Выбрать главу
* * *

Папрасілі выступіць у тэлеперадачы, што рыхтуецца да 70-годдзя Веры Палтаран[18]. Спачатку падумаў: а што я магу сказаць больш пасля таго, што напісаў дзесяць гадоў таму назад? Перачытаў колішняе, і ясней не стала… А пасля падумалася пра той «дэфіцыт», які ў наш час найгалоўнейшы, — недахоп, удушлівы недахоп прыязнасці, дабрыні, узаемаразумення… Дарэчы, і гэта ўжо стала пашлець у моду, і пра гэты недахоп ужо замнога крычаць, стараюцца адзін аднаго апярэдзіць у крыку… А іншыя сціпла маўчаць, нясуць тую святую службу чалавечнасці, якая была для іх заўсёды непрыкметна галоўным. Пра адну з такіх я і сказаў сваё юбілейнае слова.

…Верачка. Якою яна была неўзабаве ў рытуальнай зале крэматорыя. Не «страшная» ад бязмежных пакутаў, а дзіўна, ледзь не хораша спакойная. У дарозе яе крыху раскалыхала ў труне, галава ад гэтага трохі збочылася, легла свабадней. Пасля прамоў і развітання паволі пад ціхую музыку яна — з мноствам кветак — паехала, апусцілася ўніз, у нашу светлую, сумную памяць.

Згадалася, як два… так, ужо два гады таму назад мы наведалі яе ў трагічных Бараўлянах з Міхасём Стральцовым. Дзве блізкія і мне душы. А яго ж — пад музыку жаль удвая — таксама ўжо год і восем месяцаў няма…

Тэлеперадачы пра сябе яна ўжо не бачыла, была ў непрытомнасці.

Яшчэ адзін з бліжэйшых пазваніў мне пасля пахавання, што перадача наша і для яго прагучала як рэквіем…

* * *

Сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў ЦК КПБ з пісьмом, больш за дзесяць старонак машынапісу, пра непаладкі з нацыянальным пытаннем у працы дзяржаўнага выдавецтва. Пісаў тое пісьмо ў асноўным Іван Мележ, я збольшага дапамагаў, падпісалі ўсім сакратарыятам, плюс сакратар партыйнай арганізацыі.

Сем чалавек, і немаладых, і нібы вопытных, а пралічыліся ў адным. Кнігі на расейскай мове, выдаваць якія абавязвала Масква, з'ядалі львіную долю нашай паперы. І трэба ж было, каб на той час сярод такіх кніг была і «Молодая гвардия», якую мы ў пераліку назвалі. І таварыш Машэраў знайшоў у гэтым выхад з пікантнай сітуацыі: «Да как они смели?!» Нават як быццам назваў тую кнігу «нашим Евангелием», на якое мы «посягнули»…

На гэтым справа і закончылася.

Гэта было ў пачатку шэсцьдзесят восьмага года. Праз два гады пасля вялікай гутаркі ў ЦК па нацыянальным пытанні. Вялікай гутаркі — з дзесяці гадзін раніцы да васьмі вечара, «чтобы не отвлекаться на обед» — з перакускай на месцы, у цэкоўскім буфеце. З аднаго боку наш прэзідыум, з другога — члены бюро і ўрада. Гаварылася многа, адкрыта. Намі, вядома. Я і сам, якраз вярнуўшыся з пахавання брата, гаварыў на ўсю душу. А ўсё абышлося касметыкай, абяцаннямі, і яшчэ раз ясна стала, што пытанне вырашаецца не ў рэспубліцы… Хоць новы сакратар па ідэалогіі, самападкрэслены беларус Пілатовіч, які толькі што замяніў вялікага маўчуна Шауру, што за паўтара года на знайшоў часу прыняць наш прэзідыум, каб пагаварыць па тым горкім нацыянальным пытанні, здаўся нам тады на штосьці добрае надзейным.

Дарэчы, гэта і спакусіла Мележа, Панчанку і мяне пайсці праз два месяцы ў пісьменніцкі сакратарыят — таксама з надзеяй…

* * *

Зноў жа ў пачатку шэсцьдзесят восьмага, выступаючы на нарадзе ў ЦК, я гаварыў і пра тое, што дырэктар і загадчык літаратурнай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» — адзінага тады, што выдавала мастацкую літаратуру, — наладзілі, нібы па прыкладзе яжоўскіх «троек», вырашальна безапеляцыйныя «пяцёркі».

Спрэчны рукапіс абмяркоўваўся такім складам: дырэктар, галоўны рэдактар, загадчык літаратурнай рэдакцыі, сакратар партыйнай арганізацыі, хоць сабе і адстаўнік-маёр з нейкай гаспадарчай пасады, і, нарэшце, рэдактар рукапісу, найменшы ў «пяцёрцы». Ён жа потым перадаваў аўтару вырашэнне ягонага лёсу.

Так было, напрыклад, са мною, з «Птушкамі і гнёздамі». Пратакол у мяне захаваўся. Вядома ж, крытычна-адмоўны. І вынесены мне рэдактарам на калідор. Алесь Адамовіч казаў тады, што калі б у яго было сваё выдавецтва, ён выдаў бы маю кнігу з тым пратаколам у канцы. Факт усё-такі гістарычны.

На той цэкоўскай нарадзе гаварыў я і пра Якава Герцовіча[19], галоўнага «бракера», ацэншчыка Быкава, Караткевіча і іншых ненадзейных, прыдворнага крытыка і рэцэнзента, «явно и тайно образующе». Назваў яго нават літаратурным рабінам.

вернуться

18

Палтаран Вера Сямёнаўна (1919–1989) — беларускі празаік, нарысіст.

вернуться

19

Герцовіч Якаў Бенцыянавіч (1910–1976) — беларускі крытык.