І на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым і каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Mасіeja Вuraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, — усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. І пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён і начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя і мне на семдзесят трэцім годзе іх існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.
Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.
Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў — не толькі пра іх умельства, але і пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах і яны ездзілі, а то і хадзілі далёка ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.
І ў Беларусь траплялі. А потым — і на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.
Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.
Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой і немаччу на апошняй свабодзе…
Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам і пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.
Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы — «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?
Кандрат Кандратавіч, — а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, — паглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры і пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо і ён жа ад плуга, ад касы.
А ўлетку пяцьдзесят першага мы з Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аспірант, і мы вырашылі там жа, на рынку, і паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны — анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе — можна сказаць, і процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся…
Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як і са стаханаўскай касьбой, было не зразумець.
І гэта — адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку — помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.
Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём і працуем мы, — няхай нямногія ўжо, — яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацэнна завершана і раз, і дза, і тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк і пры кожным перавыданні, яго «Палеская хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мясцін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету…
Журботна і радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы і мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай «У завіруху», і да апошняга з яго рук падарунка — важкага тома з таксама змястоўнай назвай «Жыццёвыя клопаты». У «капітальным», а ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найболыпай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці — тыя сардэчна-запаветныя чатырыста старонак «Людзей на балоце», што былі калісьці і маім хвалюючым адкрыццём, і маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі і застануцца пасля нас — як нятленны народны набытак.
Музей Алесю Пальчэўскаму зрабілі ў школе добры. Светламу, добраму чалавеку можна трохі і перадаць як пісьменніку — за пакуты яго турэмна-лагерныя, за чалавечнасць, якую адчулі многія. Родная хата і роднае месца апошняга супакаення пад урачыстай засенню спрадвечных дрэў. Адрамантаванай, пафарбаванай хаце нязвычна быць у вясковым бязлюддзі нібы таксама музеем, а помнік, гранітная стэла з прафесійным барэльефам, сярод старых, нават замшэлых, і навейшых, стандартна танных помнікаў па радні і суседзях не выбіваецца нясціпласцю. «Добры быў чалавек, такому не шкада», — скажу за Алесевых землякоў. І не думаю, што памылюся.