Пішучы «лягчэй за іншых», я падумаў: а ці такім ужо і лягчэйшым было для іх, пачаўшы з Анатоля Багдановіча, тое выгнанне, тая адчужанасць?..
Многае трэба ўбачыць, уведаць, адчуць.
Славак Дамінік Татарка. Па-польску.
Тры ўзоры сапраўднай прозы, асабліва апавяданне «Пеўнік у агоніі», сведчаць пра значнасць гэтага, як ён кажа сам пра сябе, «карпацкага пастуха, які абагаўляе ўсё, што праўдзівае», пра яшчэ адно для мяне радаснае адкрыццё.
А яшчэ прыемна было, на прыкладзе гэтага славака, думаць, як гэта важна — клопат пра родную мову.
І блізка нам тое, што ён гаворыць французу Наэлю:
«Гэта страшна — спісванне ў страты малых народаў. Для каго ён небяспечны, такі малы народ, у якога свая культура, свае традыцыі і імкненні? Вы ведаеце, гэта сапраўды драматычна».
«Байкал» Валянціна Распуціна. Учора пачаў, толькі што кончыў. Увесь час адчуваючы розніцу паміж расейскім і «расейскамоўным». І не «расавасць» тут, як крычаць з-за мяжы і дома іхнія падпявалы, а законная арганічнасць. Яна адчуваецца, калі гаварыць пра расейцаў, апроч Распуціна, у Казакова, Бялова, Астаф'ева…
…Па тэлевізары — Нагібін пра Апалона Грыгор'ева. Паслухаў з павагай да эрудыцыі і адданасці справе, што мне даўно імпануе ў Нагібіна, і з зайздрасцю да такой багатай літаратуры.
І паралельна такая думка ішла: гэта ж не выхад — перакантоўвацца ў тую, гатовенькую літаратуру, як гэта робяць некаторыя нашы «расейскамоўнікі», спадзеючыся, што ад гэтага і яны будуць значна большымі самі.
Чытаю «Вороненка» Юры Тууліка, падарунак з аўтографам. Зноў прыемнае адкрыццё, зноў сапраўднае слова. І яшчэ што хораша раскрываецца: раней чым па-расейску, гэтая кніга выдадзена ў яго па-фінску. Навошта гігантаманія (ці як тут сказаць ясней?), калі ёсць і такія слаўныя народы, як эстонцы і фіны, такія землі, як Суомі і (Юравы словы) «маленькая Эстония», калі ёсць законнае шчасце быць самім сабою?..
Як жа гэтага не хапае нам, беларусам!..
Салжаніцын, «Бодался теленок с дубом». З цікавасцю чытаў і з пэўным здзіўленнем: якія справы адбываліся ў наш час, колькі мужнасці, працавітасці праяўлялася іншымі, пакуль мы не «дацягвалі» на сваім месцы!.. І, разам з тым, думалася і пра тое, што не трэба было яму, няхай сабе і Салжаніцыну, беручы яго ў сённяшнім сусветным вымярэнні, узвышацца над Твардоўскім, які — таксама ж з'ява, значна непаўторная.
«Нехта напіша: увайшоў чалавек, і не верыцца, а Гогаль напіша: увайшоў чорт — і верым».
У разумнага, народна вясёлага балгарына Ердана Радзічкава, у кнізе «Успаміны пра коней», бедны дзядзька, чыча па-іхняму, уцякае ад лесніка. Ужо няма куды дзецца, а тут над полем стаіць раскошная вясёлка. І ён пабег па ёй, як па гарбатым мосце над ракою, цераз якую лесніку не пераправіцца. І ўсё было б як найлепш, аднак з рукі, з вясёлкі ўпала сякера… Ах, сякера — як і яе набыць у бядоце няпроста!.. А ляснік задаволены, яму большага і не трэба, падняў і пайшоў у свой лес.
І я, чытач, задаволены — напісана хораша і праўдзіва.
«Дзённік» братоў Ганкураў. Куплены ў палавіне шасцідзесятых, гэты мажны двухтомнік, выбранае з 22-х тамоў французскага выдання (!), я пачынаў ужо чытаць неўзабаве пасля набыцця і, здаецца, яшчэ раз пазней, але тады «не пайшло». Цяпер, калі згадаць тое, што мне Лакшын пісаў пра «Поиски слова», я пачаў «выклёўваць» у Ганкураў сваё, бліжэйшае. Смерць Жуля, апісаная Эдмонам, вярнула мяне з канца першага тома да яго пачатку, і пайшло «выклёўванне», з алоўкам на палях. З аднаго боку — духоўнае, агульна-людскае, з другога — пра пісьменнікаў, якіх у пэўнай меры ведаю і я, а яшчэ і сцэны сустрэчаў, цудоўныя навелы, асветленыя высакародствам, як смерць іхняй старой служанкі… Абмінецца ўвагай пры такім выбарачным чытанні і штосьці, напэўна ж, важнае, але і ўсё падрад чытаць я цяпер не магу.