Выбрать главу

Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў) зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў і раскрычаўся: «Што — з папом? Забраць адгэтуль папа!..»

— Скандал, вы разумееце. А месцаў свабодных больш няма. І ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо і начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры — і ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой…

Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ — на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны і аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:

— Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў і сказаў:

«Дураков учить надо».

Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых і цёмных бародаў, белых і чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, сугучна з датай і часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў…

І ўспамінаецца тое пяро, тыя тры словы.

* * *

Часопіс «Literatura na swiесіе» ў лютаўскім нумары за 1991 год надрукаваў такі расейскі дакумент:

«Каштарыс экзекуцыі Івана Каляева ў Шлісельбургскай крэпасці, складзены катам Філіпавым:

„Пераезд (у абодва бакі) — 6 рублёў, вяроўка і дадаткі — 2 рублі, пабудова вісельні — 10 рублёў, медык для сцвярджэння смерці — 4 рублі, ганарар папу — 2 рублі, выкапанне і засыпанне магілы — 5 рублёў, нагляд за рабочымі — 8 рублёў, памочнікі (два) — 14 рублёў, кат — 25 рублёў. Усяго — 76 рублёў“».

Пакуль царква была дзяржаўна пакрыўджаная, перш за ўсё думалася пра гэтую несправядлівасць. Цяпер, калі яна так прыкметна набірае ўладную сілу, — трэба для раўнавагі нешта прыгадваць, адно з адным параўноўваць.

Хоць бы тое, напрыклад, што я дазволіў сабе ў тым дакуменце падкрэсліць…

* * *

«Каб я быў расейцам, дык і не лез бы нікуды з Расеі, з вялікай расейскай літаратуры: хапіла б мне і свайго».

Пасля надрукавання гэтага ў цыкле волжскіх запісаў у «Новом мире» Броўка перадаў мне пісьмо чытача, адрасаванае яму, хоць ужо і не старшыні Саюза пісьменнікаў. Нейкі масквіч, пенсіянер, абурыўся гэтым «не лез бы», крыў мяне велікарускім інтэрнацыяналізмам, рэвалюцыйнай місіяй, а ў заключэнне патрабаваў абмеркаваць публікацыю, асудзіць аўтара і — галоўнае — «о результатах обсуждения сообщить по адресу», які акуратна паведамляўся.

Праўда, потым, для кнігі я тое «лез» замяніў на «ішоў».

* * *

Пачатак восемдзесят чацвёртага года, андропаўская абарона расейскай мовы.

Абурана гаворыцца пра тое, што ў Ерэванскім універсітэце таму, хто пойдзе не на сваё, а на расейскае аддзяленне філалогіі, прапануецца на пятнаццаць рублёў большая стыпендыя.

— Яны на гэта не бяруцца. Чаму ж, кажуць, не трыццаць срэбранікаў, а толькі палавіна?

Гаворка пра гэта ідзе ў беларускай сям'і. Бацькі разумеюць госця-расказчыка, а іхні сын, эканаміст з вышэйшай адукацыяй, разважае інакш:

— Армяне — яны жывуць лепш за нас, ім можна і адмаўляцца.

На каго крыўдаваць?

* * *

У Варшаву я ехаў у двухмесным купэ з маладым энергічным армянінам.

— Як — вы адмаўляецеся ад армянскага каньяку?! — ледзь не абурыўся ён, калі я падзякаваў за такую зранку прапанову. Але і пахваліўся, што ў Ерэване толькі адзін выцвярэзнік, у які за год трапіў толькі адзін чалавек, вядома ж, не армянін. Як гэта часта бывае ў гутарцы з армянамі, даволі хутка дайшло да турэцкай разні ў 1915 годзе, да нянавісці — іхняй да туркаў.

— У нас гэта — на мільярд гадоў!..

І слухаць не хоча, што мардаванне нашых дзяцей гітлераўцамі — тое самае па жахлівасці.

— Як, дарагі мой, не тое самае? Узяць наша, беларускае, расейскае, жыдоўскае дзіця за ножкі і галоўкаю аб сцяну — гэта не тое самае, што з армянскім?..

Адукаваныя чорныя вочы гараць.

— Гэта зусім не тое! У вас была вайна, а ў нас — вы разумееце — у нас генацыд!..

Стомлены яго патрыятызмам, я памаўчаў даўжэй. А потым, спакайнейшы, нават нібы з гумарам сказаў, што вось калісьці прыйдзе час, людзі паразумнеюць, усе народы памірацца паміж сабой, ну, а тады ўжо звернуцца да армян, каб і яны памірыліся з туркамі.