Для гэтых двух, вахтмайстра і каменданта, дзень той быў самы звычайны, будзённы. Проста праветрыцца выехалі з-за калючага дроту ў адну з бліжэйшых вёсак, ну, і ўзяць пару падсвінкаў. Навокал вёскі стаяць пасты, каманда ходзіць па хлявах, а штаб тым часам сумуе. Ішлі сабе па вуліцы, цяпер спыніліся перад сабакам.
Трайбэр нібыта дрэмле, гледзячы на сонца; Нашора цярпліва састаіць пры ім — яшчэ, здаецца, трохі — і пазяхне, аж да вывіху сківіц, нават і без загаду. Маўчаць.
Вясёлы толькі іх маладзенькі навічок. Ці ён ахова, ці сувязны, ці любімец абодвух або аднаго каторага — гэта няважна. Важней за ўсё тое, што ён вельмі рады. Жыццю, маладосці, свайму, такому чыстаму яшчэ, бушлату, іхняй «сіле аружыя». Яшчэ так нядаўна ён быў проста падшыванец, сын калекі, — яго і самога ў школе аднагодкі бяздумна і балюча лаялі: Кульгач, — а цяпер ён — «як усе» ў іх мястэчку, «як людзі». Хоць за паўтара месяца яго службы і не было пакуль што сур'ёзных аперацый супроць бандытаў і іх памочнікаў, ён ужо двойчы піў ром з кантовай нямецкай пляшкі, які ім, паліцыі, выдаюць час ад часу, які ён бачыў раней толькі здалёк. Адураны хлапчук, ён быў перш за ўсё п'яны ад першай чаркі поўнай улады над жыццём і смерцю людзей, што думаюць інакш, чым ён, п'яны сваёй вышэйшасцю над імі, свабодай, нават загадам рабіць што хочаш, абы толькі разам з усімі, з кім служыш, — п'яны сваім неўсвядомленым, пачатковым, яшчэ салодкім і хмельным фашызмам.
Хлопец ажно патупвае, пераступае з нагі на нагу, ледзь-ледзь не паскавытвае…
Шчанюк на гурбе сядзіць перад імі, з закасаным фанабэрыста вухам, глядзіць на людзей — для яго яны людзі — і час ад часу весела гаўкае.
Хлопцу ў белым бушлаце таксама хочацца штосьці сказаць ці зрабіць…
— Мой Сярожка, — праз гул і бразгаценне аўтобуса плявузгае побач са мной п'янаваты сусед, — ён хлопец быў недурны. Ён, таварыш Зянько, людзям урада ніякага не рабіў. Ён тыя разы…
Сонны вахгмайстар нарэшце загаварыў.
— Der Нund ist noch ganz jung und dumm[9], — буркнуў ён вяла, без усякага падабенства ўсмешкі.
З усёй гэтай прамудрасці Нашора найлепш зразумеў слова «гунд».
— Ё, ё, — згадзіўся ён. — Гунд. Яшчэ і гаўкае, бандыцкая парода.
І засмяяўся, коратка і басавіта гыкнуў: трохі па службе, трошкі па дружбе, больш — ад удалага адказу.
— А можа, я яго?.. — спытаўся хлопец, асмелены гэтым начальніцкім жартам.
— Сярожа, шысан[10], гут? — падаў вышэй яго просьбу, надзею, нясмелую радасць спадар камендант.
— Scheissegal[11].
Гэтае слова Нашора даўно прывык разумець.
— Давай, — пераклаў ён дазвол. — Паглядзім, што ты за стралок. Ды ўжо і дахаты збірацца пара. Сігналь.
Якое гэта шчасце — вось так, адчуваючы ў жменях вясёлую сілу, злажыцца, падвесці знізу… так… уладна ўзяць правым вокам па мушку, націснуць і…
— Яго, каб гэта цяпер, — чуецца голас кульгавага бацькі, — дык, можа, і не судзілі б, таварыш Зянько. А тады адразу, вядома, на злосную руку, далі дзесяць год. Як і Смятане, як і Вечару, як…
…Стрэл тузануў цішыню нечакана.
Хоць я і чакаў яго…
Так, я ляжаў на гарышчы найбліжэйшай да гэтага стрэлу хаты. Не адзін, з таварышам. І мы глядзелі на іх праз шчыліны ў шчыце, праз голле бэзу ў агародчыку. Яны былі так блізка, што толькі ўстаць да акенца, раз чарпануць аўтаматам — маеш і вахтмайстара, і каменданта, і гэтага смаркача. Думцы такой, вядома, ходу не было. Мы тады ў вёсцы днявалі ўдвух, яны сабраліся цэлай ганнёй. Каб мы рызыкнулі сабою, вёска загінула б. Ды і сабою… з-за тых?.. Мы глядзелі.