Выбрать главу
* * *

Анекдатычны М., выходзячы на пенсію ледзь не пад дзевяноста гадоў, сказаў — калі ўдумацца — дык і са значным падтэкстам:

— Няхай ужо маладыя. Я сваё адсядзеў.

Няхай жыве здаровы сэнс!.. А ён жа, прыпознены пенсіянер, не проста сядзеў, нікому не перашкаджаючы, — ён «кіраваў». Райкомамі, партызанскімі брыгадамі, абкомамі, рэспубліканскай культурай, гісторыяй партыі — усюды з аднолькавым бляскам паўнапраўнага невуцтва. Па нейкім верхнім праве на славутае «общее руководство», толькі з такою ўніверсальнай спецыяльнасцю…

* * *

Бачыць яго даводзілася рэдка, часцей за ўсё ў прэзідыумах. А сёння выпадкова сустрэў у Гомелі, на вуліцы. Ішоў стары цяжка, з прыкметнай дыхавіцай, аднак па-дзелавому заклапочаны. Спыніліся павітацца.

— Куды ж вы так? — спытаўся я.

— Ды вось, разумееце, клопат які. Аддаў сюды свой камсамольскі білет, у музей. А цяпер мяне Менск папрасіў аддаць ім. Дык я прыехаў, забяру. Усё-такі лучша…

З думкай пра царства нябеснае?

* * *

Хобі бывае і такое.

Выкладчык філасофіі, лысы мужчынка, жыд, памятае нумары машынаў усіх начальнікаў, якіх — у сваю чаргу — добра ведае яго жонка, тоўстая бяздзетная беларуска, адказная работніца на персанальнай пенсіі.

* * *

Адзін, праходзячы каля гмаху ЦК партыі з двума тамамі Леніна пад пахай, трымаў іх залатым цісненнем да вокнаў — хай таварышы бачаць, што ён чытае, хай думаюць, пра што ён піша… Бачыў я гэта аднойчы. Дадам, бо ведаю: і дзяржаўную прэмію ён дамагаецца атрымаць за свае кніжкі для дзяцей — няхай бяздарныя, але ж на якую тэму!..

Другі, зняты з пасады галоўнага рэдактара газеты за тое, што яго дысертацыі, кандыдацкая і доктарская, як аказалася, напісаны не ім самім, а рэдакцыйнымі «неграмі», якія, нарэшце, не вытрымалі і прасігналілі. Знялі яго не надта каб і нізка — паставілі выкладаць гісторыю ў інстытуце. Ніжэй было нельга, бо тыя яго дысертацыі, асабліва другая, падпіраліся перад ВАКам хадайніцтвам «некаторых работнікаў» Цэнтральнага Камітэта.

Гэтага я ўбачыў раніцай перад домам ЦК, дзе на зялёным скверыку залацілася лісце і карычнева паблісквалі маленькія боханчыкі каштанаў. Ён іх рупліва, няспешна шукаў, паднімаў.

— На дачы добра пасадзіць, — сказаў мне, калі павіталіся.

І праз аскому непавагі да яго, даўно знаёмага, падумалася:

«Во, і гэта ж не так сабе, а каб пацвердзіць вернасць…»

* * *

Дабрадушны, усмешліва мудры Алесь Пальчэўскі, калі я наведаў яго ў бальніцы, у палаце на двух, як толькі сусед яго выйшаў, расказаў мне, што ён, той сусед, — рэдактар адной з газет, якога я таксама ведаў, — паслухаўшы Алесеў расказ пра культаўскія пакуты, зусім сур'ёзна ды спачувальна спытаўся, ці былі ў іх, у лагеры, піжамы…

* * *

У школе, на бацькоўскім сходзе.

Сын двоечнік, другагоднік. А бацька, нярослы адстаўны палкоўнічак, увесь у ордэнскіх ды медальных планках. Наслухаўшыся непрыемнага, супакойвае і настаўнікаў і бацькоў:

— Таварышы, не будзем лішне хвалявацца! З такіх, як мой Толя, вырастаюць буйныя дзяржаўныя дзеячы.

Амаль усе смяюцца. З неабстрактным падтэкстам, кожны сабе ўспамінаючы сяго-таго са знаёмых і незнаёмых.

* * *

Каля найпершага сакратара ўвесь час, на прыпынках у нашым пакалгасным вандраванні, прыкметна круціцца целаахоўнік. Высокі, плячысты, з заслужанай пралысінай на рыжай макаўцы, з выразам твару ці зусім ужо прастадушным, ці нават і дзікаватым. Ад сілы гэта, ад адчування абавязку? Перад кім?..

У абласным тэатры, дзе пасажыраў нашых «семінарскіх» аўтобусаў сабралі для ўрачыстага падвядзення вынікаў пазнавальнага падарожжа, ён, той — таксама поблізу, сядзіць за спіной суб'екта ахоўвання.

Успомнілася ў Талстога, ці не ў трактаце «Царство Божие внутри вас», як ён — у такой сур'ёзнай працы — піша, што кожны раз, гаворачы з вартавым салдатам перад казармай ці перад турмой, яму, старому ды вялікаму, хочацца пакратаць шчопцямі за востры кончык доўгага штыха.

Мне, грэшнаму, там, у тэатры, захацелася яшчэ большага — перайсці цераз праход і свабоднаю жменяй памацаць ахоўніка вельмі важнага цела за руку вышэй локця — што ж там за такія ўсенародныя мускулы?..

* * *

Рыгор Бярозкін расказваў, як у лагеры, хутка пасля смерці Сталіна, ён даў суседу па нарах, свяшчэнніку, газету, у якой — на трыбуне маўзалея — новы склад Палітбюро ці там Прэзідыума, словам, асірацелыя Молатаў, Берыя, Малянкоў і далейшыя па чарзе. Баця доўга ўглядаўся, задумліва, а пасля заключыў, уздыхнуўшы:

— Нет благообразия в ликах!..