Выбрать главу

Пярэсты, мілы шчанюк, не дакончыўшы новага прыступу брэху, мякка асеў.

Пазней, калі жандар і бобікі пайшлі, дзядзька Пятрусь — ён выйшаў са свайго пагрэбніка раней, на стрэл — падышоў да Цюліка, цяпло якога ўжо выйшла крывёю ў снег, падняў яго за каршэнь і панёс.

Стары не ведаў, што я гэта бачыў…

…Можа, цяпер, праз столькі гадоў, і я не судзіў бы вельмі сурова таго «Сярожку, што не рабіў урада». Ён, я ведаў гэта, сапраўды і сілай узяты быў, і не паспеў або не здолеў развіцца ў якога-небудзь Гусаковіча ці ў Нашору. Аднак я доўга, яшчэ і па вайне, насіў у руках да свербу неспакойнае жаданне… Вось так бы іх аберуч падняць над чырвоным снегам за белы, з блакіткым адценнем, бушлатны каршэнь — і тых, што здалёк прыйшлі, і што самі за імі пайшлі, і што ківаюць на «сілу аружыя»…

Я адвярнуўся да акна. І, гледзячы на зеляніну дружнай ярыны, пасля на луг, а далей, за лугам, на малады вясёлы ў сонцы бярэзнік, зноў успомніў, хоць і з горкай усмешкай:

«Глядзіце на траву…»

1966

Знічка

Вялікія мусульманскія могілкі. Старыя, нават старадаўнія, з грабніцай святога, пабудаванай у пятнаццатым стагоддзі. Грабніца на рамонце. А святы? Відаць, яшчэ добра трымаецца. Драўляная мячэць, наводшыбе, пры ўваходзе на могілкі, трохі падобная да нейкага вясёлага, а то і раскошнага павільёна, зроблена на грамадскіх пачатках, нядаўна. Збой мужчын, пераважна старых, у добраахвотнай пакоры пакідае абутак на сходках. Праўда, у многіх рытуал разування заключаецца ў тым, што прававерны здымае толькі галёшы, ідзе на алахавы грозныя вочы ў ботах. Затое шмат цюбецеек — чорных, зялёных — дзеля душы абмотаных белай чалмой.

Абапал асфальтавых і гліняных убітых дарожак густа стаяць высозныя таполі, нібы адмытыя, адшараваныя Вясной да светла-салатавай сарамлівасці.

Паміж помнікаў і адзетых у камень магіл вось-вось распусцяцца ружы, сінеюць касачы, тонка і квола каласіцца ячмень, пунсавеюць агеньчыкі маку, буяе цветам бэз, ціха і радасна бялеюць вішні.

Б'юць перапёлкі. У палавіне красавіка?.. Проста рванула падскочыць ад нечаканасці, калі пачулася, нібыта лузганула сакавітае і хлёсткае «піць-палоць!» Наш праваднік, талковы ўзбекскі калега, расказаў, што перапёлак тут, па традыцыі, трымаюць у клетках, гадуючы для самцовых баёў. Некалькі клетак, завешаных палатном, ён паказаў нам здалёк, у падстрэшшы доміка і на дрэве ў садочку, ужо за плотам могілак. Гэта адтуль, як пругкія, настойлівыя бурбалкі са дна цёмнай стаячай вады, білі наверх звонкія галасы стракатых, цёпленькіх нявольнікаў. Павеяла водгуллем родных мясцін, — прыйшоў спакойны, пагодлівы вечар над шчодрым, стомленым полем, «піць-палоць» пульсуе, як маладое, вясёлае сэрца.

Кукарэкаюць пеўні. На эсперанта, якое нікому і нідзе няма патрэбы вывучаць.

А вось і чыстая экзотыка: ад мячэці пачуўся адчайны, жаласны выкрык мулы. Яшчэ, яшчэ раз…

Наш праваднік сказаў, што гэта — канец паніхіды. З натоўпу прававерных выплыла ў наш бок чародка мужчын, першы з якіх, стары ў падзоліста-шэрым плашчы і зялёнай цюбецейцы, нёс на руках перад сабой штосьці накрытае чырвоным, узорыстым.

— Дарослых нясуць на плячах, у труне, хоць закопваюць без яе. А дзіця — яно такое мяккае, чыстае… Іх толькі на руках. Гэта дзяўчынку нясуць: пад пакрывалам.

— Тры ці чатыры гады, — дадаў да слоў нашага правадніка магутны, чараваты дзед, пенсіянер у «адказным» кіцелі. Ён толькі што падышоў да нас, прывітаўся і пазнаёміўся з саліднасцю загадчыка ўсёй гэтай сумна-лірычнай гаспадаркі.

— Можна і нам за імі прайсці?

І вось мы ідзём у канцы небагатага пахавальнага шэсця — за расцягнутай чародкай мужчын, за інвалідамі на мыліцах, што сігаюць, спяшаюцца, нібыта ў тое месца, куды найлепш паспець раней. І мы спяшаемся, моўчкі паддаўшыся агульнаму настрою.

А ўсё ж спазняемся трохі.

Каля свежае ямы з рук старога ў шэрым плашчы малую ўзяў малады рухавы магільшчык. Ён стаяў ужо ў круглай яме і, прыгнуўшыся, асцярожна і спрытна ўкладваў выняты з чырвонага пакрывала, белы, у саване, кокан маленькай нябожчыцы ў гарызантальную яму-падкоп. Тады падкоп залажылі каменнем, кінулі ў круглую яму па жмені пяску. Вялікі кетмень — спрадвечная матыка, лапата, а то і плуг гэтых спякотных, з упартым грунтам мясцін — хутка і спраўна захадзіў у руках рабацягі, засыпаў яму і ўзняў над ёю копчык гліністай зямлі.