Выбрать главу

— Хто яшчэ ў хаце?

— Я і Толік. Мама да цёткі Ганны пайшла, бо яна хворая.

— Чаму не адчыняла?.. Бацька дзе?

Дзяўчынка адняла з ілба левую руку, адкрыла ўвесь твар, а правай, з дзіўнай на гэты ўзрост — не тое каб ад бабулі завучанай, але старэчай неяк самахоць — з найбольшай, можа, апошняй у жыцці сур'ёзнасцю перахрысцілася на ўвесь мах:

— Ваймяца і сына, і святога духа, амінь. Дзядзечкі, дальбог жа, не чула. А таты ў нас даўно няма. Яшчэ з польскай вайны.

Гэта было так страшна… не, так незвычайна і нечакана, і гэта так распранула мяне, што я… ледзь не ўсхліпнуў.

— Ты зачыняйся. Ну! Бяжы на печ. Да Толіка.

Ліхтарык згас.

Дзверы зачыніліся. Зноў лузгануў нарэзамі заскак.

Мы моўчкі селі і паехалі.

…Ужо неаднойчы за дваццаць гадоў мне можна было б збочыць з гасцінца на гэты хутар — зірнуць, што вырасла з яе, той маленькай жанчыны. Няўжо гэта яна, стаўшы жонкай ды гаспадыняй, так укаранілася тут, што аніяк не хоча выбрацца ці ў гарадок, ці ў Мокрае?

А можа, хтосьці даўно ўжо звёз яе, настаўніцу ці доктарку, у далёкі замуж — далёкі па-сучаснаму, не ў трэцюю вёску, а за тры тысячы кіламетраў…

Я мог бы, вядома, зайсці, паглядзець, а то і ўспомніць разам.

Ды не зайшоў. І не зайду. Бо не хачу.

Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, як была, — у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…

Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна.

Я не паспеў ёй гэтага сказаць: дзіцяці было холадна.

1966

Глядзіце на траву

На сонечна-іскрыстай гурбе снегу сядзіць і час ад часу гаўкае шчанюк. Ззаду за ім, воддаль і нібы ў яме, відаць шэры трохкутны перад самотнага на пустой сядзібе пагрэбніка. Над пагрэбнікам — сонца. Тое, што толькі свеціць і ходзіць нізка.

Снежань. Год сорак трэці.

Якая даўніна — амаль чвэртка стагоддзя мінула.

І дробязь якая — на гурбе снегу шчанюк…

…Яго блазенскі, радасны брэх я чую праз гул і бразганне вялікага, бывалага аўтобуса, што паўзе па гравійцы, з маруднай, упартай стараннасцю лічачы ямы і ямкі.

Побач са мной галаганіць сусед па сядзенні. Ён падвыпіў, смелы і ветлівы, сліна так і ляціць ад нябрытае морды. Яшчэ румянай. Відаць, не толькі ад перакускі ў райцэнтры. Хоць і ў гадах ён, мне здаецца, вельмі даўно, гэты кульгавы грукач, — з таго часу, як я хадзіў у іхнюю вёску ў школу.

Чаму ж так груба пра чалавека: «нябрытая морда»?..

Мы толькі што сустрэліся з ім у рэстаране і там жа толькі што рассталіся з яго аднавяскоўцамі. Нядзеля, яны засталіся: дабраць. Утрох. Мае знаёмыя яшчэ з-за парты, а чужыя ўжо цэлую вечнасць.

Калі я зайшоў у рэстаран, яны мяне збянтэжылі гасцінным п'яным вэрхалам:

— Чаго табе да буфета — што ў нас, не тая самая?

— Браток, дабавім! Дзевушка, сюды!

— Ну, ты не сядзеш, вядома, ого!..

Адзін з іх — Смятана, што мог калісьці, у школе, хадзіць і бегаць на руках, — нават сказаў, кіўнуўшы на мой карэспандэнцкі апарат:

— Зняў бы нас, Васька Андрэевіч! Хоць атрыцацельных!

Ад нечаканай сустрэчы было так прыкра, што я і піва не выпіў каля буфета, а толькі ўзяў не вельмі патрэбныя мне цыгарэты, каб найхутчэй, і вылузаўся з душнай, цеснай гаманы на двор.

— Яно, канешне, таварыш Зянько, гэта вам не кампанія. Хаця, як вы і самі не горш за мяне ведаеце, і ў паліцыі былі ўсякія. Каторы з іх…

Кульгавы сеў каля мяне як быццам проста на вольнае месца. І гутарку пачаў са мною сам. Як і тыя трох, пасмялеўшы ад чаркі. З ім я ўжо сустракаўся разоў некалькі пасля вайны, аднак ён толькі здароўкаўся са мной, нават шапку здымаў, з нейкай няшчырай, падкрэсленай і прыбітай ветлівасцю, але ніколі не загаворваў.

— Хоць бы і гэты Міцька Смятана. Скажам, ён тожа паліцай. Але ж не першы ён туды пайшоў! Сілай аружыя ўзялі. І гэтыя абодва: Вечар і Максімук. Проці вады, таварыш Зянько, не дыхнеш. Кожная ўласць…

З суседам мне непрыемна. Лепш ён маўчаў бы, а я глядзеў бы ў акно. Жыта красуе, ходзіць хвалямі. Столькі зялёнага ўсюды! «Глядзіце на траву — няхай на зеляніне адпачынуць вочы». Успамінаецца далёкае, з перадваеннай службы ў арміі: словы сяржанта на стрэльбішчы. Вочы ўжо трохі прытаміліся за гэты час. І сэрцу добра супачыць ды супакоіцца. Пасля трывог, перад трывогамі. Дарога супакойвае. Вось толькі ён, чортведама навошта і чаму, гародзіць мне даўно вядомае…

У іх вялікай вёсцы, якая з-за царквы і дзвюх-трох крам здаўна прывыкла лічыць сябе мястэчкам, пры акупацыі стаяў фашысцкі гарнізон. «Сіла аружыя» была спачатку ў тых двух нямецкіх жандараў, што прыехалі ў гэтае… няхай сабе мястэчка, з раённага гарадка. Штосьці адразу, у ліпені сорак першага. Яны ўжо, аднак, былі не адны, акупанты, а з памагатымі. Два паліцаі і перакладчык. Паліцаі былі яшчэ ў сваёй вопратцы, толькі нехлямяжа падпяразаныя па пінжаках патранташамі, і з белымі павязкамі на рукавах, а называліся «службай парадку». Аднаго з іх мястэчка ведала: шафёр Нашора, што вазіў старшыню райсавета. Перакладчыка таксама пазналі: Шлёмы-цялятніка сын, што вучыўся на адваката. Ён быў, вядома, без вінтоўкі, з жоўтымі латкамі на грудзях і спіне, і ўсё нібыта чакаў, з якога боку ўдараць, хоць азірнуццца баяўся. І гаворачы, і як маўчаў.