Выбрать главу

— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.

— І скажыце яму… Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.

— Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там — у адрыне?

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:

— Там… мая… баба…

— Ён кажа, што там яго жонка.

— Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў… што жонку сваю вы можаце забраць.

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:

— У мяне там і дачка… з малымі дзет… камі…

— Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.

— О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?

— Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?

— Скажы яму, што ў мяне там суседзі… А ты скажы, што яны сваякі…

— Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.

— Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!..[8] Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?

— Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:

— А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.

Але пячнік упаў.

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.

І ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.

І ён жыве.

1958

Туга

Андрэю

1

Калі праўду сказаць, дык і тут было часам нядрэнна.

Перш за ўсё, тут было вельмі многа вады, і яна называлася мора. Глядзіш з самага берага, седзячы на пяску, глядзіш з высокага абрыву, са сцежкі ў шорсткай траве — а яно ўсё бясконца мора ды мора!..

Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Горача вельмі і зверху, бо сонца тут пячэ ўвесь дзень. Тата знайшоў чатыры кіёчкі, прыносіць іх сюды, утыкае ў пясок і зверху нацягвае прасціну, якая тады называецца тэнт.

Спачатку Юрка баяўся мора і не лез у яго. Ён то ляжаў пад тэнтам, то ішоў на самы бераг і шпурляў у мора каменьчыкі. А іх тут таксама вельмі многа. І яны называюцца галька. У тое, другое лета, калі Юрка з мамай і татам жылі ў лесе над рэчкай, каменьчыкаў было куды менш. Там іх тата збіраў для Юркі і ўсё знаходзіў мала. А цяпер — кідай, кідай, ажно рука забаліць!.. І так — то пад тэнтам ляжы, то гальку кідай. І сёння, і ўчора, і ўжо даўно, даўно!.. І тата смяяўся:

— Эх ты, курыца! Трэці дзень на курорце, а ўсё сядзіш ды глядзіш.

Ды вось тата ўзяў Юрку на рукі, занёс у мора і, колькі малы ні прасіўся, паставіў яго ў ваду па саменькія грудзі. Юрка яшчэ ўсё то крычаў, то дрыжаў, то пачынаў смяяцца, а вада як плюхне на яго — і ў рот, і ў вочы, і на валасы!.. Ды такая ж салёная, страшная!..

Ну, так было раней, калі Юрка баяўся мора. А цяпер ужо мама баіцца, каб ён не лез. І аднаму купацца Юрку не даюць, — і тады, калі ціха, і тады, калі на бераг коціцца з шумам адна за адною вада, якая ў той час называецца хваля.

— Сёння, сынок, хваля вялікая, ты купацца не будзеш. Ты — харошы, і ты не будзеш нават прасіцца.

Праўда, харошым тут быць вельмі сумна, але ж і з мамай трэба дружыць. Тату добра — ён купаецца і тады, калі тая хваля аж надта шуміць і хвошча па беразе, нават тады, калі мама і яго — такога вялікага! — просіць, каб не купаўся.

У той дзень Юрка прыдумаў нештачка вельмі вясёлае. Ён браў сваё блакітнае вядро з намаляваным на баку вялізным жоўтым яблыкам і ішоў да самага берага. Берага, зрэшты, цяпер не было. Хваля за хваляй так шумна і так злосна каціліся на гальку і пясок, што бераг усё ўцякаў — быў то бліжэй, то далёка… Хваля адкоціцца, і толькі пена, як з мыла, усмоктваецца ў гальку і пясок. А ты бяжыш следам за берагам, каб чарпануць вады. І толькі ты сагнешся — хваля зноў як плясне, і бераг твой пабег, пабег, а ты ўжо стаіш у вадзе. І ты з вады ўцякай, бо хваля другая таксама — як плясне!.. Мама ўсё яшчэ баіцца, а то і крычыць нешта, хоць што яна крычыць — не чутно, бо відаць толькі, як яе рот раскрываецца. Затое тата не крычыць. Ён нават так сядзіць ды так павернецца бокам, што нібы цябе і не бачыць… У гэтым іменна ўвесь смак гульні. Юрка падкрадаўся да таты з вядзерцам вады ды знячэўку на спіну як плюхне! — тата ажно падскочыць і закрычыць. Як жа гэта прыемна Юрку і як жа тут нарагочашся! І можна яшчэ і яшчэ раз, бо тата будзе кожны раз так сядзець, што нібыта ён нічога і не бачыць… Вось і ўсё, што вясёлае.

вернуться

8

Гэта ўжо проста смешна!..