Выбрать главу

— Як па-вашаму?

— Можа, тады падумаем.

Як быццам і ўсміхнуўся. Ці не ад ветлівасці толькі схіліўшыся на кампраміс.

І захацелася хутчэй да месца прызначэння.

* * *

Нешта ў пачатку пяцьдзесят восьмага года, на пісьменніцкім пленуме, Кандрат Крапіва гаварыў пра лёс нашых сатырыкаў. Ён яму нагадвае тых лекараў, якіх даўней, у змрочным сярэдневякоўі, калі пачыналася якая эпідэмія, натоўп раз'ятрана мардаваў, бо лічылася, што гэта ад іх, ад медыкаў, чума ці іншая халера…

Гэта не трапіла ні ў друк, ні ў стэнаграму. Не надрукавана і яго выступленне на рэспубліканскім з'ездзе настаўнікаў у жніўні шасцідзесятага. Не надрукавалі поўнасцю, абкарнаўшы да бяззубага стандарту. А на другі дзень, на вячэрнім пасяджэнні таго з'езда, дзве знаёмыя камсамольскія кар'ерыстачкі, седзячы ў прэзідыуме абапал мяне, шэптам, уперабіўку расказвалі мне, што было ўчора, калі я не быў, абураліся паводзінамі «гэтага дзіўнага Крапівы», якому трэба было б «усыпаць», і як быццам нехта ўжо «ўсыпаў» за тое, што ён — падумаць толькі! — заклікаў любіць і ахоўваць беларускую мову. Сказаў нават, што ў настаўнікаў, як і ў пісьменнікаў, гэта — святы абавязак!..

* * *

Успомніўся бальнічны супалатнік, былы міністр, перад тым старшыня аблвыканкома, а калі раскручваць яго біяграфію да самага заходнебеларускага юнацтва — вясковы хлопец, якому здорава пашанцавала. Хочучы ўцягнуць мяне ў дыскусію па нацыянальным пытанні, ён успомніў выступленне Коласа на чэрвеньскім пленуме 1953 года, на якім дзядзька Якуб гаварыў пра родную мову. Былы начальнік, яшчэ ўсё энергічны пенсіянер, недаўмяваў: «Почему, говорит, дорожные знаки, где в какую деревню поворот, написаны не по-беларусски? А тебе что — по-русски непонятно?!»

Згадаў я тое гарачае недаўменне, чытаючы «Далекий гул» Ржэўскай, тыя старонкі, дзе яна ў паходзе на Берлін чула ад палякаў, якую асвету дазвалялі ім гітлераўцы. Тое самае, што і нам, беларусам, як і ўсім славянам, рыхтавалася па плане «Ост». Лічыць ледзь не на пальцах, распазнаваць дарожныя знакі… Абы было «понятно»…

* * *

Іду з малымі ўнукамі па алеі дзіцячага парку. Перад намі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін кажа, што ўвосень ён пойдзе ў школу, будзе там вывучаць англійскую мову. Другі таксама пойдзе ў першы клас. Ён кажа — вядома ж, з пэўнай зухаватасцю, каб выйшла яшчэ лепш:

— А я буду изучать белорусский язык. А как вырасту — поеду в Белоруссию. У них там всегда тепло, они там все черные.

Такога не прыдумаеш.

Адна пацеха, што гэта было пазалетась…

* * *

Беларус Быкаў напісаў таленавітую аповесць «Сотнікаў», украінка Шапіцька паставіла па ёй таленавіты фільм «Восхожденне». І разам у іх — пра веліч расейскай душы галоўнага героя…

І сапраўды па-евангельску: у каго няма, у таго аднімецца, а ў каго ёсць, таму яшчэ і дадасца. Ад беднасці яно, нашай і ўкраінскай, ці ад лішняга багацця?

І робіцца гэта на нашых вачах.

А што ж рабілася вякамі!..

* * *

Будзь ты пісьменнікам нарвежскім, ад чатырох з нечым мільёнаў, ці нават ісландскім, ад некалькіх сот тысяч суайчыннікаў — цябе ў правінцыялізме не папракнуць.

А так, паколькі ты не сам па сабе, не ад сваіх дзесяці мільёнаў, а з «вялікай сям'і народаў», пры таксама вялікім «старэйшым браце», — так можна.

1957–1992

Заўсёды слова

У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі — усюды яна… Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца і старому. І дзень ад гэтага даўжэйшы. І ўвесь з палітыкай!..

Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. І раптам — Смактуноўскі[17], якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака — Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..

Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.

Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра і хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.

* * *

Хораша гэта — месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес… І слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю і з сумненнямі: а ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча — дайшло.

вернуться

17

Смактуноўскі Інакенці Міхайлавіч (1925–1997) — народны артыст СССР.