Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.
Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна — спераду, ён — ззаду.
Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.
Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое, — так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.
На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы — на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё… Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта, — не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі і сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.
— Што гэта?
— Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі іх паліцаям. Дадуць гарэлкі і тытуню.
— Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж іх нехта паслухае?
— Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. І хату спаляць.
— На ўсё божая воля…
Яны пайшлі — зноў адно за адным і моўчкі. Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, і ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.
— Я пайду ў вёску, — апярэдзіў яе Васіль.
— Зноў! — больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: — Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.
— Ну што ж, і ўстану.
— Дык павячэраў бы хоць.
— Я скора прыйду.
— Ведаю я гэтае скора… Ой, находзішся ты! Давядзе цябе гэты Азароначак! Успомніш ты маё слова!..
— Нічога, маці. Спалохалася?
— Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая — нічога не бачу, або дурная — нічога не ведаю?
Ён падумаў, што больш не варта… Не, ён проста ўспыхнуў:
— Яшчэ чаго — будзе вучыць!
І пайшоў.
Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..
Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.
........................
Маці не спіць.
Каля гэтага хутара фронт — трагічны пачатак вайны — прайшоў, як нейкі раптоўны віхор, — і верхам, і нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты… Прайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.
І вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. І не вяртаюцца, як іншыя… Не паспелі і ажаніцца, — так хутка праляцеў ён, гэты час іх доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. А Васіль — гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку…
Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе… А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася — нават не скажа, куды і чаго…
…Яны прыйшлі яшчэ зацямна. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка — хто гэта? — і нават радасць — а можа? — пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:
— Хозяин!.. Хозяин, открой!..
Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта — яны, байцы…
Адзін з іх, — а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця, — адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:
— Мать? Ты нам хлебушка дай, родная… Ты не бойся: мы сразу же уйдем… Из лагеря бежали…
Шэры і гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма… З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец… Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль і знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны — цяпер ужо добра відаць — учатырох.