Выбрать главу

А мы таксама маўчалі, з коней сваіх патомленых слухалі недарэчнае, што паўтаралася, як у трызненні:

— Граждане, хоть кусочек воды!..

І тут з-за ўзгорка, з усходу, паказалася, а потым і пачулася машына, поўная нашых салдатаў.

Неўзабаве яна спынілася каля нас. Частка байцоў пасаскаквала цераз борт на дарогу, з кабіны выйшаў старшына. Высокі, мажны, вусаты, з медалямі — хоць на плакат ці ў кіно.

Тады, у дні вялікага разгрому і вялікай радасці, і самі немцы, і ўсе іх паслугачы найбольш баяліся партызан. Каму найбольш былі вінаваты: як непасрэдным сведкам людскіх нявінных пакут і першым мсціўцам за іх.

Тая — у крыві, у пяску, пад нагамі, — трэба думаць, таксама ведала гэта. Ужо салдатам, як быццам шукаючы ў іх абароны ад нас, яна паўтарыла сваё пра «кусочек воды».

Ды старшына ўжо ведаў, што тут да чаго, — што ўбачыўшы, а што пачуўшы.

— Лежи, лежи! — адказаў ён. — Тебе еще Гитлер шнапса пришлет!.. — І пасля паўзы: — Сергеев!

— Я! — тузануўся на «смірна» цыбаты, маладзенькі баец, не вельмі ваяўніча падцягнуўшы за рэмень вінтоўку.

Выказаць свой загад нейкім словам, хоць бы якім, старшына не выказаў. Ён кіўнуў галавой на ляжачую.

Баец, які недзе дома быў, відаць, зусім яшчэ нядаўна для кагосьці хлопчыкам, без пары і гарушчым, і пасталелым, разгублена, не па-салдацку выдушыў:

— Товарищ старшина… ведь женщина…

Зноў была паўза, якую недакладна будзе назваць толькі разгубленасцю. Паміж суровым вусачом і хлопчыкам былі салдаты розных узростаў, рознага вопыту вайны, аднак старшына не кіўнуў больш нікому.

— Ну что же… — сказаў ён, таксама нібы разгублена, ці што, і адразу, ужо зусім звычайна, скамандаваў: — Поехали!

Але з падножкі, — усё-такі армія, усё-такі старшы па званні, — ён кінуў нам:

— Вы, партизаны, ею займитесь!

Мы, вядома, не заняліся. У нас таксама было куды ехаць па справе, якая была тады найважнейшай. Мы таксама спяшаліся.

Зрэшты, да недабітай ужо ішла, амаль подбегам, босая цётка ад вёскі, — з вядром у руцэ і з нечым белым пад пахай…

1971

Мініяцюры

Балючае і дымнае

— Гэта, браток, былы намеснік Цанавы! — з гонарам гаворыць мне наш N. З гонарам не столькі за гэтага, даўно адстаўнога, палкоўніка, цяпер так сабе гаспадарніка, як з гонарам за самога сябе, бо вунь ажно чый намеснік — цяпер намеснікам у яго!..

— Ён жа таксама, відаць, тую муху лавіў? — ахалоджваю таварыша пытаннем.

— Якую муху?

Ён не ведае. А мне другі таварыш расказваў, са слоў свайго швагра, таксама адстаўнога палкоўніка, як у кабінеце таго Цанавы аднойчы была паказалася муха. Лавілі яе толькі вышэйшыя афіцэры.

Потым неяк былы футбаліст, які пасля траўмы вымушаны быў перакваліфікавацца на сантэхніка, расказваў мне ў бальніцы, як Цанава любіў футбол.

Калі наша каманда прайграла, ён выклікаў капітана яе ў той свой бязмушны кабінет і, разваліўшыся ў крэсле, працягнуў яму нагу ў генеральскім боце: «Здымі!» Той зняў. «Падай яго сюды і нахіліся!» І адхвастаў чалавека халявай па твары…

Гэта ўсё — яшчэ не тое ў параўнанні з расказам незнаёмага інжынера, з якім мы, Дзмітрый Кавалёў[14] і я, ехалі ў адным купэ ад Масквы да Арла, на юбілей Тургенева. Інжынер гэты быў у свой час у Баку на працэсе другога рэспубліканскага «рыцара», Багірава.

Шэсцьдзесят кароў давалі высакаякаснае малако, каб ён, той таварыш, тройчы на дзень купаўся ў сырадоі. Ванны ад нейкай там экземы. Малако пасля… аддавалі ў дзіцячы сад. Да смерці буду ўспамінаць гэта, сустракаючы шнурок малечы, якая ідзе ды гамоніць, па загадзе, а ўсё ж так хораша пабраўшыся за ручкі.

* * *

Позна ўвечары, перачытваючы «Запіскі з мёртвага дома», стала жудасна, калі хоць прыблізна ўявіў, якую вялізную, жахлівую армаду так званых суддзяў, наглядчыкаў, катаў — армаду бяздушных нібы людзей стварыў той час, які мы называем перыядам культу асобы…

Успомніў, бо часта думаю пра яе, старую, тоўстую, нахабную бабу, якая зрабіла кар'еру на «пільнасці», а пасля, калі прыйшла пара масавай рэабілітацыі, выявілася, што па даносах гэтай бабы пасаджана было, потым апраўдана, у пераважнай большасці пасмяротна, больш за дзвесце чалавек. Калі дадаць сюды іх родных, што пакутавалі па-свойму, хто на свабодзе, а хто сасланы ці пасаджаны, — колькі пакутнікаў праз адну!..

Што ж, бабу нельга было далей трымаць на паверхні, на адказнай вышыні, тым больш паднімаць яшчэ вышэй, і яе паслалі… на цёплую персанальную пенсію. Яна цяпер шпацыруе ў сваім светленькім габардзіне па скверы, з унучкай за ручку, і нават аднойчы пакрыўджана здзівілася, што я, «знаёмы пісьменнік», не павітаўся з ёю…

вернуться

14

Кавалёў Дзмітрый Міхайлавіч (1915–1977) — расейскі паэт і перакладнік.