Выбрать главу

Яны ж такія хітрыя, зладзеяватыя. У іншых пакоях, у іншых лясах яны таксама вось заляталі. Сініцы беларускія, латышскія, башкірскія… Хлеба госці такой паложыш — не дакранецца, а ў каўбасе, калі дзе пакінута непрыкрытая, выдзяўбе толькі драбочкі сала.

Няўжо ж табе цяжка дарогу знайсці, адрозніць шкло ад паветра?

Насцярожаны момант закончыўся прыкра: яна нырнула з-пад шафы проста ў акно, цялася галоўкай у шыбу і ўпала на стол…

Як часта ўжо я быў такі разгублены і няўдала бездапаможны! Ну што, узяў у прыгаршчы яе, яшчэ цёплую, з сутаргава расстаўленымі ў пагоне лапкамі, з раскрытай па-мярцвяцку дзюбай. Каб быў малы, дык, можа, і заплакаў бы. Цяпер панёс яе на двор, у сад і пасадзіў на кусце, у густых галінках. Проста так, без надзеі на цуд і… як быццам з надзеяй.

Позна ўвечары, вяртаючыся з цёмнай лясной алеі дахаты, падышоў да таго куста і госці свае не знайшоў. Уранні, на траве — таксама. Ну што ж, апроч сабак, тут яшчэ ходзяць, напэўна, сваімі ціхімі дарожкамі і каты…

Цяпер, калі я сяджу за сталом, адтуль, дзе голыя, нерухомыя лес і сад, бліжэй да нашага зялёнага драўлянага катэджа, — адтуль, удала выбраўшы адну з незлічоных хвілін мае цішыні, прыляцела і села на раму адчыненай форткі сініца. Ага, добры дзень!..

Нейкі момант мы пазіралі адзін на аднаго так блізка, што варта б мне толькі руку працягнуць… За гэты момант я паспеў падумаць, можа, наіўна, а можа, проста шчасліва, — што гэта мая ўчарашняя госця, паспеў яшчэ раз паўтарыць у стоенай душы сваё даўнейшае і ўчарашняе «я не хачу быць страшным», паспеў заўважыць, як яна крутанула галоўкай, цісікнула: «Ведаем вашых!..» — і пырхнула ў сад.

Салодкай дурнап'янасцю канаплянай мяцёлкі над снегам мне зноў запахла — ужо без яе.

…А можа, усё-такі цуд і адбыўся — можа, сініца і адышла?

3

У шырокім трохстворчатым акне, перад якім стаіць мой рабочы стол, — як у вялікай раме, — светлая, глыбокая карціна.

Позірк на свет з вышыні другога паверха.

Спачатку — сад. Проста нібы паляна з рэдкімі радамі карлікавых вішань. Куст ядлоўцу. Дзве абяссілена-разгалістыя яблыні. Сасоначка. Мноства белых галін расставіла маладая бяроза.

Далей — цёмны хваёвы лес. Над лесам сёння ясны блакіт і злёгку папялістыя хмаркі, знарок наскубленыя так, каб іх хапіла на ўсё неба.

А на зямлі сёння — доўгачаканы снег, пакуль што рэдзенькі, з травянымі пралысінамі і злёгку прымарожаны. Пасля такое кіслай непагадзі, як учора, пазаўчора і некалькі дзён яшчэ, сонца, снег і марозік настройваюць па-святочнаму. Добра працуецца, з ціхай урачыстасцю ў душы.

Ад паперы, якая сёння бялейшая, чым заўсёды, так і карціць зірнуць за акно, у маю «карціну», на сонечны снег паміж маленькімі вішнямі.

Сняжок пакрыў і тое месца, дзе яшчэ пазаўчора ляжала старое, паламанае крэсла, якое хтосьці нядбалы так і пакінуў на самай сцяжыне.

Крэсла нарэшце няма…

…Хворы, замучаны бяссонніцай сусед асцярожна пастукаў у мае дзверы. Гэта не сёння, а пазаўчора, калі замест снегу і сонца ў карціне маёй было хмарна і слотна. Зранку пастукаў, калі ў дамах, якія называюцца «дамамі творчасці», не прынята непакоіць другога сваёю прыязнасцю…

Сусед мой не зрабіў бы гэтага, каб дзень яго быў звычайны, рабочы. Тры тыдні таму назад, калі мяне тут яшчэ не было, яго забрала адгэтуль «хуткая дапамога». Вярнуўся ён з бальніцы днямі. Думаў перамагчы і нізкі ціск, і боль галавы, і лютую бяссонніцу, і трывогу пра жонку, што ляжыць недзе ў іншай бальніцы. Не перамог. І вырашыў вярнуцца ў сваю клініку, на гэты раз палячыцца як след і стаць нарэшце чалавекам.

Ці ён у гэта верыў таксама ўпэўнена, як гаварыў, мне сумна думаць…

Далікатны, тактоўны, з прыязнай усмешкай, ён увайшоў, як аказалася, не без прычыны.

— Прабачце. Кнігу вашу прынёс. Каб не забыцца. Бібліятэчная.

Я зразумеў яго. Зрэшты, і мне ў той дзень не працавалася, з самага ранку чытаў.

Мы стаялі каля стала, перад вялікай карцінай акна, і гаварылі — абы лягчэй было, каб не маўчаць.

— А від адгэтуль нішто сабе, — сказаў сусед. — Вось толькі непагадзь… Паршывы лістапад.

— Крэсла вунь тое. Проста бяльмо на воку. Усё збіраюся, каторы дзень, пайсці прыняць.

— Перад маім акном — вялізная горба вуголля. Чорнае…

Калі ён зноў папрасіў прабачэння і асцярожна пайшоў, я зноў пачаў чытаць, сеўшы спіной да акна. Палавіна пісьменніцкай працы — чытанне, аднак, папрацаваўшы над сваім, чытаецца лепш, спакайней. Уранні, адчуўшы, што сёння работа не пойдзе, я ўзяў пачатую напярэдадні кнігу. І неўзабаве нездавальненне самім сабою прайшло.