Зрэшты, і не бачачы ўласнымі вачыма, не так ужо цяжка ўявіць шматтысячную, а то і шматмільённую армію жыхароў Зямлі, закаханых у творчасць Чэхава — кожны па-свойму.
Дык маю ж права на гэта і я?
Не, не тое пытанне — так яно не толькі не гучала, але і не ўзнікала ў душы. Я любіў і люблю яго, не пытаючы ні права, ні дазволу. Без рэўнасці да іншых, хто яго любіць таксама. І гэта — самая чыстая, самая высокая, самая няздрадная любоў, часціна той магутнай сілы, што яднае людзей добрай волі.
Мой Чэхаў.
Маю права сказаць так, не баючыся найбольш з'едлівага скептыка. Мой — у тым сэнсе, што і я знайшоў сцяжынку да гэтай крыніцы адзін, самастойна, што ад маёй юначай закаханасці з першага позірку, ад самотнага захаплення яго першымі старонкамі — адтуль для мяне пачалося і сталае, мудрае — наш.
А раней было — мой.
Раскажу пра майго.
Не пажоўкла ад часу адна з першых старонак гісторыі мае дружбы з кнігай. Успамінаў яе днямі, гаворачы з дачкою-школьніцай, з непакоем — ці не зарана? — даючы ёй Дастаеўскага… Цяпер успомніў тую старонку яшчэ раз, ужо апошні раз перад тым, як замацаваць і гэты неадчэпны ўспамін на паперы.
Калі мне было пятнаццаць, увосені трыццаць другога года, пралез я даволі шчасліва ў адну бібліятэку. У мястэчку Турэц на Наваградчыне, дзе я год перад гэтым скончыў польскую сямігодку. Бібліятэка з пераважнай большасцю кніг на яўрэйскай мове. Плаціць за карыстанне кнігамі трэба было нямала. І заклад быў таксама вялікі. Аднак маці дазволіла мне гэтую раскошу — і не таму, што я быў меншы ў хаце і найбольш слухмяны, а з любасці яшчэ і да кніг, якія я часта чытаў ёй уголас. Словам, восень тую пражыў я шчасліва, аддаючы кожнай кнізе, звыш грашовай даніны, яшчэ і восем гразкіх або падмарожаных кіламетраў — чатыры туды і чатыры дахаты. Часта і многа — апавяданне ці пару раздзелаў рамана — прачытваў прыхваткам у дарозе…
Як жа не ўспомніш такое, калі цяпер дзяўчынка зойдзе ў твой кабінет, паглядзіць на паліцы з сотнямі жывых імён на любай стракатасці пераплётаў і скажа з наіўна-пацешным сумам чатырнаццацігадовай асобы: «Эх, пачытаць няма чаго!..»
У той бібліятэцы былі: Горкі — раннія апавяданні і вершы, «Маці» без першых і апошніх старонак, чацвёртая частка «Жыцця Мацвея Кажамякіна»; «Сон Макара», «Сакалінец», «Лес шуміць» і сёе-тое яшчэ Караленкі; «Белыя ночы», «Нетачка Нязванава», «Сяло Сцяпанчыкава» Дастаеўскага; паасобныя апавяданні Скітальца, Касаткіна, Маміна-Сібірака; быў другі том «Анны Карэнінай»; былі ўспаміны жонкі «славутага» Захер-Мазоха і іншыя не менш пікантныя кнігі, якія і я цяпер не дазволіў бы чытаць падлетку, аднак якія не зрабілі мне, здаецца, шкоды, бо я на ўсю душу зачараваны быў велічнай музыкай класікі.
Гэта не былі, безумоўна, мае першыя расейскія кнігі. Калі мы ўлетку дваццаць другога года вярталіся ў бацькава Загора з Адэсы (бацька там трыццаць год працаваў на чыгунцы), у нашым няхітрым багажы сямейным скарбам з савецкага горада ў глухую заходнебеларускую вёску ехалі ўслед за трыма хлапчукамі Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі, Крылоў і яшчэ некалькі кніг, якімі азначаны выток мае жыццядайнай сыноўняй любві да вялікай расейскай літаратуры.
Бывалыя і пакалечаныя томікі з той местачковай бібліятэкі ўспамінаю са шчырай удзячнасцю. Не ў крыўдзе я, вядома, і на гаспадароў гэтай прыватнай асветніцкай установы — за тую дзелавітасць, з якой яны дралі з мяне матчыны залатоўкі, і за Талстога, і за Мазохаву жонку аднолькава.
У дні вайны ад рук фашыстаў загінулі ў нашым мястэчку ўсе адзінапляменнікі вясёлага мудраца Шолам-Алейхема, сярод якіх былі не толькі мае добрыя знаёмыя, але і сябры маленства. І няма ў каго сёння спытацца, каб удакладніць: тыя два-тры дзесяткі і выпадковых, і характэрных па тэматыцы кніг — ці не маюць яны дачынення да бібліятэкі, якая на пачатку стагоддзя была заснавана ў недалёкім старадаўнім гарадку Міры самім Горкім?..
Не, гэта не легенда. Яшчэ жывуць прадстаўнікі той мірскай інтэлігенцыі, перадавая група якой пісала ў свой час Аляксею Максімавічу з просьбай дапамагчы ў арганізацыі бібліятэкі, на што ён адгукнуўся пісьмом і пасылкамі кніг.
І пісьмо тое, і бібліятэка не захаваліся. А мне чамусьці здаецца, мне прыемна думаць, што іменна з той, з мірскай, з «горкаўскай» бібліятэкі маглі быць і былі тыя кнігі расейскай класікі, з якімі я так своечасова, так удзячна сустрэўся на парозе сталасці.
Чаму я ўспомніў пра ўсё гэта?
Таму, што там, у той бібліятэцы без шыльды, у тым местачковым доміку з крывым, дзіравым ганкам быў сярод іншых кніг і томік Чэхава.