Выбрать главу

Наколькі я разумею нямецкую мову, і перакладчыца з ходу рэдагавала пытанні, перадаючы іх кіраўніку…

* * *

Некаторыя патрыёты славянска-літоўскі Грунвальд 1410 года ўзвышаюць ды падкрэсліваюць любымі сродкамі, да пацешных уключна. Скажам хоць бы пра лагер адпачынку для беларускай малечы з такою іменна грозна-ваяўнічай назвай.

А сусветны Грунвальд 1939–1945 гадоў яны гатовы нават рэвізаваць, то ў наіўнай крыклівасці, то ў глыбакадумным сумняванні: а ці патрэбен быў ён для Беларусі?..

Дадамо: як для іншых краін, на ўсіх кантынентах…

* * *

Пачатак сорак другога года. Заходнебеларускае мястэчка.

Адзін браток у паліцыі, другі дэзерціраваў з фронту. Бацька ягонага саслужыўца, пажылы вясковы чалавек, прыйшоў спытацца:

— Можа, вы нашага Івана бачылі? Разам жа вы ішлі, служылі…

— Бачыў, дзядзька. Яго бальшавікі павесілі. Сам бачыў…

Гора якое ў хату!.. Маці так і памерла, меней чым праз год, з сынавай фатаграфіяй у руках. Меншага хлопца неўзабаве ўзялі ў паліцыю. Сілаю — бачылі людзі. А можа, і не надта ён і ўпіраўся — з-за таго павешання… Бацька працягнуў нядоўга. А сыну таму прыйшлося потым уцякаць разам з акупантамі, недзе прапасці наглуха.

— Так, браце, і разбурылася нашая сям'я, — расказваў мне пра гэта спакойны зямляк, гадоў з пятнаццаць пасля вайны. Той «павешаны», што вярнуўся з-пад Берліна афіцэрам. Быў паранены, два ордэны заслужыў. І сам, вярнуўшыся, нямала перажыў з-за брата-паліцая…

* * *

Увосень сорак першага года нехта падказаў жыдам у Мірскім геце, што заўтра іх будуць расстрэльваць. Мужчыны — сёй-той — пачалі ўцякаць. Аднаго злавілі, і ён выдаў падказчыка: «Гэта Освальд, перакладчык майстра жандармерыі».

Майстар вельмі здзівіўся, што перакладчык таксама жыд, аднак — чаго не бывае! — пашкадаваў яго: «Ты ўцякай, а я цябе буду шукаць». Освальд падаўся на поўнач, дзе Налібоцкая пушча. На самотным шляхецкім хутары яго так добра прынялі, што ён не толькі застаўся там, але неўзабаве перайшоў на іх каталіцкую веру. Калі пазней ад партызанаў прыехалі да яго беларус і жыд, два камуністы, ён хрысціянства тое апраўдваў тым, што свае яго прадалі, а тут ён — як свой. А ў партызаны не пайшоў, ужо з меркаванняў, відаць, не рэлігійных.

Праз семнаццаць гадоў пасля вайны адзін з маіх польскіх сяброў, якраз той жыд, што прыязджаў па Освальда, расказаў мне працяг сюжэта. У Варшаве з'явіўся славуты «брат Данель», прапаведнік, манах ордэна «братоў кармелітаў босых». На пропаведзі яго ў адным з найбольшых касцёлаў сталіцы плакала каля чатырох тысяч верных.

І вось майму сябру пазванілі ад гэтага «брата» з просьбай сустрэцца. Як жа ён здзівіўся, калі ў манаху тым пазнаў парабка са шляхецкага хутара. «Брат Данель» папрасіў майго сябра, чалавека партыйна аўтарытэтнага, дапамагчы яму выехаць у Ізраіль, у той манастыр, што на гары Кармель. Асцярожны сябар паабяцаў дапамагчы, але спачатку параіўся з вышэйшымі. Яны сказалі: «Хай едзе, усё на аднаго святога менш будзе».

Праўда, і сябар мой праз дзесяць год таксама падаўся туды ж, на «землю обетованную». Але гэта ўжо іншы сюжэт.

* * *

Калі мы слухалі людзей для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», мяне двойчы балюча раздражнялі выпадковыя, дурныя кулі…

Адна такая вылецела з кустоў у калону карнікаў, што ехала па дарозе. І ў вёсцы Разліцце, якая заціхла побач, «легла за гэта», — як нам расказвалі старыя заплаканыя жанчыны з тых, што цудам тады ацалелі, — дзвесце чалавек.

Другая — у Мсціжах. Партызан начаваў у кагосьці, а тут у вёску заехалі і спыніліся немцы. Ён выскачыў з хаты, бабахнуў у той бок, а сам схаваўся ў прыбіральні за хлявом і там застрэліўся. За першы яго стрэл было заплочана сотняй мясцовых мужчын.

Абодва выпадкі з Барысаўшчыны. І такое не вельмі мне зразумела — як мэтазгоднасць у барацьбе.

У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі і паехалі. А назаўтра ўранні прыехалі іншыя — батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. І вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку і некалькі партызанаў, што там заначавалі.

І так яшчэ яны набіраліся — нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу — дваццаць. А ўжо ж і гаворыцца: звыш дваццаці…

* * *

Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, расейскае — Краснадон.