Выбрать главу

На трэцім хутары, ледзь не найбліжэйшым да гарнізона, у нас быў сувязны. Такі сабе з выгляду малапрыкметны дзядзька Журавель, якому якраз больш пасавала быць незаможным хутаранцам, чым мешчанінам, бо тым і ў гэтым гарадку, згодна з нейкай дурной местачковай традыцыяй, належыцца лічыць вясковых хамамі. Дзядзькавы вока і вуха служылі нам штосьці з паўгода, а потым ён раз не з'явіўся на ўмоўленае месца, другі раз, трэці… І мы паехалі праверыць.

Ноч выбралі на гэта адпаведную, калі, як кажуць, добры гаспадар і сабаку на двор не выжане. Завея пачала пашкрэбваць ды пасвістваць звечара.

Пры конях, якіх мы паставілі ў зацішку за гумном, застаўся Ермакоў. Туды Журавель паслаў свайго сына, падкінуць «беднай скацінцы» сена. Самога дзядзьку Коля Шчэрба затрымаў для гутаркі ў сенцах. А я зайшоў у хату. Я быў усё-такі прастуджаны, у чым зусім упэўніўся ў дарозе. Цяжкая галава гула, то горача рабілася, то холадна. Сёння мне, дурню, не ехаць было, а выпіць чаго ды прапацець пад кажухом…

Вокны былі знадворку, для цяпла, пазавешваны саламянымі матамі. У хаце душна. Гаспадыня, мы ведалі гэта з даўніх скаргаў Жураўля, была нямоглая; яна ляжала на печы і толькі час ад часу шамацела за комінам — ці ад нямогласці сваёй, ці ў непакоі. Цьмяная, нібы таксама спалоханая, лямпа прымасцілася на століку каля шырокага нікеляванага ложка. На ложку, амаль прыціснуўшыся бокам да сцяны, ляжала чарнявая маладзічка, да самага рота накрыўшыся чырвонай ватняй коўдрай. Адгэтуль, з другое падушкі, устаў нядаўна, па зусім нечаканай трывозе, гаспадарскі сын.

Дзве думкі прамільгнулі ў маёй галаве, калі я першы раз зірнуў на гэты ложак. Адна — маладая, раўнівая — пра гэтых, што тут сабе папоцемку туляцца ды шэпчуцца ў цяпле, пакуль на свеце сцюжа і вайна; другая думка, прыкрая, — пра ложак: відаць, гэты нікель двухспальны, такі шыкарны ў беднай цясноце, з пасагу; відаць, яго тата нявесткі — мы ведалі ўжо, што яна з гарадка, — прыдбаў пасля ліквідацыі гета…

Я стаяў сярод хаты, даволі зблізку глядзеў на маладзічку, трохі любаваўся ёю, нават і праз грыпознае ачмурэнне, што бачачы, а што ўяўляючы, і ўжо ненавідзеў яе зусім непатрэбны, хоць, зрэшты, і зразумелы мне страх.

Яна не проста была высока, да самага рота, накрытая коўдрай, але за край яе, абапал пухкіх лялечных шчок, трымалася аберуч. Рукі («аголеныя, точаныя, цёплыя», — падумаў я) былі схаваныя, а наверсе — толькі сціснутыя пальчыкі, двойчы па чатыры, з нейкім дзіцячым і непрыемным адчаем трымалі адзіны ратунак — пасажную коўдру.

— Што ж вы такая бледная? Чаго?

Яна прыкметна сабралася з духам, каўтнула сліну і ціха, яшчэ не плачучы, спыталася:

— А куды павялі майго мужа?

Сюды, у такое блізкае суседства з гарнізонам, наш брат заглядваў вельмі рэдка. Можна думаць, што я быў першы партызан, якога ўбачыла гэтае дзяўчо, што прыйшло на хутар, як мы даведаліся сёння, тры тыдні таму назад. Там, дзе яна жыла раней, гітлераўцы для многіх мяшчан, — якіх, як і ўсю Заходнюю Беларусь, дваццаты век прызвычаіў да частых зменаў улады, — былі проста немцамі, яшчэ раз новымі панамі, страшнымі для «васточнікаў», для «жыдкоў» і для тых, хто не слухаўся. А такія цяпер, пасля расправы з камуністамі і савецкім актывам, каго ўдалося злавіць, пасля масавага знішчэння жыдоў, жылі далёка, у вёсках, або паўцякалі ў лясы. Для гэтай, відаць, вясёлай балбатункі і скакухі паліцаі былі не здраднікамі радзімы і нікчэмнымі паслугачамі ворага, не забойцамі і падпальшчыкамі, а перш за ўсё хлопцамі, кавалерамі, што ўвіхаліся ў клубе і каля яе.

А тут, за нейкі кіламетр ад таго клуба, — партызан!..

Зрэшты, у тым асяроддзі, дзе яна вырастала на дзеўку, пра нас не гаварылася «партызаны». Я не быў для яе адным з тых, каго па радыё, якое мы слухалі з Масквы, і ў газетах, якія нам дастаўлялі самалёты з Вялікай зямлі, ужо на ўвесь свет называлі народнымі мсціўцамі. Не лічыла яна мяне і салдатам шматмільённай, не толькі савецкай, але і міжнароднай арміі змагароў з найбольшай бядой чалавецтва — фашызмам. Я быў для яе… мала, што проста вясковы хам, але ж і бандыт, адзін з тых «сталінскіх бандытаў», пра якіх яна чула і, магчыма, чытала неверагодную процьму жахаў і агіднасцей…

І вось я, бандыт, стаю над ёю і ўжо, відаць, як ёй здаецца, гатовы… добра, калі толькі насмяяцца, а то дык потым і замардаваць… А мужа павялі!.. Куды?..

— Не бойцеся, ён зараз прыйдзе… Чуеце, вось ён ідзе.

Мне і самому стала як быццам прыемна, што ён нарэшце ўвайшоў з двара. Разгублены, не вельмі ўпэўнены, што зноў апынецца пад коўдрай…