Не выходзіць з памяці, як у верасні пяцьдзесят чацвёртага года, на толькі што вельмі раскошна адкрытай Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адна вясковая жанчына ў групе экскурсантаў ад павільёна да павільёна насіла поўную авоську чорнага хлеба, які ёй пашанцавала з самага ранку купіць. Хоць і пазней магла б купіць яго, але ж для пэўнасці…
Мы з сябрам былі там ад газеты, мы пісалі пра іншае.
У тым жа верасні і другое:
Старшыня калгаса абедае ў сталічным рэстаране. Паклікаў афіцыянта, расплачвацца.
— Што я табе, таварышок, скажу. У нас, калгаснікаў, зарплата ў канцы года. Я тады ўсім вам і налічу — і за яду, і за гарэліцу, і музыкам. Колькі выйдзе — столькі і дам.
Афіцыянт і наведвальнікі, хто бліжэй, смяюцца: для іх гэта — як быццам толькі жарт.
Пісьменнік, што любіць падтрымліваць сувязь з вёскай, з працоўным народам, таргуе на Камароўскім рынку тварожны сыр.
Цётка, маладжава бойкая:
— Бяры, браток. Вось хутка наша пакаленне вымра, у вёсках не застанецца нікога — скулу тады купіш. Бяры. Сырок настаяшчы.
Было гэта ў шэсцьдзесят сёмым годзе.
А сёння:
— Якая там, браце Іване, вёска цяпер! Восемдзесят два двары, а на работу выходзяць дваццаць два чалавекі! Дый то адны бабы. Бо куды ж мяне тут або Арсеня лічыць? Толькі дрэбы… Раней я кумам часта быў. Падлічыў неяк — аж дванаццаць разоў. А цяпер? Цяпер мяне толькі ямы капаць клічуць. Людзі ж усё паміраюць, вядома, старыя. Рукі ўжо мне паўрывала лапатай. А як не пойдзеш, не паслухаеш?..
У польскай газеце:
Падпалкоўнік міліцыі быў балюча ўражаны тым, што застаў на месцы авіякатастрофы. Страшна было глядзець, як палаў самалёт, як дагаралі людзі, аднак яшчэ страшней, здаецца, было тое, як паводзілі сябе некаторыя навакольныя хутаранцы і дачнікі.
«Не магу і дагэтуль зразумець гэтага. Я ўбачыў матак з малымі дзецьмі, на руках або за ручку, як яны аглядалі жахлівыя астанкі, паадрываныя ногі, рукі, безгаловыя тулавы… Усе хадзілі навокал паразрываных целаў з павырыванымі мускуламі, растрыбушанымі жыватамі. Хадзілі, намагаліся перабіраць рэчы ахвяраў, падымалі прадметы, шукалі…»
Шафёр «хуткай дапамогі»:
«Мы толькі што знайшлі раменьчык ад гадзінніка, а гадзінніка ўжо няма. Мы бачылі рэшткі жаночай рукі з паздыманымі пярсцёнкамі. Засталіся толькі сярэбраныя, расціснутыя так, што іх не ўдалося зняць. Мы бачылі таксама сумачку ад касметыкі, раскрытую, пустую…»
Чытаючы гэта, успомніў з дваццацігадовай даўнасці твар, вочы маладога мастака, нарачоная якога ўтапілася незнарок.
«Як гэта страшна, — гаварыў ён мне. А пасля горкай паўзы дадаў: — А яшчэ што вельмі страшна, Іван Антонавіч, дык гэта сваякі яе. Прыехалі. Далёкія, бо ў яе ні бацькоў, ні братоў і сясцёр. Як яны разрывалі яе пакойчык — каму падушка, каму талерка, каму… Як гэта дзіка і страшна!..»
«Каля Шаўляй, у мястэчку, наша батарэя спынілася ў пустым касцёле. Спалі мы там на нейкіх рэлігійных плакатах…»
Нярослы рабочы з бабскім голасам расказвае за санаторным абедзенным сталом, як ён тады, прызваны ў армію пасля вайны, загадваў складам ці складзікам, браў прадукты і насіў у летувіскую сям'ю, дзе ў яго была дзяўчына. Проста расчульваецца сваёю дабратой. Бо і хлопчыкаў стрыг, яе меншых братоў.
І не падумае нават, што краў. Успомніў я гэта, сустрэўшыся з ім зноў жа ў санаторыі, у іншым і аж праз дваццаць з гакам гадоў.
Гэты маляр з завода быў ужо тым часам на пенсіі з-за траўмы галавы (зваліўся са страмянкі), інвалід другое групы. Зноў па-бабску, ня-ня-ня, расказаў мне, што пенсія 230 рублёў і льготы яшчэ. І часу вольнага колькі. Сястра жыве на Ўкраіне, дык ездзіў да яе ўжо чатыры леты ўзапар, тыднямі там жыў. Добра жыве сястра, участак паўгектара. А яшчэ ж і поле навокал. Калгаснае.
— На велісяпедзе сабе далей паеду, у кукурузу далёка зайду, каня свайго схаваю, а сам у сланечнік. Пасцілачку няйлонавую пасцялю, нацерушу таго сланечніку. Тры з палавінай вядры лезе ў рукзак. Раз, другі раз. Цэлую выварку алею націсну…
— Вы ж крадзеце, — гавару, не стрываўшы ад гэтага вякання.
— Ну? — пытаецца ён з дурнавата-мудрай усмешкай. — А таварыш Ленін сказаў жа, што трэба дзяліцца!..
Красці ў казны — не грэх. Калісьці — народная мудрасць. І класікі агаворвалі гэта. Недзе чытаў у Талстога, толькі як канстатацыю.
Нешта ў канцы пяцідзесятых гадоў ездзіў я, па запрашэнні, у групе членаў рэспубліканскага піянерскага савета, у Сапоцькінскі, пагранічны з Польшчай, раён. Адтуль прасігналілі, што ў адной каталіцкай вёсцы бацькі не пускаюць дзяцей у піянеры. Шэсць піянерчыкаў на ўсю школу, і гальштукаў дахаты не бяруць, «бо мама спаліць у печы…».