вы і самі ведаеце ўсё — хто ён, хто я і хто мае дзеці…»