Выбрать главу

Гэта мама яго абнімае, гаворачы:

— Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся?

А ён крычыць:

— Сама гані сваіх свіней! Сама!..

— Сама пагоніць! — смяецца мама. — Глядзі — разышоўся…

І Юрка прачынаецца канчаткова.

— Трэба снедаць ісці, сынок. Усе ўжо даўно пайшлі. А мы з табой спазняемся.

Памытага, адзетага, але яшчэ ўсё надзьмутага Юрку за ручку вядуць у сталовую. Там з яго бесцырымонна здымаюць цюбецейку, садзяць за стол і пачынаюць карміць.

Цёця Паліна Іванаўна, якая называецца сястра-гаспадыня, спачатку то ідзе, то спыняецца каля другіх сталоў, а потым падыходзіць і да іх.

— Добрай ранічкі, — кажа яна. — Ну, і чаго ж мы такія сумненькія? Як жа мы спалі? У гэтым заездзе, разумееце, амаль зусім няма дзяцей. Вось толькі ваш ды прафесара Маркава, Аляксандра Паўлавіча, Вова. Ды Вовачка, разумееце, прыхварэў ангінкай і пакуль што на пасцельным рэжыме. А так бы яны гулялі разам. Вовачка таксама, як і Юра, вельмі прыстойны хлопчык…

Цёця сястра-гаспадыня і сама вельмі прыстойная. У чысценькім, хрумсткім халаце, поўная, ходзіць салідна, нібы плыве, і гаворыць ласкава, роўненька.

І ўсё тут вельмі прыстойна — пальмы ў кадках, сталы пад беласнежнымі накрухмаленымі абрусамі, дзядзі і цёці, што вітаюцца па пяць разоў на дзень. І мама не крычыць на Юрку, як дома, а толькі ўсё шэпча ціхенька, прыстойна:

— Еш! Божа мой, еш ты!..

І ў тую раніцу ўсе тут, вядома, вельмі здзівіліся, калі такі мілы ды ціхі хлопчык, седзячы з мамай і татам, раптам крыкнуў на ўсю сталовую:

— Я тут ждохну ў вас! Я хачу да цёці Веры!

1961

Апоўначы

За дваццаць пасляваенных гадоў я гэты хутар бачыў і вясной, і ўлетку, і ўвосені…

Вясной — калі трава асцярожненькай зелянінай пацягне даўно не араныя ўзгоркі, стракатыя ад сумных валуноў і рэдкіх кусцікаў ядлоўцу; калі ў лагчыне перад старою хатай зацвітуць вішні, а шматок зямлі разварушыцца шэрай свежасцю — на грады нейкія і трохі бульбы.

Улетку — калі бліжэй да гасцінца, па якім я іду або еду, амаль крынічна цурчыць сабе звілістая рачулка, супроць плыні якое трымаецца мужны мясцовы пячкур; калі дарогу пешаходу ці машыне перабягае, свідруючы пыл, па-інтэлігенцку сыценькі і па-хлапечы легкадумны суслік; калі я, не ўпершыню гледзячы на гэтыя запусцелыя, выпражаныя сонцам узгоркі, такія недарэчныя ў нашай, наогул хлебнай, мясцовасці, не ўпершыню чамусьці ўспамінаю палесцінскія пейзажы Паленава. Без Хрыста, без людзей, толькі з дзікай, спякотнай сумотай прыроды.

Увосені — калі на кірмашных вазах, зусім як быццам неасуджана, спакойна і сыта парохкваюць сальныя парсюкі, а ў кошыках дробнымі кветкамі чырванеюць грабеньчыкі курыных навабранцаў пеўнікаў; калі наш любы свет наскрозь прапахне антонаўкай, а маладзенькая, стрункая рабіна каля сцежкі стаіць, цнатліва абцяжараная першымі, румянымі ад шчасця гронкамі. Толькі зімой, у белай, лютай бездані, я памятаю яго, гэты хутар, з вайны. Нібыта я яго больш ніколі не бачыў — ні з саней, ні з машыны, ні з рыплівай сцежкі. Не з дзён вайны памятаю, а з начэй, яшчэ больш дакладна — з адной завірушнай поўначы…

Цяпер толькі адзін гэты ўпарты небарака ліпіць у лагчыне паміж узгоркамі, якім, на добры лад, найлепш было б зноў, як даўней, парасці сасоннікам. Усе іншыя хутары спакваля вярнуліся ў свой родны гарадок, адкуль іх калісьці, з цясноты вуліц ды завулкаў, выпрасілі каморнікі буржуазнай Польшчы.

У вайну ў гарадку былі нямецкі зондэрфюрэр і беларускі бургамістр, прыезджыя жандары і мясцовыя паліцаі. Апорны пункт фашызму, своеасаблівы маленькі гарнізон. Пад канец акупацыі, як гэта рабілася ў такіх гарнізонах, рэшце мужчын гітлераўцы, не пытаючыся згоды, выдалі зброю і назвалі іх самааховай. З адборных катарэзнікаў-паліцаяў арганізаваны быў карны эскадрон. На вышках, што тырчалі над дратамі ды бункерамі гарнізона, стаялі вартавыя з кулямётамі. Бліжэйшыя хутары былі, такім чынам, заўсёды на вачах ва ўлады, у арбіце амаль прыцэльнага агню.

Па-рознаму мы, партызаны, любілі іх, гэтыя хутары…

На адным з іх трох нашых хлопцаў, што асталіся перадняваць у знаёмага, хтосьці выдаў. Яны адстрэльваліся і згарэлі разам з гумном. А хутаранца з сям'ёю чамусьці не расстралялі, а толькі вывезлі ў Нямеччыну, адкуль ён, дарэчы, і не вярнуўся…

На другім хутары мяне з таварышам карміла неяк ноччу — небагата, але цёпла — ціхая, спрацаваная жанчына. Маці іншых дзяцей (у хаце былі яе муж, дарослая дачка і сын-падлетак), яна, вядома, і баялася за іх, і нас шкадавала — і самым звычайным, і самым святым шкадаваннем, якога мы бачылі многа ад нашых людзей.