Аказваецца — спецыфічнае, састарэлае слова. Даносы рабіліся толькі калісьці, на рэвалюцыянераў, а ў гады акупацыі — на камуністаў і камсамольцаў.
Тако рече Ушаков.
Вялікая Савецкая Энцыклапедыя дае не проста «донос», а пасылае з 12-га тома ў 15-ты, дзе стаіць «ложный донос».
Проста даносаў і проста даносчыкаў — ужо няма. Ура!..
На палубе волжскага цеплахода, у шэсцьдзесят сёмым, чытаю напісаныя пасля з'езда партыі разважанні пра помнік правадыру на канале Волга-Дон.
Каб гэта ж, думаецца, усю тую нудную безліч істуканаў ды істуканчыкаў — ад бацькі сельсавецкага да бацькі волжска-данскога, дзе дыяметр генералісімусавай шапкі каля чатырох метраў, — каб усю процьму іх, што пакрывала нашу краіну, узяць ды поўнасцю раздзець! Паказаць яго па-антычнаму: толькі з вусамі ды ў шапцы?
Хоць бабы напляваліся б усмак, употай!..
У вайну ці адразу пасля вайны, у Германіі, наш капітан-шыфравальшчык у свабодны час трохі выпіваў і тады напяваў сабе ціхенька:
«Да здравствует товарищ Сталин, наш великий вождь, да здравствует товарищ Сталин, наш…»
— Што ж ты так? — спытаўся ў яго другі афіцэр, журналіст. (Дарэчы, ён мне пра гэта і расказваў.)
— Ды так, брат, каб толькі не памыліцца, не заспяваць чаго-небудзь іншага…
Старога талстоўца, няхай сабе ў нечым абмежаванага, але ж сумленнага, добрага чалавека, вясковага кнігалюба з бедных і цёмных «панскіх часоў», пасля вызвалення Заходняй хацелі завербаваць у стукачы. Ён ім тлумачыў, чаму не можа быць такім, спасылаўся і на вялікае любімае імя. Яму пайшлі насустрач:
— Ну и что же? Своей фамилией ты не подписывай, — пиши: Толстой…
«Вось вам, Іван Антонавіч, партрэт гэтага, так сказаць, партыйнага кіраўніка.
У біяграфіі Максіма Максімавіча Літвінава[15] сказана, што ў пратаколе царскай паліцыі стаяла пра яго: „Выражение глаз умное“. Пра гэтага ж таварыша можна сказаць, што выражэніе проста глупае. Снеданне яго, напрыклад, складаецца з кілаграма злёгку падсмажанага сала і паўлітра рэктыфікату. У нашым горадзе — яму падначалены, як і ўсё іншае, спіртзавод. Было раз пры мне такое. Два інтэлігентныя мужчыны, афіцэры-медыкі, словам, людзі салідныя, прыехалі да яго папрасіць сёе-тое для бальніцы. „Хоць бы яшчэ адну змену пасцельнай бялізны“. Было гэта нешта адразу пасля вайны, у сорак пятым ці ў сорак шостым. Кажуць яму: „У вас вунь, таварыш сакратар, гардзіны тым часам якія шыкарныя!..“ Намёку ён не зразумеў, а ўсцешыўся, як ад пахвалы. „Да-а, за такую гардзіну мне ахвотна дала б любая жанчына СССР!“ У такім прыблізна духу гаворыць ён звычайна са сваімі, як ён лічыць, падначаленымі, у сваім вялізным кабінеце, пад партрэтамі правадыроў. Ён пошлыя анекдоты расказвае, а падхалімы смяюцца… Гляджу я на партрэт Уладзіміра Ільіча, і здаецца, што ён вось-вось не стрывае і скажа:
„Взогвать весь этот дом вместе со всеми этими дугаками!..“
Ну добра, адразу пасля рэвалюцыі мы мелі, прызнавалі партызанскую чапаеўшчыну, адразу пасля Айчыннай вайны таксама. Навошта ж яна цяпер?..»
Запісаў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага года, ад шаноўнага Рафаіла Сяржанта[16]. Харошы чалавек, камуніст з заходнебеларускага падполля, ён быў асуджаны пілсудчынай на смерць, што яму — за паўтары гадзіны да выканання прысуду — замянілі на пятнаццаць год турмы. Да Верасня адсядзеў чатырнаццаць, з іх дзесяць — у адзіночцы.
У Коханаве на Віцебшчыне памятаюць Лёньку-каморніка, які і чарку мог узяць, і за бабамі вельмі ж улягаў. Адна дзеўка ці маладзіца нават «ленту» яму каморніцкую пасекла з рэўнасці. А потым, калі ён стаў Генсекам, употай пабойвалася, каб не ўспомніў…
Менскія кіношнікі хацелі зняць штосьці дакументальнае пра пачатак вялікай біяграфіі чарговага правадыра — пры ягоным жыцці, разумеецца, — аднак тыя колішнія дзеўкі не захацелі нічога расказваць — страшна!..
Група пісьменнікаў у перадавым калгасе на Браншчыне. Пасля агляду гаспадаркі — гутарка ў праўленні. Паэт Дзмітрый Кавалёў, часцей за ўсё неспакойны, сказаў-спытаўся:
— Поспехі вашы і сапраўды значныя, і на палях, і на фермах, і людзі жывуць нядрэнна. Ну, а духоўнае жыццё — што для душы?
Праслаўленага старшыню калгаса выручыў сам сакратар райкома, «парень-рубаха», «в доску свой, народный»:
— Калі чалавек добра наесца, тады з яго і выходзіць душа. Га-га-га!..
16
Сяржант Рафаіл Іванавіч — былы заходнебеларускі падпольшчык, герой нарыса «Партрэт старэйшага таварыша».