Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны.
Штогадовыя веча помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама і Евы, пра якое, як і пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун і песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.
Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:
«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўсё роўна гонішся!..»
«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі іх на чый комін прыходзіцца!..»
«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»
Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабранае за цэлы год нездавальненне і варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы і ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:
«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»
«Паможаш хіба, калі памолішся?..»
«От дзе каб нашых баб і праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»
Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў нехта хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. Для песні патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды і клопаты. Калі ж і пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як не доўгія былі і сваркі.
Больш было жартаў і смеху.
Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку і ў вёсцы, і наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў і пісаў у вольны ад работы час, — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, — патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху.
Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся вёска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць і мелі сваю пашахонскую рацыю.
Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, а другі раз так і ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да іх «нагорскія» збяруць сваю палавіну.
Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі, — не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.
Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак, што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонца не чакала. І касьба гэтая помніцца, як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды і было.
Касцы ўставалі.
І зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбару, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.
Пайшоў. Пакуль пайсці другому, трэцяму — усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.
А публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную — касьбу, і незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.
Тут набліжаецца галоўнае…
Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.
Вёска наша, як правільна сведчыць вышэйуспомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосені, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. А падраслі — па дровы ездзілі зімой.
Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу для крыцця.